Стала вядома, хто паедзе на паседжанне АБСЕ замест Макея


Прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна паведаміў «Белсату», што на паседжанне Рады міністраў замежных справаў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе замест памерлага 26 лістапада Уладзіміра Макея паедзе пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ ў Вене Андрэй Дапкюнас.

Паседжанне Рады міністраў замежных спраў АБСЕ адбудзецца 1-2 снежня ў польскім горадзе Лодзь.

Андрэй Дапкюнас. Крыніца: wmeste.by

«На паседжанні АБСЕ ў Лодзі Беларусь будзе прадстаўляць Андрэй Дапкюнас – сталы прадстаўнік пры АБСЕ ў Вене», – паведаміў Лукаш Ясіна.

Андрэй Дапкюнас займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў Беларусі з 2017 па 2020 год. У ліпені 2020 года ён быў прызначаны паслом Беларусі ў Аўстрыі і Славеніі, а таксама пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Раней міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Рау і генеральны сакратар АБСЕ Хельга Шмід пацвердзілі звесткі, што памерлы 26 лістапада кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей мусіў на наступным тыдні прыняць удзел у паседжанні Рады міністраў замежных спраў АБСЕ.

«Мы глыбока ўзрушаныя раптоўнай смерцю міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Мы з нецярпеннем чакалі яго прысутнасці на сустрэчы Рады міністраў АБСЕ на наступным тыдні ў Польшчы. Нашы шчырыя спачуванні яго сям’і», – гаворыцца ў паведамленні.

Паседжанне Рады міністраў замежных спраў АБСЕ ў Лодзі адбудзецца 1-2 снежня. Раней польскія ўлады адмовілі міністру замежных справаў Расеі – Сяргею Лаўрову – у магчымасці прыбыць на нараду, на што ў РФ абурыліся.

Аб’ектыў
Што пакінуў пасля сябе Макей
2022.11.26 22:54

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў