Расея рыхтуецца не спыніць, а запаволіць вызваленне Херсоншчыны. Галоўнае пра вайну на ранак 28 лістапада


Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 278-ы дзень. Расейскія войскі дзіўным чынам акопваюцца на левым беразе Дняпра, нібы не збіраюцца спыняць украінскі контрнаступ. «Белсат» расказвае, што вядома на раніцу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія войскі запускаюць ракеты.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны заяўляе, што расейскія войскі засяроджваюць высілкі на стрымліванні дзеянняў украінскіх вайскоўцаў. Але расейскія войскі вядуць наступальныя дзеянні на ліманскім, бахмуцкім і аўдзееўскім напрамках. ЗСУ ў сваю чаргу адбілі атакі ў раёнах населеных пунктаў Якаўлеўка, Салядар, Бахмут, Андрэеўка, Навабахмутаўка, Вопытнае, Вадзяное, Першамайскае, Навасельскае і Наваміхайлаўка Данецкай вобласці.

Расейскія войскі нанеслі чатыры ракетныя ўдары па цывільных аб’ектах на Запарожжы і Днепрапятроўшчыне, звыш 50 абстрэлаў сістэмамі залпавага агню па ваенных і мірных аб’ектах. Абстрэлы фіксавалі на сіверскім, слабажанскім, купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, навапаўлаўскім, запарожскім, крыварожскім і херсонскім напрамках.

Агляд
У грамадзянаў «вялікая колькасць пытанняў». Ваенкамы запэўніваюць, што мабілізацыі ў Беларусі няма. А што ёсць?
2022.11.27 18:09

З напрамку Беларусі ЗСУ не бачыць фармавання наступальных груповак. Падраздзяленні сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі, якія ўваходзяць у беларуска-расейскую «рэгіянальную групоўку», выконваюць заданні ў пасяленні абароны мяжы. Асобныя падраздзяленні войскаў Расеі, як чакаецца, будуць перакінутыя з Беларусі пасля навучання, але наўпрост ці праз Расею, ЗСУ не ўдакладняе.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце вечарам 27 лістапада казаў, што гэты тыдзень можа стаць самым складаным праз новыя ракетныя ўдары Расеі. Але Украіна рыхтуецца да ўсіх сцэнароў, «у тым ліку з нашымі партнёрамі». Расея ж, падобна, рыхтуецца далей адступаць з Херсоншчыны.

 

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) звяртае асаблівую ўвагу на тое, што расейскія войскі чакаюць пераходу Дняпра ўкраінскімі войскамі ў раёне Херсону, з пачатку кастрычніка капаюць траншэі і ставяць супрацьтанкавыя ўмацаванні («зубы дракона») уздоўж наземных лініяў камунікацыі:

«Расейскія войскі відавочна не чакаюць, што змогуць перашкодзіць украінскім сілам пераправіцца праз раку, і не ставяць у прыярытэт абарончыя пазіцыі, каб спыніць такую ​​пераправу», – піша ISW.

Ці праўда будуць украінцы спрабаваць пераправіцца праз Дняпро і стварыць трывалы плацдарм на левым (усходнім) беразе, ISW не ведае. Але фактычныя дзеянні расейскіх войскаў на Херсоншчыне сведчаць, што расейскае кіраўніцтва разглядае гэта як сур’ёзную пагрозу – і чакаюць, што Украіна зможа адваяваць спачатку Кінбурнскую касу, а потым пойдуць на «мацерыковую» частку левага берагу. Асобна ISW адзначае, што расейскія абарончыя пазіцыі бачныя каля дарог, а ўкраінскія войскі раней рухаліся па перасечанай мясцовасці, у тым ліку падчас харкаўскага контрнаступу. Выходзіць, украінскі контрнаступ збіраюцца не спыняць, а запавольваць.

Аналітыка
Херсон вызвалілі, а што было далей? Галоўнае пра вайну ва Украіне за два тыдні
2022.11.24 12:30

Сам Херсон пасля вызвалення трапляе пад расейскія абстрэлы, заўважае брытанская выведка. Толькі за 24 лістапада ад расейскіх абстрэлаў у Херсоне загінулі 10 чалавек. За мінулы дзень зафіксавалі 54 абстрэлы Херсону. Горад застаецца ў дасяжнасці расейскай артылерыі і рэактыўных сістэмаў залпавага агню «Града», з якіх расейскія войскі страляюць з левага берагу Дняпра.

Кіраўнік украінскага «Энергаатаму» казаў, што бачыць знакі падрыхтоўкі адступлення расейскіх войскаў з Запарожскай атамнай электрастанцыі. Гэтую заяву заўважылі як на Захадзе, так і ў акупацыйнай адміністрацыі. Чуткі пайшлі і па расейскіх медыях. Акупацыйная адміністрацыя Энергадару, дзе знаходзіцца АЭС, у адказ заявіла, што захопленую станцыю здаваць не збіраюцца.

Тым часам амерыканскія чыноўнікі наракаюць у «The Wall Street Journal», што пастаўкі зброі ва Украіну перашкаджаюць доўгатэрміновым патрабаванням ва ўзбраенні Тайваню. Так, Кітайская Рэспубліка, якая рыхтуецца да магчымага нападу камуністычнага Кітаю, дагэтуль не атрымала замоўленыя яшчэ ў 2015 годзе «Джавеліны» і «Стынгеры». Але Пентагон запэўнівае, што ЗША  працуюць над тым, каб і Украіна, і Тайвань маглі бараніцца.

Аналітыка
Блэкаўты, паўэрбанкі і цёплыя шкарпэткі. Ці здолее Расея знішчыць энергетыку Украіны?
2022.11.25 07:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў