Расейскія «Масквічы» аказаліся цалкам кітайскімі: у Расею прывозяць гатовыя машыны


Аўтамабілі «Масквіч 3» цяпер фармальна вырабляюць у Расеі. Але фактычна, як расказаў часопіс «За рулём», машыны цалкам збіраюць у Кітаі, пасля здымаюць пару вузлоў, прывозяць усё ў Расею. Па дастаўцы машыну хутка збіраюць, даюць ёй расейскі VIN-код і лепяць эмблему і налепку «Made in Russia».

«Масквіч 3» – гэта напраўду кітайскі JAC JS4. У Расею ён прыходзіць гатовым, але са знятымі дэталямі: пярэдняй і задняй падвескай, рухавіком і сабраным сілавым агрэгатам, сістэмай выпуску, бензабакам і коламі. Не «імпартазамясцілі» нават шыны. Машыны хутка збіраюць на заводзе, дзе раней збіралі «Renault».

Гэткім шляхам вытворчасць машыны робіцца даражэйшай, але вытворца сыходзіць ад мытаў, якія складаюць 15 % увознай цаны. Тэарэтычна, Расея ўсё ж можа лакалізаваць вытворчасць хоць нейкіх частак, каб знізіць цану – «Масквічы» пакуль выходзяць дарагімі, прызнае вядоўца. Такім жа чынам у Расеі збіраюцца «вырабляць» электрамабілі «Масквіч 3е». Пакуль прадаваць «Масквічы» збіраюцца за 27–33 тысячы долараў.

У афіцыйных заявах JAC не кажа аб пастаўках у Расею, а кажа толькі пра «нашых усходніх партнёраў».

Аўтамабільныя вытворцы сышлі з Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама большасць заходніх аўтаканцэрнаў пасля пачатку вайны ва Украіне спыніла пастаўкі аўтамабіляў у Расею. Праз брак імпартных запчастак прыпынялася і вытворчасць фармальна расейскіх машынаў – новыя «Лады» пэўны час прапаноўвалі без падушак бяспекі. А праз попыт з Расеі ў Беларусі зменшылася колькасць патрыманых машынаў у продажы, а цэны заўважна выраслі.

Нацыяналізаваць заводы, што вызваліліся, і збіраць там «Масквічы», прыдумаў мэр Масквы Сяргей Сабянін. Ён прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці зборкі «Масквічоў» 23 лістапада, называў гэта «гістарычнай падзеяй» і выказваў спадзевы, што праз некалькі гадоў Расея зможа выпускаць машыны на ўласнай платформе.

У Беларусі падобным чынам выпускалі «беларускія» маніторы – гэта ў народзе атрымала назву «налепачнай вытворчасці». Імаверна, падобным чынам збіраюцца выпускаць і «беларускія» ноўтбукі.

Аналітыка
Уратуе Расея беларускі аўтарынак ці праглыне? Цэны на аўты ў Беларусі значна ніжэйшыя
2022.07.20 15:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў