«Галоўнае цяпер – чысціня кадраў». Дзяржслужачыя пра працу «да канца» і рост заробкаў


«Белсат» пагутарыў з былымі і дзейнымі дзяржаўнымі служачымі пра працу і чаканні кадравых чыстак напярэдадні Новага году.

Аляксандр Лукашэнка адкрыта заявіў, што для дзяржаўнай сістэмы галоўнае цяпер – чысціня кадраў, і даручыў да новага года зачысціць усіх нелаяльных. Суразмоўцы сведчаць, што ў шмат якіх міністэрствах і ведамствах звальняюць тых, хто паставіў подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнта. Лукашэнка і сам актыўна мяняе кіраўнікоў, якія, на думку нашых суразмоўцаў, хай яго і падтрымалі, але зрабілі гэта недастаткова актыўна ды заўзята.

Калі міністрам культуры быў Юры Бондар, пратэсты падтрымалі многія дзеячы гэтай галіны і разгарэўся скандал з Купалаўскім тэатрам. Цяпер Міністэрства культуры ўзначальвае Анатоль Маркевіч. Былая начальніца ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская адзначае, што новы міністр увасабленне ўлады.

Аналітыка
«Пік звальненняў іншадумцаў яшчэ наперадзе». Што адбываецца сёння ў беларускай культуры?
2021.12.22 10:51

Крыху больш за месяц я прапрацавала з новым міністрам культуры Анатолем Маркевічам. Нягледзячы на непрацяглы час працы, ён запомніўся нарадамі. Яны доўжыліся ад 8 да 12 гадзінаў. Гэта былі нарады ў розных пытаннях, якія перацякалі ў рэчышча палітыкі ды ідэалогіі. Ён казаў пра безумоўную правільнасць курсу дзяржавы. Для мяне ён увасабленне гэтай улады, гэтага рэжыму. Ён прыйшоў з відавочнаю мэтаю пачысціць шэрагі.

Папярэдні міністр Юрый Бондар паводле мерак сістэмы лаяльна працаваў, не дастаткова жорстка рэагаваў на сітуацыі, на людзей, якія выказвалі сваё меркаванне. Ён пра ўсё ведаў, але без жорсткага ўказання зверху ніякіх дзеянняў самастойна не прымаў. Пры ім былі, вядома, звальненні. Да прыкладу, Купалаўскі тэатр сышоў, але гэта была сітуацыя, калі ў яго ўжо не было выбару. У жніўні ён сабраў нараду, казаў, што прыйшоў час, калі кожнаму давядзецца выбіраць, белым і пухнатым для абодвух бакоў нікому не ўдасца заставацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былы міністр культуры Беларусі Юры Бондар пад Купалаўскім тэатрам.
Фота: Белсат

– Пасля выбараў як шмат людзей звольнілася з Міністэрства культуры?

З дзесяць. Я была першаю пташкаю. Пасля прыходу новага міністра, праз два тыдні, ён мяне выклікаў у кабінет, і было зразумела, да чаго ўсё ідзе. Сказаў, што ведае пра маё стаўленне або неадпаведнасць дзяржаўнай ідэалогіі. Гэта быў для мяне дзень вялікай палёгкі. Пасля мяне шмат людзей сышло з міністэрства. Але тут рэч была не толькі ў нейкіх поглядах, з новым міністрам далёка не ўсе маглі працаваць. Няшмат хто дазваляў, каб на іх павышалі голас, абражалі. У людзей трэсліся рукі.

– А цяпер зачысткі працягваюцца?

Дакладна ведаю, што ў дзяржаўных установах зачысткі працягваюцца. З усяго міністэрства ведаю толькі адну калегу, якая па шчырай любові да ўлады бегла на праўладныя імпрэзы. Я не разумею прычынаў ейнай любові. Але для мяне яна значна больш сумленная, чым тыя, хто быў гатовы любіць каго заўгодна. А цяпер у такім стане… Проста чакаюць. Тое, што цяпер хтосьці праяўляе гэтую любоў, гэта, хутчэй, спосаб выжыць, прыстасавацца.

У жніўні была разгубленасць і цішыня. Два тыдні ўсе пазбягалі размоваў. Памятаю першы буйны праўладны мітынг, куды Лукашэнка збіраў сваіх прыхільнікаў. Яго сталі збіраць у апошні момант у тэрміновым парадку. Мне тэлефанавалі калегі і цікавіліся, ці пайду я, пыталіся, што ім казаць. Было відаць нежаданне людзей. Яны цяпер працуюць у міністэрстве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэст пад Купалаўскім тэатрам.
Фота: Белсат

– Павялічыўся аб’ем працы ў чыноўнікаў? Выконваюць неўласцівыя для сябе задачы?

Ведаеце, калі кажуць, што чыноўнікі гультайнічаюць, я абсалютна з гэтым не згодная. У нас заўсёды было вельмі шмат працы. А цяпер да іх дадалося куча неадпаведнай працы, адсочваюць наяўнасць або адсутнасць пратэставых праяваў у калектыве, сацыяльныя сеткі праглядаюць. Шмат такіх рэчаў, якія не работнік Міністэрства культуры павінен рабіць. Наагул ніхто не павінен рабіць. Усе разумеюць, што карабель тоне. Але хтосьці застаецца, працуе ў сістэме. Кожны знаходзіць сабе апраўданне. Кагосьці трымаюць заработныя платы, хтосьці баіцца, што не знойдзе працы. А чыноўнікаў не асабліва бяруць. Іх і ў добрыя часы не вельмі любілі.

– Як часта Лукашэнка лез у вашую сферу?

Былі менавіта дакументы-даручэнні прэзідэнта. Гэта быў страшны кантроль. Там трэба было памерці, але ўкласціся ў тэрмін. Умешвалася ў асноўным ягоная адміністрацыя, Савет Міністраў. Пратэрміноўкі, вядома, былі. І за гэта спагнанні атрымлівалі ўжо міністры.

Здымае мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Былы намеснік начальніка аддзелу ўпраўлення культуры Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан: Тыя, хто пазначаны крывёю, злачынствамі, парушэннем заканадаўства, будуць да канца, у іх іншага варыянту няма

– Палітычныя пытанні не моцна абмяркоўваліся сярод чыноўнікаў да выбараў. Сярод маіх калегаў у маім аблвыканкаме адкрыта супраць Лукашэнкі ніхто не выступіў. Беларускае грамадства да 2020 года было апалітычнае. Плюс да ўсяго, дзяржаўная служба накладае пэўны адбітак, усё ж такі ты служыш гэтай уладзе, ты выконваеш даручэнні, і людзі асацыявалі сябе з дзейнай уладай. Ім было складана выказаць нязгоду, бо доўгія гады працавалі ў гэтай сістэме. І адразу адмовіцца ад таго, чаму прысвяціў доўгія гады жыцця – многія не змаглі.

Гісторыі
Усё спакойна, але кадры ўцякаюць. Спыталі, што адбываецца на дзяржаўных прадпрыемствах
2021.08.30 18:17

Пасля выбараў усе былі ў прастрацыі. Падзеі абмяркоўвалі ў кулуарах, на курылках з тымі людзьмі, каму давяралі. У мяне было адчуванне, што Лукашэнка проста сыдзе і ўсё зменіцца. А нам, чыноўнікам, здавалася, што мы нічога дрэннага не робім, і тыя, хто чыніў злачынствы, будуць звольненыя альбо пакараныя, а ўсе астатнія будуць далей працаваць. Адна з прычынаў, чаму так не адбылося, – сілавікі яго не здрадзілі, выконвалі злачынныя загады і чыноўнікі засталіся. Калі б яго набліжаныя пачалі пераходзіць на бок народу, то ўсё магло быць інакш.

– Пры якіх умовах чыноўнікі пяройдуць на бок народу?

– Цяпер? Ні пры якіх. Найвышэйшае кіраўніцтва краіны заплямленае крывёю, злачынствамі, няма схільнасцяў да таго, што яны пяройдуць. І вертыкаль дубянее настолькі, што любое іншадумства заціскаюць на самай ранняй стадыі. Чыноўнікі павінны сыходзіць адначасова і масава, каб сістэма сур’ёзна пахіснулася. Цяпер частка чыноўнікаў проста сыходзіць са службы, яны не здраджваюць Лукашэнку, проста пакідаюць дзяржаўны сектар.

Трапіць на дзяржслужбу чалавеку нелаяльнаму, неправеранаму цяпер немагчыма, бо вывучаюць усю паднаготную спецыяліста. Сёння лаяльнасць для чыноўніка – гэта перспектывы. Незалежна ад прафесійных якасцяў, калі дзяржслужбовец адкрыта падтрымлівае ўладу, – гэта магчымасць пабудаваць імклівую карʼеру, адзначае Арцём Брухан.

– Да электарату дадаліся цынічныя хітруны, якія разумеюць, што ў канкурэнтаздольным асяроддзі яны б ніколі не змаглі заняць пасадаў, якія ім цяпер свецяць. У рэальнай канкурэнтнай барацьбе. У асноўным гэта людзі маладыя. Вы ж бачыце: суддзі, пракуроры, якія выносяць страшныя, незаконныя прысуды, – гэта маладыя людзі. Тое самае і сярод чыноўнікаў: гэта маладыя спецыялісты, якім 30–35 гадоў. Тыя, хто пазначаны крывёю, злачынствамі, парушэннем заканадаўства, будуць да канца з Лукашэнкам, у іх іншага варыянту няма. А сярэдняе чынавенства проста пачне рабіць італьянскую забастоўку.

Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот з відэа МУСа

– Што можа не задавальняць работнікаў сярэдняга звяна?

– Дурныя даручэнні, дзіўныя рашэнні, немагчымасць уплываць на гэтыя рашэнні, сляпое выкананне, якое ні да чаго добрага не вядзе. Чыноўнікі хацелі б большай самастойнасці. І да 2020 года была надзея, што сістэма зможа эвалюцыянаваць. Бюракратыі ў сістэме заўсёды шмат. Даручэнні часам ідуць уразрэз з заканадаўствам. І трэба прыдумаць, як абысці закон, які сістэма і напісала. Гэта цісне на псіхіку любога чыноўніка.

– А калі сказаць, што гэта не паводле закону?

– Можна сказаць. Кіраўніцтва новага чалавека знойдзе, які не будзе пытанняў дурныя задаваць. Ствараюць такую сітуацыю, што чалавек сам піша заяву на ўласнае жаданне альбо кажуць: пішыце, калі ласка, заяву на ўласнае жаданне, каб не даводзіць да таго, каб паводле артыкулу звальняць.

Гісторыі
«Людзі разумеюць, што іх закормліваюць за маўчанне». Як выжываюць дзяржаўныя прадпрыемствы
2021.08.31 13:38

– Цяпер кажуць, што чыноўнікі робяць італьянскую забастоўку. Гэта наагул рэальна?

– Магчыма. Калі чыноўнік захоча, то практычна любое рашэнне, любы дакумент можна сабатаваць. Напісаць ліст непісьменна, расплывіста, каб затармазіць гэты працэс, размазаць адказнасць за прыняцце рашэння. Ёсць куча інструментаў насамрэч: было б жаданне. Частка чыноўнікаў цяпер так і робіць. І я так рабіў, калі бачыў, што даручэнне абсалютна бессэнсоўнае і няма сэнсу яго выконваць. Прымаў для сябе пастанову адкласці дакумент.

Марыя, рэферэнт у МНС: Адзін раз нам павысілі заробак на 5 рублёў

Апошнім часам улады загаварылі, што неабходна аптымізаваць дзяржаўны апарат. Рыхтуецца ўжо трэцяя хваля скарачэнняў. Калі ў 2011 годзе ў Беларусі было 59 тысяч службоўцаў, то ў 2019-м засталося каля 37 тысяч. Нашая суразмоўца Марыя (імя змянілі дзеля бяспекі) кажа, што часта скарачэнні білі толькі на паперы.

Шмат каго пазбаўляюць статусу дзяржаўнага службоўца і пераводзяць у катэгорыю дапаможнага і тэхнічнага персаналу.

– Я была на дзяржаўнай службе. У нас была рэарганізацыя, тады ў нас частку людзей вывелі з дзяржаўнай службы, зрабілі проста рэферэнтамі. Цяпер і я рэферэнт. Хоць мы тую ж працу робім. Патрабаванні практычна тыя ж самыя, толькі заробак паменшаў. Нават 900 рублёў я не атрымліваю. Інспектары крыху болей атрымліваюць. Нам нельга дадаткова дзесьці падпрацоўваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

– А са жніўня 2020 года заробак змяніўся?

– Адзін раз падвысілі на 5 рублёў. Як я кажу: ужо лепш бы не смяшылі гэтым павышэннем, лепш бы і не падвышалі. Хіба можна адчуць такую прыбаўку?

Марыя кажа, што чыноўнікі ўжо стаміліся ад дзейнай улады і хочуць пераменаў. Аднак выказвацца адкрыта людзі баяцца.

– Нас усё жыццё палохалі, што гэтае нельга, тое нельга. Нас вечна ўсялякімі інструкцыямі палохаюць. Кажуць, што дзяржаўная служба мусіць быць прыкладам для ўсіх, мы мусім усюды правільна паводзіцца. Ніякіх абмеркаванняў нідзе быць не павінна. І, натуральна, ні пра каго дрэнна выказвацца нельга. Можна сказаць, нас усе 27 гадоў так выхоўвалі, нас прымушалі рабіць. І людзі ўжо да гэтага прывыклі. На працы могуць сказаць: ну вы ж разумееце, як трэба сказаць, як трэба зрабіць.

Нам не спадабалася, калі прымушалі падпісваць лісты за ўладу з нагоды санкцыяў. Хто не хацеў падпісваць, з тымі правялі гутарку.

– А што казала кіраўніцтва?

– Што санкцыі скіраваныя супраць народу, пацярпяць людзі, у іх зменшацца заробкі, прыбыткі, ледзь не пачнуць галадаць. Мы выдатна разумеем, супраць чаго скіраваныя санкцыі, але ўсё падавалася па-іншаму.

Канцэрт для беларускіх жанчын
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

– У калектыве ёсць людзі, якія рэальна падтрымліваюць Лукашэнку?

– Так. Я такіх няшмат сустракаю, але ёсць, хто вельмі актыўна падтрымлівае. Гэта адзінкі. Большасць можа быць нейтральная або абыякавая. Ці яны толькі робяць выгляд. Бо не ведаюць людзі, чым гэта ўсё скончыцца – і што будзе далей. Летась хадзілі на мітынгі. Прымушалі хадзіць начальнікаў. Хоцькі-няхоцькі, але хадзілі. Не пытаюцца нашага меркавання, хочам мы ці не. Трэба!

– У якім стане цяпер дзяржапарат?

– Нагрузка вельмі вялікая, людзі пакутуюць. Ёсць непатрэбныя заданні, якія нам даводзіцца выконваць, хоць не вельмі хацелася б. Але самая вялікая нагрузка ў нас ідзе на кантрольны аддзел, які займаецца праверкамі. Іхную працу таксама кантралююць зверху. Адбываецца кантроль кантролю над кантролем.

Ведаеце, што мяне заўсёды раздражняла ў нашай працы? У нас не столькі цэняцца асабістыя якасці людзей, колькі ўменне падлізацца да начальства. Разумееце? А вось людзі, якія шчырыя, адкрытыя і сумленныя, у сістэме не цэняцца зусім.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былы міністр культуры Беларусі Юры Бондар у Купалаўскім тэатры.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Так было заўсёды. Падабаецца, калі даносяць, дакладваюць, хто чым займаецца, у каго якія думкі. У нас хапае такіх людзей, якія сочаць за кожным крокам і ўсе даносяць кіраўніцтву. І гэтыя людзі даўно працуюць. Цяпер стараешся фільтраваць тое, што кажаш, але часам хочацца спецыяльна ім сказаць што-небудзь гэткае.

Арына Маліноўская belsat.eu

Стужка навінаў