У Кіеў прыбылі міністры замежных справаў сямі краінаў Еўразвязу


У Кіеў 28 лістапада прыбылі з візітам міністры замежных справаў Эстоніі, Фінляндыі, Ісландыі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі і Швецыі. Пра гэта напісаў у Twitter кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу, выклаўшы здымак на фоне цягніка на кіеўскім вакзале.

Міністры замежных справаў сямі краінаў Еўразвязу. Злева направа – са Швецыі (Табіяс Більстрэм), Эстоніі (Урмас Рэйнсалу), Фінляндыі (Пэка Хаавіста), Ісландыі (Тордыс Кольбрун Рэйкфіёрд Гільфадаўтыр), Нарвегіі (Анікен Гуйтфэльт), Латвіі (Эдгар Рынкевіч) і Літвы (Габрыелюс Ландсбергіс-Жамкальніс).
Фота: UrmasReinsalu / Twitter

«Мы, міністры замежных справаў, сёння ў Кіеве на знак поўнай салідарнасці з Украінай. Нягледзячы на масіраваныя ракетныя абстрэлы і варварскую жорсткасць Расеі, Украіна пераможа!» – напісаў Рэйнсалу.

Міністры правялі перамовы з кіраўніцтвам МЗС Украіны ды іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі.

Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што асноўнымі тэмамі сустрэчы ўрадоўцаў з міністрамі замежных справаў былі зброя, фінансы і санкцыі супраць Расеі. Таксама надалі ўвагу энергетычнай сферы і абстрэлам Расеяй крытычнай інфраструктуры Украіны.

«У 9-м санкцыйным пакеце разлічваем на паўнавартаснае адключэнне расейскіх банкаў ад SWIFT і забарону ўезду ў ЕЗ грамадзянаў дзяржавы-тэрарыста», – напісаў кіраўнік ураду.

Дзяніс Шмыгаль з міністрамі.
Фота: Денис Шмигаль / Facebook

Шмыгаль падзякаваў краінам Паўночнай Еўропы і Балтыі за іх дапамогу з энергетычным абсталяваннем.

Hавiны
«Кіеў – еўрапейская сталіца свабоды». Прэм’ер-міністр Польшчы прыехаў ва Украіну ў чацвёрты раз ад пачатку вайны
2022.11.26 16:10

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў