Некалькі беларускіх лекараў навучылі працаваць з індыйскімі эндапратэзамі


У Беларусі па-ранейшаму праблемы з даступнымі імпартнымі эндапратэзамі, а беларускія па-ранейшаму састарэлыя. Індыйскія абяцалі завезці яшчэ ў жніўні-верасні. Але пакуль індыйскія матэрыялы толькі «выкарыстоўваюць як дадатковыя», паведаміў 27 лістапада дзяржаўны тэлеканал АНТ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лекары на аперацыі.
Фота: pixnio.com, CC0

Паводле тэлеканалу, некаторыя эндапратэзы ўсё ж паступаюць у Беларусь з Еўропы і Амерыкі, а беларускія медыкі засвоілі эндапратэзаванне індыйскімі матэрыяламі. Раней некалькі траўматолагаў-артапедаў прайшлі навучанне ў медычнай акадэміі ў Індыі, цяпер дзеляцца досведам з калегамі на базе 6-й клінічнай лякарні ў Менску.

Пакуль «індыйскія матэрыялы выкарыстоўваюць як дадатковыя» (што гэта значыць, не патлумачылі). Са словаў медыка ў рэпартажы вынікае, што гаворка пра пратэзы кампаніі «Meril», закупілі 150 камплектаў і чакаюць пастаўку яшчэ 250.

Замена каленных суставаў бясплатная, але чакаць даводзіцца вельмі доўга. Адна жанчына ў рэпартажы АНТ кажа, што на аперацыю яе запрасілі праз чатыры гады. Яна парэкамендавала ўсім «не зацягваць». АНТ тлумачыць праблемы «вялікім попытам». Каб зменшыць чэргі на замену буйных суставаў, у Менску сабраліся адкрыць некалькі дадатковых аддзяленняў – абяцаюць зрабіць гэта ў пачатку наступнага года.

Адзін з дасведчаных лекараў, траўматолаг-артапед, які цяпер працуе ў Польшчы, у каментары «Белсату» здзіўляўся выкарыстанню індыйскіх пратэзаў: няўжо толькі пасля «справы артапедаў» выявілася, што беларускія аж настолькі кепскія? Ён казаў, што ні Расея, ні нават Узбекістан і Туркменістан не закупляюць эндапратэзы індыйскай вытворчасці. Да таго ж, сфера пратэзавання ў Беларусі губляе спецыялістаў праз палітычныя рэпрэсіі, а пераход на новыя пратэзы вымагае навучання.

Аналітыка
Ні лекараў, ні эндапратэзаў. Беларусь закупляе індыйскія, а беларусы едуць мяняць суставы ў Расею
2022.07.21 13:35

Калапс у галіне пачаўся пры канцы сакавіка з затрымання па ўсёй краіне каля паўсотні траўматолагаў-артапедаў і завядзення супраць іх крымінальнай справы за хабар. Большасць з іх ужо вызвалілі, але толькі пасля таго, як абвінавачаныя выплацілі вялікія грошы ў якасці «кампенсацыі ўчыненай шкоды» (вядома, што некалькі лекараў застаюцца за кратамі).

Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка загадаў «прыбраць усіх пасярэднікаў» і наладзіць беспасярэднія пастаўкі эндапратэзаў. Троху пазней зʼявіўся загад ад Міністэрства здароўя, згодна з якім усе імпартныя пратэзы мусяць набывацца толькі на дзяржаўным прадпрыемстве «Белмедтэхніка».

12 лістапада Генеральная пракуратура паведаміла пра «факты неналежнага аказання медычнай дапамогі пацыентам, якія маюць патрэбу ў эндапратэзаванні буйных суставаў» у Менску: доўгія чэргі для менчукоў і аперацыі іншагароднім без чаргі і падставаў для пазачарговага пратэзавання.

25 лістапада пракуратура ўдакладніла: парушэнні парадку пратэзавання выявілі ва ўсіх рэгіёнах, вынеслі звыш 60 «актаў нагляду», спісы на аперацыі «прывялі ў адпаведнасць нормам». Некаторым пацыентам, якія гадамі чакалі аперацыі, ужо паставілі эндапратэзы. Працуюць над «прапановамі нарматыўна-прававога характару».

Разбор
«А чаму не беларускія?.. Не хочаце? Ну і не трэба!» Ці з’явіліся ў Беларусі імпартныя эндапратэзы
2022.10.20 11:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў