Перамовы ў Вільні, рэпатрыяцыя мігрантаў і новая ініцыятыва ўладаў. Галоўнае за 28 лістапада


Belsat.eu падводзіць вынікі нядзелі, 28 лістапада.

Перамовы ў Вільні

Енс Стольтэнбэрг і Урсула фон дер Ляйен.
Фота: AP

Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен і генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг наведалі Вільню, дзе абмеркавалі пытанні бяспекі ў рэгіёне з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўсёдай.

На прэс-канферэнцыі Наўсёда распавёў, што канцэнтрацыя расейскіх войскаў на мяжы з Украінай, а таксама «поўная ваенная інтэграцыя Беларусі ў вайсковыя структуры і дактрыны Расеі» выклікае заклапочанасць.

«Гэта стварае новыя выклікі для калектыўнай бяспекі NATO, і Альянс павінен адпаведным чынам скарэктаваць свае планы, стратэгіі і тактыку і быць гатовым да магчымага адказу. Калі сітуацыя з бяспекай стане яшчэ больш складанай, мы не выключаем магчымасці звароту па кансультацыі па 4-м артыкуле NATO», – заявіў Наўседа на прэс-канферэнцыі.

Урзуля фон дэр Ляен паабяцала патроіць фінансавую падтрымку Літвы ў сувязі з гібріднымі атакамі рэжыму Лукашэнкі. Яна абвінаваціла Лукашэнку ў тым, што ён «пагражае жыццям ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў, дае ілжывыя абяцанні».

«Лукашэнку не ўдалося падарваць салідарнасць і адзінства ЕЗ. Мы ўсе разам будзем супрацьстаяць гэтай гібрыднай атацы», – сказала кіраўніца Еўракамісіі.

Смерць на мяжы

Беларускія сілавікі і мігранты на беларуска-літоўскай мяжы. 21 лістапада 2021 года.
Фота: delfi.lt

Беларускія памежнікі заявілі, што 27 лістапада знайшлі труп мужчыны «афра-азіяцкай знешнасці».

Паведамляецца, што мужчыне было каля 30 гадоў, ён быў збіты і знаходзіўся ў спальным мяшку. Беларускія ўлады вінавацяць літоўскіх сілавікоў у тым, што гэта яны выкінулі труп на мяжу, але не прыводзяць ніякіх доказаў.

Цела знайшлі на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атраду.

Рэпатрыяцыя мігрантаў

Эвакуяцыйны рэйс кампаніі «Iraqi Airways» з Менску 27 лістапада 2021 года.
Фота: iraqi.airways.official / Facebook

Грамадзяне Іраку, якія трапілі ў Беларусь падчас штучна створанага рэжымам Лукашэнкі міграцыйнага крызісу, паступова вяртаюцца дадому.

Пяты гуманітарны рэйс кампаніі «Iraqi Airways» 27 лістапада эвакуяваў 418 іракскіх грамадзян, якія затрымаліся на беларуска-польскай мяжы. З Менску самалёт накіраваўся рэйсам у Эрбіль.

Усяго на гэты момант такімі рэйсамі перавезена 1876 чалавек.

Наступныя рэйсы запланаваныя на 29 і 30 лістапада.

Hавiны
Польшча гатовая фінансаваць вяртанне мігрантаў дадому, калі будзе «добрая воля з боку Лукашэнкі»
2021.11.28 15:40

Тым часам, прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі заявіў у інтэрвʼю агенцтву DPA, што польскія ўлады гатовыя фінансава дапамагчы вяртанню мігрантаў дадому Але для гэтага патрэбная «добрая воля з боку Лукашэнкі».

Аляксандр Лойка застаецца за кратамі

Ірына Слаўнікава і Аляксандр Лойка.
Фота: Аляксандр Лойка / Facebook

Аляксандр Лойка, муж журналісткі Ірыны Слаўнікавай, павінен быў выйсці з ЦІП на Акрэсціна 28 лістапада ў 12:05, але гэтага не адбылося, паведамляюць праваабаронцы.

Прычына, з-за якой Аляксандр не выйшаў пасля двух арыштаў і 30 содняў за кратамі запар, пакуль невядомая.

Нагадаем, 26 лістапада стала вядома, што Ірына Слаўнікава цяпер з’яўляецца падазраванай паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны удзел у іх»).

Абвінавачванне супраць Марфы Рабковай

Марфа Рабкова.
Фота: spring96.org

Праваабаронцу Марфу Рабкову, якая ўжо больш за год знаходзіцца за кратамі, будуць судзіць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэксу. Ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Раней Марфа паведамляла сваякам у лістах, што супрацоўнікі міліцыі «паабяцалі» ёй тэрмін «паміж Бабарыка і Калеснікавай».

Новая рэпрэсіўная ініцыятыва

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 13 лютага 2021 году.
Фота: ТК / Белсат

Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч распавёў, што ўлады хочуць судзіць палітэмігрантаў завочна і гатовыя ўнесці адпаведныя папраўкі ў заканадаўства.

«Суд завочна прысудзіць да таго ці іншага пакарання ў залежнасці ад цяжкасці праступку. Канешне ж, чалавек будзе знаходзіцца за мяжой, вядома ж, яго не выдадуць. Але тое, што ён прысуджаны, напрыклад, да 2-3 гадоў пазбаўлення волі або іншага тэрміну, які вырашыць суд, гэта будзе накладваць пэўны адбітак», – заявіў ён.

Паводле Вальфовіча, гэта ініцыятыва Следчага камітэту, яе ўжо падтрымаў Вярхоўны суд і Генеральная пракуратура. Плануецца, што пытанне будзе разгледжана на бліжэйшым паседжанні Савету бяспекі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Аналітыка
Топ-10 дзікунскіх ініцыятываў рэжыму Лукашэнкі
2021.11.27 07:30

РР belsat.eu

 

Стужка навінаў