Максім Беразінскі: Я б не рабіў стаўкі на тое, што Беларусь на Алімпіядзе будзе выступаць пад чырвона-зялёным сцягам


Напрыканцы бягучага года падсумоўваем спартовыя падзеі з Максімам Беразінскім, кіраўніком праектаў «Трыбуны» ў Беларусі ды ва Украіне.

Фота: Максим Березинский / Facebook

– У гэтым годзе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі адзначыў сваё 30-годдзе. Калі ў яго прыйшлі ідэалогія і палітыка? Ці можна параўноўваць той світанак алімпійскага руху ў Беларусі і цяперашнія рэаліі?

– Тады было ўсё бяднейшае, відавочна. Калі ўзгадваць першыя выступы Святланы Парамыгінай ці Ігара Жалязоўскага, то там не было зразумела, у чым ехаць, з якім інвентаром. Прызавыя выдавалі проста кэшам, бо няясна было, як гэтыя грошы пералічыць. Тады вырашаліся праблемы зусім іншага парадку: проста даехаць, выступіць, калі ўдасца – пазмагацца за медаль… Таму цяжка параўноўваць той перыяд з цяперашнім.

Але, я думаю, перамены адбыліся ўжо тады, калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам НАК. Гэта час, калі была зробленая стаўка на тое, што спорт будзе часткаю палітыкі, часткаю прапаганды. І кіраўнік увесь час стараўся выбудоўваць вакол спорту такую нейкую паказушную цноту, якая мелася яго хоць неяк апраўдваць у вачах людзей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Але мы бачым іншае. Ад таго і рэпрэсіі працягваюцца. Тая ж Саша Раманоўская не можа быць упэўненая, што паедзе на Алімпіяду, Мікалая Казеку ўвогуле адсунулі ад справаў… Усё гэта ставіць пытанні наконт таго, ці вярнуліся мы ў нармальнае жыццё. Мне відавочна, што не вярнуліся. Ды і ўвогуле: калі адной рукой святкуецца 30-годдзе НАК з усмешкамі і звонам бакалаў, калі спартоўкі на высокіх абцасах і спартоўцы ў джэнтльменскіх смокінгах слухаюць прамову Віці Лукашэнкі, а ў той жа вечар квітнее вар’яцтва, затрымліваюць людзей, якія недзе там нешта напісалі ў сацсетках – то гэта не краіна для спорту і, як вынік, не краіна для жыцця. І да Алімпіяды, відавочна, нічога не нармалізуецца, нічога не зменіцца, і мы будзем жыць у гэткай вар’яцкай рэчаіснасці, калі ты думаеш, што горш ужо няма куды, а ім удаецца апусціць яшчэ ніжэй узровень.

Інтэрв’ю
«Калі б у Менску прайшоў чэмпіянат свету па хакеі, то не было б санкцыяў». Аляксандр Апейкін – пра вынікі 2021 года
2021.12.26 11:41

– А чаму такая павольная рэакцыя Міжнароднага алімпійскага камітэту на ўсё гэта?

– Думаю, МАК не жадае прэцэдэнту. Магчыма, што падобны беларускаму кейсу трэба будзе яшчэ калісьці разглядаць. І яны стараюцца дзейнічаць так, каб потым іх не завалілі падобнымі просьбамі. Таму з нашага боку па-ранейшаму актуальным застаецца абавязак настойваць на тым, што гэта асаблівая сітуацыя, што мы жывем у краіне, дзе не проста хтосьці не згодны з чыімсьці меркаваннем. А мы жывем у паўнацэнным канцлагеры, дзе людзям проста не даюць жыць. І нам важна гэтую сітуацыю і паказаць, і распавесці. Бо ў Еўропе, хоць і з’яўляюцца гісторыі з сучаснай Беларусі на першых палосах, усё роўна не да канца ацэньваюць тую ступень бязглуздасці, што робіцца, не разумеюць таго жаху, які перажываюць беларусы. Таму нам трэба яшчэ больш працаваць, яшчэ больш тлумачыць і даказваць тое, што мы сапраўды жывем у нерэальным свеце.

– У такім выпадку ці можа нешта змяніцца да Гульняў у Пекіне?

– Вядома. Сітуацыя развіваецца. І не ў найлепшы бок. Улетку Беларусь яшчэ не была пад санкцыямі ЗША, цяпер яны ў дзеянні. Уціск спартоўцаў працягваецца. Сітуацыя не супакоілася, яна набірае абароты. Могуць быць чарговыя самастрэлы з беларускага боку. І я б не рабіў стаўкі на тое, што Беларусь будзе выступаць пад чырвона-зялёным сцягам. За гэтыя паўтара месяца можа што заўгодна змяніцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзяніс Касцючэнка / Reuters / Forum

– Пасля сітуацыі з Базанавым, як вы думаеце, ці будуць баяцца выязджаць кудысьці беларускія чыноўнікі ад спорту?

– Ну, я думаю, што для Кавальчука (Сяргей Кавальчук, міністр спорту і турызму. – Заўв. belsat.eu) і Віктара Лукашэнкі на Алімпіяду шлях забанены. Магчыма, будзе асабістае запрашэнне Лукашэнку-старэйшаму з боку Сі Цзінь Піна. Хаця пытанне да МАК, як ён будзе ацэньваць статус кіраўніка. Што датычыцца Базанава, то мы бачым, як Вугоршчына апраўдваецца за тое, што дала візу неўязной у Еўразвяз асобе, мы бачым, як Чэхія жорстка адрэагавала. Відавочна, што падобныя паездкі небяспечныя для іх.

Hавiны
«Не месца ў цывілізаваным свеце». Дэпартацыя Базанава як новыя рэаліі беларускага спорту і чынавенства
2021.12.01 19:48

– А чаму выключанае з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу Беларускае тэлебачанне працягвае трансляваць і футбольныя Еўракубкі і этапы Кубка свету па біятлоне?

– Футбол да Еўрапейскага трансляцыйнага звязу не мае аніякіх адносінаў, ён прадаецца праз іншых праваўладальнікаў, і тут складана шукаць нейкую падаплёку. Што датычыць трансляцыяў біятлону, якія ЕТЗ акурат належыць, то кантракт быў падпісаны загадзя, і ён працягвае дзейнічаць. Але гэтыя кантракты – дапрацоўваюцца. Тут няма вялікага сюрпрызу.

Відавочна, што сітуацыя будзе ўскладняцца з кожным разам, і мы бачым, што ўсё больш еўрапейскіх рэкламадаўцаў адмаўляюцца размяшчаць рэкламу на Беларускім тэлебачанні. А значыць, у БТ будзе яшчэ менш грошай. І гэтае пытанне рана ці позна стане рубам. Але мы мусім разумець, што паказ спорту акурат менш за ўсё ўплывае на змену рэжыму ці яшчэ на што. І нас гэта не надта наблізіць да фінальнага выніку. Іншае пытанне – супраца з тэлебачаннем, якое паказвае катаванні, і гэта праўда. Тут трэба разбірацца неадкладна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: MURAD SEZER / Reuters / Forum

– А ці зразумелі вы за амаль паўтара года, за што BY.TRIBUNA.COM заблакавалі ў Беларусі акурат у дзень выбараў? І што змянілася за гэты час?

– Не, мы так і не змаглі дамагчыся ад Міністэрства інфармацыі тлумачэння, за што нас заблакавалі. Увесь час дасылалі нам нейкія адпіскі. У выніку праз год паведамілі: дык вы ж экстрэмісцкі сайт, таму вас і заблакавалі. Чаму гэта здарылася – зразумела, бо мы заўсёды былі косткаю ў горле для спартовых чыноўнікаў. Нас не аднойчы запрашалі і выклікалі на размовы і з прадстаўнікамі Міністэрства інфармацыі, і з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, і нават з тымі, хто мае доступ у лукашэнкаўскую хакейную апранальню. Перыядычна нам давалі зразумець, што мы пішам не толькі пра спорт, што лепей сканцэнтравацца на галах, пунктах, секундах. І там, маўляў, большая прастора для дзейнасці. Але мы заўсёды жорстка крытыкавалі тое, што лічылі няправільным у структуры беларускага спорту, мы імкнуліся разабрацца, чаму ў тых, хто ўваходзіць у апранальню Лукашэнкі, больш правоў, чым у іншых.

Мы не парушалі ніякага закону. Мы давалі магчымасць выказацца і аднаму боку, і іншаму. Я ніколі не пагаджуся, што ў нас было штосьці такое, што ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку. Здаецца, што пагрозу нацыянальнай бяспецы ствараюць тыя, хто ўрываецца ў кватэры, ломячы замкі і руйнуючы дзверы, запужвае людзей: вось гэта небяспечна, вось гэта страшна. Відавочна, што ім вельмі хацелася даць нам па руках, і як з’явілася такая магчымасць, адпомсціць, – ёй вельмі хутка скарысталіся. Гэта проста паніка з іх боку была. І яны са стану гэтага афекту не могуць выбрацца дагэтуль, працягваючы руйнаваць усё да выпаленага поля. І пры гэтым выгукаюць, што галоўнае не згубіць краіны. Але ў той жа час самі дабіваюць тыя інстытуты, якія хоць неяк, але працавалі. Гэтага нічога не застаецца.

Крутыя землякі
Беларускі баксёр худнее на 50 кг, каб вярнуцца ў спорт
2021.10.06 19:08

Нягледзячы на тое, што нас у другой палове дня 9 жніўня 2020 года заблакавалі, рэкламадаўцы працягвалі з намі супрацоўнічаць. І тады гэта дзеяла. Але пасля таго, як праз год нас прызналі экстрэмістамі, нашыя партнёры вымушаныя былі сысці, бо гэта зрабілася небяспечным ужо для іх. Давялося перагледзець мадэль рэкламную, мы на ёй зараблялі і самі сябе забяспечвалі, а некалькі апошніх гадоў былі рэнтабельнымі. Цяпер вымушаныя шукаць падтрымання ў арганізацыяў, якія дапамагаюць рэпрэсаваным медыям з Беларусі. Не скажу, што без намаганняў, але нам гэта ўдаецца. І мы маем добрыя лічбы паводле колькасці аўдыторыі. Зразумела, што пасля блакавання яна стала меншай. Але мы знаходзім каналы, як даносіць інфармацыю, у нас ёсць мабільная праграма, у нас ёсць сацыяльныя сеткі, якім мы заўсёды надавалі дастаткова вялікую ўвагу. І цяпер проста пераносім частку вагі з нашага сайту на групы ў Telegram, Facebook, Twitter. Усцяж удаецца быць прыцягальнымі для аўдыторыі, якая цікавіцца спортам і тым, як спорт звязаны з той сітуацыяй, што пануе ў краіне. Таму мы будзем заставацца ў медыйным полі, у нас ёсць планы развіцця на 2022 год, і мы спадзяемся, што больш не станем губляць аўдыторыю, а па магчымасці толькі нарошчваць яе. Напрыклад, праз YouTube, дзе ў нас ужо ёсць некалькі каналаў. І плануем запускаць іншыя.

– А ці паменшыўся ваш штат? Як афіцыйна паведамлялася, пасля затрымання і арышту ў вас не працуюць Андрэй Маслоўскі ды Дзмітрый Руто. Значыць, скарачаецца чалавечы рэсурс?

– Зразумела, апошнім часам ёсць «цякучка», мы шукаем хлопцаў і дзяўчат, якія цікавяцца спортам з ліку тых, хто выехаў. Ёсць сярод іх гатовыя разглядаць варыянт працягу кар’еры ў журналістыцы. Але агулам ёсць і дастаткова бяспечны варыянт працы з Беларусі. Хаця зразумела, што калі ты жывеш у Беларусі – ты ўжо ў небяспецы! Тым не меней, вонкавыя праявы для гэтых людзей мы выключаем. Іх немагчыма вылічыць. Хіба што да таго моманту, як да іх прыйдуць, адкрыюць камп’ютары і ўбачыць усё самі. Сумнавата, што ў гэтым снежні адразу некалькі хлопцаў нас пакінула. І гэта сталася крыху стрэсавай сітуацыяй, бо мы імкнемся гэты працэс лепей рэгуляваць, каб не было форс-мажораў. Хаця відавочна, што з улікам сітуацыі ў краіне гэтыя форс-мажоры будуць. Таму падыходзім да гэтага па-філасофску, шукаем выйсце. І, карыстаючыся выпадкам, запрашаю тых, хто хацеў бы паспрабаваць сябе ў спартовай журналістыцы. Пішыце нам на пошту (), будзем ахвотна мець з вамі стасункі, дзяліцца досведам, каб чамусьці карыснаму навучыць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

– А чаму «Прессбол» удалося пераабуць, а вас – не адужалі?

– Так «Прессбол» дастаткова доўга ішоў па коўзкім шляху, калі яшчэ падчас жыцця незалежнай газеты яны частку сваіх акцыяў прадалі Беларускай федэрацыі футболу. І ў той час, калі Румас быў на чале Асацыяцыі БФФ гэта дазваляла нейкую адносную свабоду мець. Хаця што да крытыкі Федэрацыі, ужо тады было ўсё складана. І былі канфлікты. Для нас было відавочна, што гэта сцежка ў адзін канец. Надыход горкага фінішу быў пытаннем часу. І гэты час настаў даволі хутка. Праверкі гэта ўсё не вытрымала, разбурылася і пераўтварылася ў газету «Всё о футболе» або ў «Спортивную панораму» найгоршага ўзору. І з цэнзураю, і з галоўным рэдактарам, які слаба ўяўляе, што трэба рабіць, каб былі нейкія тыражы і прагляды. А пасля таго, як да кіраўніцтва АБФФ прыйшлі гэтыя алавяныя салдацікі, абсалютна відавочна стала, што аніякай свабоды не будзе. Па сутнасці, газета сама сабе падпісала прыгавор усімі гэтымі дзеяннямі, якія былі да 2020 года. Там не заставалася аніякай магчымасці лавіраваць, поле для манеўру было вельмі вузкае. І ўзяўшы шаблю, вось гэтыя людзі з Федэрацыі пасеклі ўсе парасткі волі, якія былі. Там апусціліся да таго, што ўжо ставяць і выдаляюць інфармацыю пра тое, што нейкі трэнер пакрытыкаваў працу суддзяў. Гэта ўжо відавочнае дно. І вельмі шкада, што газета, якая была сімвалам вольнай прэсы 90-х – пачатку 2000-х, у якой былі вялізныя тыражы, якую параўноўвалі з украінскім выданнем «Каманда» або расейскім «Спорт-экспрессом», пераўтварылася ў абслугу недалёкіх людзей.

– Чаго чакаеце ад 2022 года?

– Нічога незвычайнага не распавяду. Год будзе больш складаны, чым папярэдні. Але ў нас відавочна ёсць светлая мэта, і час, у любым выпадку, грае на нас, а таму мы свайго даможамся. Нашая задача – паскараць працэсы вызвалення. Мы ведаем, што ў Польшчы гэта заняло шмат часу. У нас гэта будзе доўжыцца значна больш кароткі перыяд, бо цяпер інфармацыя значна хутчэй распаўсюджваецца.

Задача кожнага са свайго боку працягнуць у 2022 годзе барацьбу са злом, хаця б гаворачы гучнае «Не!» таму, што ад цябе патрабуюць здаваць нейкія грошы ці прысутнічаць на нейкіх мерапрыемствах. Гутарка ж не пра тое, каб змагацца за высокія ідэалы дэмакратыі, давайце проста змагацца за свае правы.

Крумкачы, спортивная солидарность
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Света Фар / Белсат

Калі звальняюць вашага калегу, з якім вы прапрацавалі за адным сталом 20 гадоў, то, напэўна, ёсць сэнс супраціўляцца гэтаму, абурыцца, узняцца і ўсім аддзелам напісаць заяву на звальненне. Вы спадзеяцеся, што вас гэта не кране? Але ж глядзіце, што пачынаецца другая хваля хапуноў, трэцяя, чацвёртая, прыходзяць за ўсё новымі людзьмі. Дабяруцца да ўсіх. Бо адэкватныя людзі пад пагрозай. Гэта бясконцы працэс, і рэпрэсіі скончацца толькі тады, калі хунта пачне саджаць сваіх. Тут не павінна быць аніякіх ілюзіяй. Мы загартоўваем сябе, і няма абсалютна аніякага нявер’я ў тое, што не дамо рады перамагчы. Мы абсалютна дакладна пройдзем гэты шлях да канца і вып’ем шампанскае на вуліцах Менску. Тут не можа быць аніякіх двух меркаванняў.

Hавiны
«Галоўнае цяпер – чысціня кадраў». Дзяржслужачыя пра працу «да канца» і рост заробкаў
2021.12.28 11:51

АП belsat.eu

Стужка навінаў