Рада Еўразвязу дадала абыход санкцыяў у спіс злачынстваў


У спіс трансгранічных злачынстваў дамовы аб функцыянаванні Еўразвязу 28 лістапада вырашылі дадаць парушэнне абмежавальных захадаў. Рада Еўразвязу прыняла гэтае рашэнне адзінагалосна.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года. Фота Аліса Ганчар / Белсат

Міністр юстыцыі Чэхіі Павэл Блажэк растлумачыў, што гэтае рашэнне – важны інструмент, каб забяспечыць спыненне любых спробаў абысці санкцыі, накладзеныя на Расею за вайну ва Украіне.

Да таго розныя краіны Еўразвязу мелі розныя вызначэнні таго, што ёсць парушэннем санкцыяў і якія захады трэба рабіць у выпадку парушэнняў. А гэта магло прывесці да рознай якасці выканання санкцыяў і нават даць падсанкцыйным асобам доступ да іхных актываў і магчымасць падтрымліваць падсанкцыйныя рэжымы.

Гэтае рашэнне – першы з двух неабходных крокаў. Другім крокам мае стаць прапанова Еўракамісіяй дырэктывы з мінімальнымі правіламі вызначэння злачынстваў і пакаранняў за іх. Праект дырэктывы мае потым ухваліць Рада Еўразвязу і Еўрапарламент.

Пакуль дамова аб функцыянаванні Еўразвязу ўлічвае такія злачынствы, як тэрарызм, гандаль людзьмі, сексуальная эксплуатацыя, незаконнае абарачэнне наркотыкаў і зброі, адмыванне грошай і карупцыя, падробка плацежных сродкаў, арганізаваная злачыннасць і кіберзлачынствы.

Двубой
Санкцыі знішчаюць рэжым Лукашэнкі ці Беларусь?
2022.11.26 16:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў