Камітэт правоў чалавека ААН спыніць прыём заявак беларусаў пасля 8 лютага 2023 года


Беларусь вырашыла дэнансаваць Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, да якога далучылася 30 гадоў таму. Рашэнне набудзе моц 8 лютага 2023 года. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў звяртае ўвагу на тое, што пасля гэтай даты Камітэт правоў чалавека ААН больш не зможа прымаць скаргаў грамадзянаў Беларусі.

Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

Камітэт правоў чалавека ААН лічыць пазбаўленне беларусаў права на такія звароты сур’ёзнай перашкодай для абароны правоў чалавека. Як адзначае КПЧ, Беларусь не прадставіла тлумачэнняў адносна выхаду з адпаведнага пакту, калі паведамляла пра рашэнне, і не праводзіла кансультацыяў з грамадзянскай супольнасцю і няўрадавымі арганізацыямі.

Калі Палата прадстаўнікоў галасавала за законапраект аб адмове ад Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, прапанову тлумачылі тым, што «паўнамоцтвы Камітэту ААН адвольна пашыраюцца, што стварае дадатковыя беспадстаўныя абавязкі для дзяржавы, якіх яна не прымала пры далучэнні да міжнароднага акту».

За апошнія 30 гадоў Камітэт правоў чалавека ААН разгледзеў сотні скаргаў адносна Рэспублікі Беларусь – ад палітычных рэпрэсіяў, як парушэнне правоў на мірныя сходы і выказванне меркавання да справядлівасці судоў у справах, звязаных са смяротным пакараннем. У КПЧ лічаць, што гэтая працэдура спрыяла развіццю прававой практыкі ў Беларусі.

Камітэт правоў чалавека ААН працягне прымаць, рэгістраваць і разглядаць усе скаргі, што паступяць ад беларусаў да 8 лютага 2023 года. І пасля гэтай даты праца працягнецца: КПЧ абяцае вынесці рашэнні адносна ўсіх скаргаў, што застаюцца на разглядзе, а адносна справаў, у якіх былі выяўленыя парушэнні правоў, працягнецца дзейнасць, прадугледжаная правіламі працэдуры КПЧ.

За ўсю гісторыю дамовы дэнансавалі пратакол толькі тры дзяржавы: да Беларусі гэта зрабілі Ямайка ды Трынідад і Табага. Факультатыўны пратакол быў прыняты ў 1966 годзе. У дамове – 35 бакоў-падпісантаў і 116 дзяржаваў-удзельніц. Беларусь ратыфікавала яе 30 гадоў таму, у 1992 годзе.

Hавiны
Улады растлумачылі, навошта хочуць пазбавіць беларусаў магчымасці скардзіцца ў ААН
2022.10.12 16:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў