Польшча назвала фальсіфікацыяй заявы пра ўцёкі ўкраінцаў з Еўразвязу ў Беларусь


Беларускі Памежны камітэт сцвярджае, што з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне з Еўразвязу ў Беларусь прыбылі амаль 50 тысяч грамадзянаў Украіны, тады як з самой Украіны прыехалі менш за 16 тысячаў. Дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Станіслаў Жарын падрабязна пракаментаваў гэтую заяву ў Twitter.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польска-беларуская мяжа. 26 снежня 2021 года.
Фота: Памежная ахова Польшчы

Гэткія лічбы Станіслаў Жарын называе «працягам фальсіфікацыі рэчаіснасці» і ролі Беларусі ў вайне ва Украіне. Беларуская прапаганда, піша ён, такім чынам хоча паказаць, што ўкраінцы шукаюць прытулку ў Беларусі як у «больш бяспечнай» краіне, чым дзяржавы Еўразвязу. Ён нагадвае, што Беларусь была ўцягнутая ў канфлікт, калі ўлады Беларусі далі тэрыторыю і зброю Расеі для нападу на Украіну.

Колькі ўкраінцаў пакінулі Еўразвяз і паехалі ў Беларусь, Жарын не піша. Але нават калі верыць беларускай статыстыцы, колькасць такіх украінцаў – у межах статыстычнай хібнасці.

Паводле звестак Упраўлення вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у справах уцекачоў, адна толькі Польшча дала прытулак 1,5 млн уцекачоў з Украіны. З Украіны ў Польшчу з 24 лютага было 7,58 млн пераходаў мяжы, з Польшчы ва Украіну – 5,53 млн. Гэта значыць, 40 тысяч пераходаў мяжы ўкраінцамі з Польшчы ў Беларусь, аб якіх заяўляе беларускі бок, складаюць 0,5 % ад пераходаў мяжы ўкраінцамі ў Польшчу.

Паводле заявы беларускага Памежнага камітэту, з Літвы ў Беларусь нібыта перайшлі з 24 лютага 8,4 тысячы чалавек, з Латвіі – каля 1,6 тысячы. Статыстыкі аб пераходзе мяжы з Украіны ў гэтыя краіны няма – яны фізічна не маюць мяжы, а наўпроставага паветранага злучэння на момант поўнамаштабнага расейскага нападу ўжо не было. Але Літва дала часовую абарону ці падобны статус больш як 70 тысячам украінцаў, Латвія – амаль 43 тысячам.

Улады Беларусі яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне маніпулявалі лічбамі пра ўкраінскіх уцекачоў. Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Макей і іншыя афіцыйныя асобы пяць гадоў таму шмат разоў заяўлялі, што ў Беларусі ці то 150 тысяч, ці то 160 тысяч уцекачоў з Украіны. Сапраўды, столькі ўкраінцаў у 2014–2015 гадах звярталіся па від на жыхарства ў Беларусі – і рабіць гэта маглі дзеля працы і вучобы, а не праз вайну.

Hавiны
Польшча дабудавала плот на мяжы з Беларуссю. Мігранты пералазяць
2022.10.01 14:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў