«McDonald’s» працягне працаваць, але пад беларускім брэндам


Сетка рэстаранаў «McDonald’s», верагодна, працягне сваю працу пад беларускім брэндам. Пра гэта піша партал «Zerkalo» са спасылкай на супрацоўнікаў кампаніі «КСБ Виктори Рестораны», якая мае франшызу ў Беларусі. Раней паведамлялася, што рэстараны правядуць рэбрэндынг і прадоўжаць працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно – и точка». Аднак гэтага не адбылося.

«МакДоналдс» на Кастрычніцкай плошчы. Менск, Беларусь. 12 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Назву «McDonald’s» на «Вкусно – и точка» павінны былі змяніць яшчэ 22 лістапада, але гэтага не здарылася. А 28 лістапада рэстарацыі пачалі працаваць без шыльды і назвы. На некаторых з’явіўся надпіс «Мы открыты».

Па словах аднаго з супрацоўнікаў «КСБ Виктори Рестораны» учора ўвечары, 27 лістапада, супрацоўнікам скінулі інфармацыю толькі па новым меню, а на пытанні наконт зменаў кіраўніцтва адказвала, што самі толкам нічога не ведаюць і дзеляцца інфармацыяй па меры паступлення.

Раніцай супрацоўнікам паведамілі, што з сённяшняга дня, 28 лістапада, «McDonald’s» працуе як «самастойны беларускі брэнд». Пад якой назвай будуць працаваць кропкі рэстаранаў, не ўдакладняецца.

Таксама зменіцца меню: прыбяруць з продажаў шэраг пазіцый, напрыклад: «Біг Мак», «МакФлуры», «Хэпі Міл». Правядуць замену інгрэдыентаў, перайменаванняў страў і ўвядуць новыя пазіцыі.

Іншы супрацоўнік менскага рэстарана сеткі пацвярджае, што яна будзе працаваць пад уласным брэндам:

«Гэтай ноччу, гадзін да трох, пару чалавек выклікалі на пагрузачна-разгрузачныя работы. Як мне сказалі, канчаткова пазбаўляліся ад упакоўкі і ўсіх згадак «McDonald’s». Учора з’явілася пара новых дэсертаў, якія ёсць у расейскім «Вкусно – и точка». Але пакуль ніхто не ведае, якая будзе назва ва ўстановах.

Таксама крыніца паведамляе, што шыльды і лагатып першапачаткова хацелі зрабіць у каляровай гаме расейскай сеткі. Але, паводле яго слоў, інфармацыі аб продажы рэстаранаў уладальніку «Вкусно – и точка» Аляксандру Говару пакуль не было.

У адным з рэстаранаў сеткі ў Менску «Zerkalo» паведамі, што пад брэндам «McDonald’s» установы ўжо не працуюць і заявілі, што цяпер яны працуюць як «КСБ Виктори Рестораны».

Аналітыка
На развітанне з «McDonald’s»: склалі міні-індэкс біг-маку для Беларусі і суседзяў
2022.11.21 09:00

Раней паведамлялася, што рэстараны «McDonald’s» спыняць працу ў Беларусі а 18:00 21 лістапада, а з 22 лістапада адкрыюцца пад брэндам сеткі «Вкусно – и точка» расейскага прадпрымальніка Аляксандра Говара, які пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне выкупіў амерыканскія рэстараны ў Расеі. Аднак у дзень анансаванага закрыцця рэстараны працягнуў працу, а некаторыя з іх нават вярнулі раней знятыя шыльды. «Наша Ніва» распавядала, што «McDonald’s» застаецца ў Беларусі, бо нібыта асабіста Аляксандр Лукашэнка забараніў мяняць франшызу.

У Беларусі франшызы ад самога «McDonald’s» не было, замест яе быў франчайзі «КСБ Виктори Рестораны», які заведваў сеткаю рэстаранаў «McDonald’s». Ягоны ўласнік – Кайрат Баранбай, казах са сваяцкімі сувязямі з Назарбаевым, цяпер на радзіме апынуўся пад следствам. Праз гэта рэстараны «McDonald’s» спынілі дзейнасць і ў Казахстане.

Hавiны
«Наша Ніва»: «McDonald’s» застаецца ў Беларусі, бо Лукашэнка забараніў мяняць франшызу
2022.11.24 18:05

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў