«Вы парушылі заканадаўства». У Баранавічах улады сустрэліся з прадпрымальнікамі, што адмовіліся ад працы


У Баранавічах адбылася сустрэча кіраўніка гарадскога выканкаму з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, што напярэдадні масава адмовіліся ад працы. Як паведамляе газета «Наш край», чыноўнікі папярэдзілі пра адказнасць за «парушэнне вызначанага рэжыму працы гандлёвага аб’екта».

Пусты Паўднёвы ў Горадні. 27 кастрычніка 2022 года.
Фота: чытачы / Белсат

Напярэдадні шмат у якіх гарадах індывідуальныя прадпрымальнікі масава не выйшлі на працу. Толькі ў Баранавічах, па звестках газеты «Наш край», на Цэнтральным рынку былі адчыненыя 20 павільёнаў з 850, а на «Палескім кірмашы» – 40 з 240.

«Іпэшнікі» скардзяцца, што не ведаюць, як працаваць па новай пастанове ўраду аб цэнаўтварэнні, і што ніхто не дае тлумачэнні, а толькі «даканалі праверкамі».

Абноўлена
У асобных гарадах Беларусі індывідуальныя прадпрымальнікі масава не выйшлі на працу
2022.10.27 14:09

Сустрэчу з прадпрымальнікамі ў гарадскім выканкаме кіраўнік гораду Міхаіл Бацэнка пачаў так: «У чым справа? Чаму вы не выйшлі на працу? Пастанову ўраду ніхто не скасуе, яе можна толькі падкарэктаваць, як гэта ў рэжыме рэальнага часу робіць міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Сёння вы парушылі заканадаўства, якое забараняе збой вызначанага рэжыму працы гандлёвага аб’екта».

У адказ прадпрымальнікі адказалі, што працаваць цяпер – сабе на страту, бо, калі выконваць пастанову, то не адабʼюцца выдаткі на закуп тавараў. «Перад намі паўстала вельмі шмат пытанняў па цэнаўтварэнні, на якія мы ні ў кога не змаглі знайсці адказаў», – канстатавалі прадстаўнікі бізнесу.

Яны растлумачылі, што набываюць тавар у аптавікоў, якія ў дакументах пазначаюць заніжаны кошт. Асабліва гэта тычыцца партнёраў з Расеі. І дазволеная максімальная надбаўка проста не пакрывае расходаў. Кіраўнік выканкаму на гэта выказаў упэўненасць, што рана ці позна «пастаўшчыкі прыйдуць да таго, што будуць афармляць накладныя паводле заканадаўства». «Таму шукайце пастаўшчыкоў, якія пазначаюць сапраўдныя кошты. Для вас цяпер галоўнае – атрымаць легітымны дакумент на тавар», – параіў чыноўнік.

Ён падкрэсліў, што цэнавая пастанова ўраду – «гэта аксіёма, яна не будзе скасаваная, у яе могуць толькі ўносіцца змены з улікам правапрымяняльнай практыкі».

Пусты Паўднёвы ў Горадні. 27 кастрычніка 2022 года.
Фота: чытачы / Белсат

На сустрэчы таксама прысутнічала дырэктарка яшчэ аднаго баранавіцкага рынку, «Аляксееўскага», Алена Цярэнцьева. Яна папрасіла прадпрымальнікаў патрываць і дачакацца магчымых зменаў пастановы. «За 5 – 10 дзён ці за месяц ніхто з голаду не памрэ», – упэўненая Цярэнцьева.

Напрыканцы гутаркі кіраўнік гораду заявіў, што ён пачуў «іпэшнікаў», але адзначыў, што ў яго няма паўнамоцтваў скасаваць пастанову ўраду. «Мы можам прапанаваць дыферэнцыраванне гандлёвай надбаўкі для буйных сетак і дробных прадпрымальнікаў, але калі будзе эканамічнае абгрунтаванне. Уносьце прапановы. Я гатовы сустрэцца яшчэ раз. Калі хочам жыць ладам – давайце збірацца і вырашаць пытанні ў працоўным фармаце, без крыку. А заўтра выходзьце на працу», – прамовіў чыноўнік.

Пастанову аб абмежаванні гандлёвых надбавак урад прыняў увечары 19 кастрычніка. Рэгуляванне тычыцца цэнаў і на айчынныя, і на імпартныя тавары ўсяго спажывецкага кошыка.

Каментар
«Гэта выкліча рэпрэсіі». Бізнесовец Аляксандр Кныровіч прадказаў наступствы для іпэшнікаў з-за адмовы працаваць
2022.10.27 14:41

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў