Былы кіраўнік МЗС Расеі Андрэй Козыраў: мы даўно павінны былі ўступіць у NATO


Расея павінна была даўно ўступіць у NATO, яны павінны быць нашымі партнёрамі і сябрамі, лічыць былы міністр замежных спраў Расеі Андрэй Козыраў. Супрацьстаянне Расеі з NATO «задумана толькі для таго, каб мець вонкавага ворага ў савецкім стылі», дадаў ён.

Былы міністр замежных спраў Расеі Андрэй Козыраў.
Фота: echo.msk.ru

– Мы павінны былі дэ-факта ўступіць у NATO даўно, і цяпер гэта цалкам магчыма, – сказаў Козыраў у эфіры радыё «Эхо Москвы».

На яго думку, Расея «павінна пераскочыць старую эпоху і нарэшце ўсвядоміць рэальнасць». Паводле былога кіраўніка МЗС, Расеі не пагражае ні NATO, ні нехта ў Еўропе.Козыраў лічыць, што краіны NATO павінны быць партнёрамі і сябрамі Расеі, з якімі Масква павінна інтэгравацца, «не губляючы пры гэтым нацыянальнай асаблівасці і культуры».

– А знаходзіцца ў канфрантацыі з НАТА, з самымі развітымі краінамі свету, а не ўзначальваць і не абмяжоўваць магчымасці мадэрнізацыі – гэта шалёная палітыка, – дадаў Козыраў.

Супрацьстаянне Расеі і НАТА «задумана толькі для таго, каб мець вонкавага ворага па-савецку».

– І гэта раздуваецца прапагандай. NATO не зʼяўляецца ворагам, – выказаў меркаванне Козыраў,

Андрэй Козыраў займаў пасаду міністра замежных спраў Расеі ў 1990-1996 гадах.

Чаму ўсе гавораць пра Расею, NATO і новую вайну?

Напярэдадні амерыканскае выданне «Bloomberg» расказала пра сцягванне войскаў Расеі да межаў Украіны на падставе спадарожнікавых здымкаў 23 снежня, а агенцтва «Reuters» зрабіла тое ж 24 снежня на падставе спадарожнікавых здымкаў іншай кампаніі.

Hавiны
«Мы прывыклі жыць у вайне». Як у Кіеве ўспрымаюць пагрозу расейскага ўварвання
2021.12.21 10:44

«Deutsche Welle» адзначае, што расейскія ўлады пастаянна абвяргаюць інфармацыю аб тым, што рыхтуюць напад на Украіну і вінавацяць NATO ва ўзбраенні Украіны і правядзенні манеўраў пад межамі Расеі. Пры тым Расея патрабуе ад ЗША гарантыяў, што Украіну не прымуць у NATO. Патрабаванне «неадкладных гарантыяў» агучваў і асабіста Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 10 лістапада заяўляў, што да ўкраінскіх межаў сцягнулі да 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Намесніца дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Вікторыя Нуланд казала, што Расея можа зладзіць уварванне ва Украіну ў пачатку 2022 года. ЗША і іншыя краіны пагражалі Расеі жорсткімі санкцыямі ў выпадку нападу. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у размове з Зяленскім заявіў, што ЗША падтрымлівае курс Украіны на ўступленне ў NATO.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра пагрозу ўцягвання Беларусі ў расейска-ўкраінскі канфлікт
2021.12.09 14:30

belsat.eu паводле PAP

Стужка навінаў