Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 28 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 278-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 28 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі хуткай дапамогі вядуць параненую жанчыну ў шпіталь. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 17 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Па лініі фронту на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай працягваюцца пазіцыйныя баі. Міністэрства абароны РФ паведаміла пра атаку Збройных сілаў Украіны ў бок сяла Курдзюмаўка, а таксама пра зрыў атакі ЗСУ у бок Чырвонай Дзібровы. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша пра атаку войскаў РФ у бок Стэльмахоўкі.

Між тым прарасейскі тэлегарам-канал «Рыбарь» мяркуе, што ўкраінскі бок рыхтуе маштабны контрнаступ па лініі Сватава – Крэмінная, які дазволіць прасунуцца ўглыб Луганскай вобласці і перарэзаць маршруты забеспячэння расейскай групоўкі войскаў з тэрыторыі РФ. Перад гэтым ЗСУ могуць нанесці ўдары па Белгародскай вобласці РФ ці ў Запарожскай вобласці, каб адцягнуць увагу Расеі ад свайго асноўнага наступу.

На фронце ў Данецкай вобласці Збройным сілам Украіны ў асноўным даводзіцца абараняцца. Генеральны штаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Якаўлеўка, Салядар, Бахмут, Андрэеўка, Новабахмутаўка, Вопытнае, Вадзяновае, Первамайскае, Невельскае і Новаміхайлаўка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Параненыя чакаюць транспарціроўкі ў лякарню. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 17 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Сямён Пегаў гаворыць пра расейскія атакі каля Белагораўкі, Верхнякаменскага і Спірнага, а таксама пра баі ў Мар’інцы.

Між тым 28 лістапада з’явілася інфармацыя пра чарговыя поспехі расейскіх войскаў пад Бахмутам. «Рыбарь» заяўляе пра захоп Зеленаполля, Андрэеўкі і Азаранаўкі (пра захоп апошняй паведамлялася яшчэ ўчора), а таксама мяркуе, што далей будзе штурм Курдзюмаўкі.

Тэлеграм-канал «Иди и смотри» піша, што сітуацыя пад Бахмутам крытычная для ЗСУ, таму ўкраінскі бок тэрмінова перакідае на гэты кірунак свае рэзервы.

Паводле Мінабароны Расеі, украінскія войскі, намагаючыся спыніць наступ праціўніка, контратакавалі каля Белагораўкі, Бахмуцкага, Якаўлеўкі і Іванграду, а таксама каля населеных пунктаў Няскучнае і Акцябр на паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці.

Тым часам ваенны эксперт Раман Світан мяркуе, што з прыходам маразоў ЗСУ правядуць маштабны контрнаступ на поўдні Данбасу, у выніку якога ўкраінцы плануюць выйсці да Азоўскага мора. У такім выпадку расейскай групоўка на поўдні акажацца перарэзанай на дзве часткі і будзе вымушаная пакінуць акупаваныя часткі Запарожскай і Херсонскай вобласцяў.

Аднак пакуль сітуацыя на фронце ў гэтых вобласцях застаецца нязменнай: ніводны з бакоў канфлікту не праводзіць наземных аперацыяў, замест гэтага працягваюцца ўзаемныя артылерыйскія абстрэлы.

Між тым аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) паведамляюць, што расейцы рыхтуюцца да абароны на левым беразе Дняпра. Пры гэтым у ISW не даюць ацэнку магчымасцяў ЗСУ для правядзення такой аперацыі.

Паводле кіраўніцы прэс-цэнтру аператыўнага камандавання «Південь» Наталлі Гумэнюк, ваенная аперацыя на Кінбурнскай касе (Мікалаеўская вобласць) працягваецца. Цяпер там вядзецца цяжкая праца, якая ўскладняецца ўмовамі надвор’я і асаблівасцямі геаграфічнага становішча. Гумэнюк параіла чакаць афіцыйнай інфармацыі ад Генштабу ЗСУ.

Па інфармацыі ад украінскага боку, цягам содняў было знішчана каля 590 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 87 900 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў