На месцы «МакДональдсаў» у Беларусі з’явілася штосьці безыменнае: шыльда кажа, «Мы адкрытыя»


Сетка рэстарацыяў «McDonald’s» працягнула працу ў Беларусі, але пазбавілася імя і не прыдумала новага: «Новы час» заўважыў, што 28 лістапада рэстарацыі пачалі працаваць без шыльды і назвы.

«Мы открыты», – усё, што напісана на колішніх «МакДональдзах». На сценах засталіся сляды ранейшай назвы, а новай не з’явілася.

Днём раней сайт беларускага «McDonald’s» запусціў аўтаматычнае перанакіраванне на новы адрас Ksvb.by, які ўтрымлівае меню «МакДональдсаў» без прыставак «мак-» і не мае ніякага лагатыпу ці назвы рэстарацыяў. «Бігмаку» ў меню няма, ёсць хіба аналаг «Біг Тэйсці» пад назвай «Біг Бургер».

Абноўлена. Onliner.by заўважыў, што на паперы, якую кладуць на падносы ў безыменным «экс-МакДональдзе», напісаная фраза: «Название меняется, любовь остаётся».

Раней паведамлялася, што рэстараны «McDonald’s» спыняць працу ў Беларусі а 18:00 21 лістапада, а з 22 лістапада адкрыюцца пад брэндам сеткі «Вкусно – и точка» расейскага прадпрымальніка Аляксандра Говара, які пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне выкупіў амерыканскія рэстараны ў Расеі. Аднак у дзень анансаванага закрыцця рэстараны працягнуў працу, а некаторыя з іх нават вярнулі раней знятыя шыльды. «Наша Ніва» распавядала, што «McDonald’s» застаецца ў Беларусі, бо нібыта асабіста Аляксандр Лукашэнка забараніў мяняць франшызу.

У Беларусі франшызы ад самога «McDonald’s» не было, замест яе быў франчайзі «КСБ Віктары Рэстараны», які заведваў сеткаю рэстаранаў «McDonald’s». Ягоны ўласнік – Кайрат Баранбай, казах са сваяцкімі сувязямі з Назарбаевым, цяпер на радзіме апынуўся пад следствам. Праз гэта рэстараны «McDonald’s» спынілі дзейнасць і ў Казахстане.

Аналітыка
На развітанне з «McDonald’s»: склалі міні-індэкс біг-маку для Беларусі і суседзяў
2022.11.21 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў