У Бельску-Падляскім абвесцілі лаўрэата Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку


28 кастрычніка ў Бельску-Падлясскім прайшла цырымонія ўзнагароджання лаўрэата прэміі за найлепшую кніжную вокладку імя Міхала Анемпадыстава. Пераможцам стаў Анатоль Лазар – аўтар вокладкі кнігі пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў «(Не)расстраляныя». У мінулыя гады прэмія ўручалася ў Беларусі, сёлета – упершыню за мяжою. Адным з сузаснавальнікаў прэміі ёсць тэлеканал «Белсат».

Лізавета Дубінчына, Дар’я Кулікова: Дар’я Бялькевіч, Слёзы на вецер. Мінск, Янушкевіч, 2021.
Фота: Darja Bialkevich / Facebook

«(Не)расстраляныя» – велічэзны праект для беларускай гісторыі і культуры»

Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі 32 вокладкі. У кароткі спіс журы абрала восем:

  • Лізавета Дубінчына (мастачка Дар’я Кулікова): Дар’я Бялькевіч. Слёзы на вецер. Менск, Янушкевіч, 2021
  • Анатоль Лазар: Васіль Вітка. Плыў па моры чамадан. Менск, Koska, 2021
  • Анатоль Лазар: (Не)расстраляныя (укладальнікі: Сяргей Будкін, Віктар Жыбуль). Менск, Янушкевіч, 2021
  • Анатоль Лазар, Аліса Лазар: Іван Мележ. Людзі на балоце. Менск, Папуры, 2021
  • Аляксандр Лучына: Апошні фотаздымак (VEHA). Менск, Галіяфы, 2021
  • Маргарыта Сянькова: Эда. Песні пра багоў. Менск, Галіяфы, 2021
  • Сяргей Шабохін: Кабаясі Іса. Выбраныя хайку. Менск, Галіяфы, 2021
  • Сяргей Шаматульскі: Зміцер Крэс. Вялесава племя. Вільня, Логвінаў, 2021

Перамог дызайнер Анатоль Лазар за вокладку для кнігі «(Не)расстраляныя».

Таксама Лазар стаў пераможцам у намінацыі «Выбар «Белсату» за вокладку да кнігі Івана Мележа «Людзі на балоце».

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай, каментуючы абвяшчэнне лаўрэата, звярнула ўвагу на тое, што вельмі сімвалічна, што ўзнагароджанне кнігі пра беларусаў – ахвяраў рэпрэсіяў, адбылося якраз перад «Ноччу расстраляных паэтаў» 29 кастрычніка.

«(Не)расстраляныя» – гэта велічэзны і вельмі значны праект для беларускай гісторыі і культуры. Гэты том мае быць у бібліятэцы сучаснага культурнага беларуса. А дзякуючы вокладцы яго прыемна браць у рукі і паважна трымаць на палічцы. Талент дызайнера ў тым, каб візуалізаваць годнасць, трагічнасць і шляхетнасць зместу. Гэта зроблена далікатна і філігранна праз моцную графічную абстракцыю, колер, шрыфт, кампазіцыю. Дасканалы праект у адпаведнай вокладцы», – працытавала Таццяна Нядбай рашэнне журы.

«Вокладка – важны элемент кнігі, першае, з чым сутыкаецца чытач»

Прэмія за найлепшую кніжную вокладку была заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава.

У папярэднія гады лаўрэатамі прэміі Анемпадыстава былі Кацярына Пікірэня за вокладку кнігі «Трое ў чоўне і сабака з імі» Джэрома Клапкі Джэрома; Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса; Алена Дашкевіч за вокладку кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў».

Фота: архіў Прэміі Анемпадыстава

Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭНу супольна з Саюзам беларускіх дызайнераў і «Лятучым універсітэтам», а таксама «Белсату» і фонду «Адкрытая культура» і H&L Group.

«Вокладка – вельмі важны элемент кнігі, першае, з чым сутыкаецца чытач, тое, што кнігу прэзентуе. Пры гэтым дызайн – досыць камерцыйная сфера, а беларуская кніга ў большасці сітуацыяў не ёсць камерцыйным прадуктам праз цэлы шэраг чыннікаў. Прэмія Анемпадыстава – гэта нашае памкненне падсвяціць працу кніжных дызайнераў, паглядзець на візуальнае афармленне кнігі і абраць найлепшыя кнігі з гэтага гледзішча. Магчыма, у нечым і матываваць дызайнераў заняцца беларускай кнігай. Матываваць аўтараў звярнуць на гэты бок выдання больш увагі», – патлумачыла Таццяна Нядбай важнасць прэміі.

«Эстэтыка дзяржаўных выдавецтваў састарэлая, застыглая ў мінулым стагоддзі»

Спадарыня Таццяна падкрэслівае, што афармленне кнігі ўплывае на яе распаўсюд і прыняцце.

«Часам аўтары кніг або выдавецтвы ашчаджаюць на вокладках. На кнігі дзяржаўных выдавецтваў наогул бывае страшна глядзець – гэта састарэлая эстэтыка, застыглая ў мінулым стагоддзі, – кажа старшыня ПЭНу. – Але ёсць і тыя творцы і выдаўцы, якія ўкладаюцца ў прывабныя і стылёвыя вокладкі, і іх усё больш».

Да прэміі імя Міхала Анемпадыстава раней у Беларусі аўтараў кніжных вокладак не ўзнагароджвалі.

«Мне не вядома пра існаванне такіх прэміяў раней. Калі мы апрацоўвалі канцэпцыю, то асабліва не мелі на што абаперціся, намацвалі ўсё самі», – распавяла Таццяна Нядбай.

Фота: архіў Прэміі Анемпадыстава

Журы прэміі ацэньвае дызайн, паліграфічнае выкананне і адпаведнасць афармлення зместу кнігі. Узнагарода прысуджаецца беларускаму аўтару альбо камандзе творцаў. Аднак могуць быць і выключэнні.

«Паколькі мы ставім сабе за мэту развіццё візуальнага афармлення беларускай кнігі, то менавіта беларуская кніга для нас ёсць асноўным фокусам увагі. Калі да яе афармлення спрычыняюцца не беларускія творцы, для нас гэта не робіцца прычынаю адкідаць кнігу з разгляду паводле фармальных крытэраў. Так, дарэчы, адным з пераможцаў прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон – дызайнер з Санкт-Пецярбургу», – зазначыла старшыня ПЭНу.

Кім быў Міхал Анемпадыстаў

Міхал Анемпадыстаў, імем якога названая прэмія за найлепшую вокладку беларускай кнігі, – беларускі мастак, дызайнер, паэт, культуролаг, мастацтвазнаўца. На пачатку 2018 года ў Міхала здарыўся інсульт, які ён не змог перажыць. Мастак пайшоў з гэтага свету 24 студзеня на 54-м годзе жыцця.

Міхал быў сябрам Беларускага саюзу дызайнераў, з 2011 года – сябрам праўлення. Ён распрацаваў лагатыпы для кампаніі «Будзьма беларусамі!», беларускага рок-фестывалю «Басовішча» 2007 і 2008 гадоў і іншыя, быў аўтарам ілюстрацыяў для беларускіх кніг, альбомных вокладак для дыскаў «N.R.M.», Змітра Вайцюшкевіча.

Фота: архіў Прэміі Анемпадыстава

Таксама Міхал – адзін са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі. Стаў аўтарам ідэі і тэкстаў культавага беларускага музычнага праекту – рок-мюзіклу «Народны альбом», які выйшаў у 1997 годзе.

Міхал даследаваў ролю колеру ў культуры і гісторыі Беларусі і напісаў кнігу «Колер Беларусі», прысвечаную выкарыстанню колераў у традыцыйнай культуры Беларусі.

Ганна Ганчар belsat.eu

 

Стужка навінаў