Вынікі пошуку для:

«Душылі пакетам, рэзалі скуру на пятах». Анархіст «групы Аліневіча» распавёў пра катаванні пасля затрымання

На мінулым тыдні, 22 снежня, у Менскім абласным судзе агучылі прысуд у крымінальнай справе супраць анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Разановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава. Ім далі ад 18 да 20 гадоў зняволення.

Пасля прысуду сястра Дзмітрыя Дубоўскага Юлія атрымала першае за 13 месяцаў спатканне з братам, падчас якога ён распавёў, што адбывалася ў першыя дні пасля іх затрымання.

Анархісты Ігар Аліневіч, Сяргей Раманаў, Дзмітрый Рэзановіч і Дзмітрый Дубоўскі падчас суда. Фота: a_partisans / Telegram

Пасля пачутага Юлія знаходзілася ў шоку і не змагла ўсё запомніць, але вось што яна расказала тэлеграм-каналу «Право на восстание», які сочыць за навінамі па справе анархістаў:

«…Не ведаю як, але мы перайшлі на тэму іх затрымання, іх катаванняў… У той момант мяне накрыў жах ад пачутага і страх, што нас зараз спыняць і вывядуць з пакоя спаткання… Але ніхто не перапыніў…

Я памятаю ўсё сказанае, нібыта ўрыўкамі, як быццам мой мозг не даваў мне ўсё запомніць… Я магу быць не дакладная ў нейкіх дэталях… Ці рабілі гэта з нашымі хлопцамі амапаўцы ці памежнікі… Брат казаў, але я не памятаю… Катавалі іх разам ці ў асобных пакоях… У мяне ў вушах гучыць, што майго брата душылі апранаючы на ​​галаву пакет, ён неаднаразова губляў прытомнасць… Ён спрабаваў апісаць, як са звязанымі за спіной рукамі яго нібы адрывалі ад зямлі. Ён нават спрабаваў узгадаць, як называецца гэтае катаванне… Сказаў, што рукі ўсе былі апухлыя і ў крыві ад сцяжак… Некалькі дзён у СІЗА КДБ не мог рухацца з-за пашкоджаных рэбраў… Сказаў, што ў Ігара зрэзалі скуру на пятках… Пачаў расказваць пра Сяргея, што яму прыйшлося парэзаць сабе руку… Я яго спыніла. Рашэнне пачаць даваць паказанні і супрацоўнічаць са следствам прыняў Дзіма. Ён сказаў, што яму стала шкада хлопцаў і трэба было неяк спыніць гэтыя катаванні. І заявіць аб сваіх дзеяннях і стаць героямі. Ігар у гэтым рашэнні яго падтрымаў. І таму так важна для хлопцаў, што іх прызналі палітвязнямі і пра іх не забываюцца.

Дзіма сказаў, што Сяргей падаў заяву ў Вярхоўны суд аб катаваннях. І калі Сяргей быў на некаторых паседжаннях у судзе, хацеў убачыць і запомніць тых, хто іх катаваў. Не памятаю, колькі выклікалі ў суд з гэтых садыстаў, але з’явіўся толькі адзін. Са слоў брата, ён прамы тросся там. Сяргей і Дзіма яго пазналі. Дзіма з самага пачатку хацеў заявіць аб катаваннях, але адвакат сказаў, што раскажаш на судзе. Але суд зрабілі закрытым і мы ня ведаем усіх падрабязнасцяў».

«Білі, засоўвалі ў рот бутэлькі, распылялі газ». Мікола Дзядок распавёў на судзе, як яго затрымлівалі

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны