Вольга Анішчук абвясціла галадоўку ў магілёўскім ІЧУ – яе арыштавалі трэці раз запар


Жонку асуджанага на тры гады калоніі палітвязня Арцёма Анішчука Вольгу ў трэці раз запар арыштавалі па адміністрацыйным артыкуле, паведамляюць праваабаронцы.

Арцём і Вольга Анішчукі.
Фота: асабісты архіў Вольгі Анішчук

Вольгу Анішчук затрымалі 4 лістапада: у гэты дзень у дзяўчыны дома адбыўся ператрус, пасля чаго яе завезлі ў Заводскае РУУС Менску. Два папярэдніх разы яе арыштоўвалі агулам на 24 дні за перасылку з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў паведамленняў у асабістай перапісцы.

Сёння яна мусіла выйсці на волю, але яе зноў затрымалі і асудзілі. Па якому артыкулу і за што – невядома. Акрамя гэтага, днямі яе перавезлі з ІЧУ на Акрэсціна ў магілёўскае ІЧУ, хоць суд праходзіў у Менску.

Праваабаронцы паведамляюць, што Вольга абвясціла галадоўку ў знак пратэсту супраць здзекаў над ёй, а ейнага мужа Арцёма змясцілі ў ШІЗА ў бабруйскай калоніі. Вольга за кратамі ўжо два разы перахварэла на бранхіт, бо яна ўтрымліваецца ў нечалавечых умовах і спіць на бетоннай падлозе.

У ІЧУ Магілёва над Вольгай здзекваюцца і аказваецца ціск – тры разы на дзень яе прымушаюць распранацца да гола і прысядаць.

Арцёма Анішчука затрымалі 29 верасня 2020 года ў межах «справы пяцёркі», нібыта за пашкоджанне аўта жонкі супрацоўніка дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Аляксандра Гейца, быў асуджаны да 2 гадоў калоніі і мусіў выйсці на волю 29 чэрвеня 2022 года. Цяпер яго абвінавацілі па новая крымінальнай справе за «абразу міліцыянта» ў закрытым тэлеграм-чаце ў верасні 2020 года паводле арт. 369 КК РБ. Новую справу нібыта адкрылі 27 снежня 2021 года, а 25 ліпеня 2022 года яго асудзілі на яшчэ год пазбаўлення волі і 1000 рублёў маральнай кампенсацыі.

Анішчук не прызнаў віны і заявіў, што новая справа – помста начальніка калоніі № 15, дзе ён адбыў мінулае пакаранне і дзе, як ён казаў, зазнаў катаванні. Таксама Анішчук казаў, што яго прымушалі пад дыктоўку пісаць сваякам лісты, нібыта ўсё добра, і адмаўляцца ад сустрэчы з адвакатам. Допыты праводзіліся без следчага, у прысутнасці чатырох невядомых асобаў.

У кастрычніку МУС залучыў палітвязня ў спіс «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

Гісторыі
Пагражалі згвалціць дручком, павесіць на дрэве, станавіліся на галаву і ўтоптвалі ў асфальт. «Гэта асабістая помста»
2021.06.17 15:44

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў