Шаман палітыкі рэжыму Лукашэнкі

Аўтарытарызм заўсёды і ўва ўсе часы – двухаблічны Янус, які ў патрэбны момант можа павярнуцца да свету (заходніх дэмакратый) сваім «прамяністым», «прывабным» бокам. У сучаснай гісторыі было і ёсць нямала прыкладаў таго, як заходнія палітычныя і інтэлектуальныя эліты захапляліся тыранамі: Гітлерам, Сталіным, Мао Цзэдунам, Пуціным і Лукашэнкам. І гаворка ішла не толькі аб жаданні рабіць бізнес, але аб ідэалагічным ўспрыманні дыктатуры, якое відавочна выходзіць за рамкі прагматычнага падыходу «наш суччын сын».

Стварыць вобраз прывабнасці дыктатуры – гэта вялікая праца, прычым зусім не дурных людзей унутры самой сістэмы, якія ўсе выдатна разумеюць і старанна прасоўваюць пазітыўны вобраз дыктатара, робячы з яго свайго роду (як сказала Эйсмант) «брэнд», які прываблівае турыстаў.

Уладзімір Макей са сваёй сям’ёй. Менск, Беларусь. 5 ліпеня 2019 года.
Фота: Volha Shukaila / Zuma Press / Forum

Адным з такіх людзей быў Уладзімір Макей. Так, яго па праву можна назваць стваральнікам мадэлі кіраванай беларусізацыі і палітычнай адлігі, а таксама канструктарам вобразу «беларускага аўтарытарызму з чалавечым абліччам». Нягледзячы на тое, што ўвасабленню ўсіх гэтых мадэляў спрыяла вайна ва Украіне ў 2014 годзе, тым не менш, іх укараненне і эфект перасягнулі ўсе чаканні. Перыяд з 2014 па 2020 год быў часам нечуванай адлігі ў адносінах беларускай дыктатуры і Захаду.

Макей быў здольны стварыць цэлую сетку з разнастайных кіраваных незалежных палітычных і аналітычных структур, якія старанна прасоўвалі ідэю таго, што Лукашэнка – гарант незалежнасці, і фактычна манапалізавалі інфармацыйныя каналы ў дачыненнях з заходнімі структурамі.

Аднак такі ўмелы падман зусім не ўплываў на сутнасць і характар беларускай дэспатыі, якая заставалася глыбока антынацыянальнай рэпрэсіўнай сістэмай, што і выявілася ў перыяд выбарчай кампаніі 2020 года.

Як немагчыма змяніць сутнасць дыктатуры, ствараючы ілюзіі для вонкавага спажыўца, так і немагчыма, каб чалавек, прапрацаваўшы ў сістэме на ключавых пасадах не адзін дзясятак гадоў, меў уласную пазіцыю і волю. Адна з дзіўных асаблівасцяў дыктатуры і дыктатараў – гэта здольнасць перафарбоўваць і перакройваць людзей на любы колер і лад.

Каментар
Які ўплыў меў Макей у сістэме Лукашэнкі і хто яго заменіць? Разважае Павел Латушка
2022.11.26 19:48

Калі дыктатару трэба і зручна, каб хтосьці хадзіў у вышыванкі або ў форме НКУС, то знойдуцца тыя ці іншыя чыноўнікі, якія выканаюць гэтую ролю. Калі трэба, то будуць бегаць па дварах і зрываць стужачкі, а таксама раўці над кожным словам тырана. Тое, што робіць дыктатура з чалавекам, можна прасачыць па ўнутранай эвалюцыі Ігара Марзалюка.

Дыктатар, у выпадку неабходнасці, можа стварыць сваю «апазіцыю» і правесці яе ў «парламент» – і аўтарытарызм тут жа стане больш чалавечным і зручным з выгляду. І вось ужо выбудоўваецца чарга з ахвотных пакасіць траву або пазбіраць бульбу з Лукашэнкам.

Ёсць толькі адна рэч, якую не прымае дыктатар у сваім асяроддзі – гэта наяўнасць асабістай пазіцыі, уласнага я, не падпарадкаванага волі тырана. Усе, хто побач з Лукашэнкам – выканаўцы яго волі.

Калі кажуць пра Макея, як ледзь пра не рухавік беларускасці, «барацьбіта з рускім уплывам», чалавека з уласнай пазіцыяй, я проста рэкамендую паглядзець запісы нарадаў міністраў-чыноўнікаў у Лукашэнкі.

Паглядзіце, як ён крычыць на дарослых людзей, прыніжае, вытрасае чалавечую годнасць і ўсе яны моўчкі, пачырванеўшы, стаяць перад ім апусціўшы вочы. І так на працягу 28 гадоў. Калі нешта і было чалавечае ў гэтых міністраў, то яно ўжо даўно знікла, было прыніжана і растаптана. Чалавек, у якога ёсць каштоўнасці, ніколі б не змог дайсці да вяршыні піраміды і тым больш глядзець на маральныя экзекуцыі, істэрыкі дыктатара.

Фота ілюстрацыйнага характару. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Макей прымаюць удзел у пашыраным пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў у Казахстане. 16 кастрычніка 2022 года.
Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Горш за ўсё, што ў людзей, якія атачаюць Лукашэнку, напэўна, ніколі нават не ўзнікала думкі сысці – ні ў 2020-м, ні ў 2022 годзе. Яны працягваюць верыць у наркаманаў і крымінальнікаў на вуліцах Менску ў 2020-м, і фашыстаў у Кіеве ў 2022-м. Яны робяць усё, каб гэтая сістэма жыла. Рабіў гэта і Макей.

Вельмі сумняваюся, што ў сістэме, дзе знішчаецца асоба, можа існаваць чалавек з уласнымі ідэямі і думкамі, не кажучы ўжо пра волю да іх рэалізацыі.

Макей ніколі не служыў краіне, ён служыў дыктатуры і Лукашэнку. Ён фарбаваў гэтую іржавую і заляпаную ў кроў машыну ў рознакаляровыя ўзоры, каб яна падабалася еўрапейцам, і гэта сапраўды працавала.

Людажэр час ад часу навешваў на шыю шкельцы ў выглядзе выбараў, апазіцыі, рытуалаў выгнання «рускага свету», а Еўропа ўспрымала гэта як вялікае змяненне. (Хоць варта ўспомніць яго дыфірамбы і эйфарыю з нагоды прызначэння Бабіча паслом РФ у Беларусі.)

Так, Макей быў добрым, быў майстэрскім шаманам (для Беларусі), ягоных пасаў было дастаткова, каб затуманіць мазгі еўрапейцам і немалой колькасці беларусаў. Тое, што некаторыя еўрапейскія дыпламаты ўздыхаюць аб Макею, толькі паказвае вялікую сілу падману, якой валодаюць дыктатуры, і ў гэтым заслуга такіх як Макей.

Каментар
«Ён запомніцца шчырай працай на дыктатара». Валер Кавалеўскі назваў Макея часткай рэпрэсіўнага рэжыму
2022.11.26 19:08

Гэта таксама паказвае, што заходнія палітыкі так нічога і не зразумелі ні пра дыктатуры, ні пра тое, як гэтыя дыктатуры могуць перакруціць саму сутнасць і прыроду чалавека.

Макей стварыў для іх камфортную ілюзію прывабнай дыктатуры, і яны не хочуць верыць у тое, што былі гэтак жорстка ашуканыя.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў