Справу ў дачыненні супрацоўнікаў праваабарончага цэнтру «Вясна» перадалі ў суд


Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць палітзняволеных праваабаронцаў «Вясны» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча, якіх трымаюць пад вартаю з 14 ліпеня 2021 года.

Праваабаронцы Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі. Калаж: Белсат

Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва, справу якога будуць разглядаць у парадку спецыяльнай вытворчасці і які цяпер па-за межамі Беларусі, вінавацяць у незаконным увозе на тэрыторыю Беларусі вялікай сумы грошай без дэкларавання паводле ч. 4 арт. 228 КК і паводле арт. 342 КК за нібыта «фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Пракуратура лічыць злачынствам тое, што «Вясна» дапамагала аплачваць штрафы беларусам, якія былі асуджаныя паводле «палітычных» артыкулаў, а таксама шукала і аплачвала для такіх людзей адвакатаў.

Хутка праваабаронцаў могуць пачнуць судзіць, ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Следства працягваецца ўжо больш за год, з адвакатаў і сведак ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму падрабязнасці справы – невядомыя. Вядома толькі, што на допыты цягам года выклікалі родных вязняў, дзейных і былых сябраў арганізацыі, валанцёраў, актывістаў і простых грамадзянаў, якія звярталіся ў «Вясну» па дапамогу. Людзей выклікалі на допыты па ўсёй краіне, у Менску і рэгіёнах.

Нагадаем, што ў кастрычніку кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.

Каментар
Жонка Алеся Бяляцкага дзякуе ўсім, хто спрычыніўся да ўганаравання мужа Нобэлеўскай прэміяй
2022.10.07 20:46

Палітзняволеныя вясноўцы застаюцца за кратамі. Іх можна падтрымаць лістом: СІЗА № 1, Валадарскага, 2, 220030, Менск (Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу).

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў