У спрэчцы нараджаецца ісціна. Новая праграма «Двубой» на «Белсаце»


Віталь Цыганкоў – асоба ў беларускай журналістыцы вядомая дзякуючы працы на радыё «Свабода» і на «Белсаце». Ужо ў гэтую суботу, 29 кастрычніка, аб 11-й гадзіне на нашым тэлеканале пабачыць свет ягоная новая праграма пад назваю «Двубой». Чаго чакаць гледачам, мы запыталіся ў Віталя Цыганкова.

– Што значыць «Двубой»?

– Двубой – яскравае беларускае слова. Можа, яно не настолькі ўжывальнае, але затое лёгка зразумелае ў значэнні «бітва, паядынак». Як я падкрэсліваю падчас самой праграмы «Двубой», – гэта дыскусія, спрэчкі, аргументы, эмоцыі. Удзельнікі праграмы – людзі, якія маюць розныя погляды на праблемы і намагаюцца данесці іх аўдыторыі.

– Як узнікла такая ідэя для праграмы?

– Доўгі час на канале «Белсат» выходзіла праграма «Размова», якую вялі апошнія гады Святлана Калінкіна, Уладзімір Мацкевіч (цяпер палітзняволены) і я – апошні год у жывым эфіры з Варшавы. Цяпер кіраўніцтва каналу вырашыла рухацца далей, таму я прапанаваў ідэю «Двубою». Да таго ж, працуючы на радыё «Свабода», я калісьці пачынаў падобны фармат у радыёэфіры. Тут жа жывы тэлевізійны эфір са сваімі асаблівасцямі, будзе онлайн і на YouTube з магчымасцю ў гледачоў задаць пытанні гасцям. Лічу, што такой праграмы бракавала як каналу «Белсат», так і нашым незалежным медыям увогуле. І тут не існуе мэты прывесці гледача да нейкага адзінства поглядаў ці згоды ў чымсьці, наадварот – мэта паказаць, што можна і варта не згаджацца. Гэта не лёгкі жанр, але ён распаўсюджаны ў свеце.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. Варшава, Польшча. 14 верасня 2022 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

– Ці саспела грамадства да такой праграмы?

– Грамадства заўсёды гатовае. Пытанне ў іншым: знайсці на кожны тыдзень удзельнікаў, герояў, гатовых адстойваць уласны погляд. За столькі гадоў у журналістыцы я не раз назіраў, калі часам людзі могуць пісаць у адносінах адно аднаго самыя рэзкія крытычныя рэчы, – а потым, пры жывой сустрэчы ў эфіры, спакойныя і паважлівыя. У гэтым нашая беларуская палітычная культура, яе адрознасць ад суседняй расейскай. Напрыклад, «Поединок» Салаўёва ці сённяшнія расейскія жывыя эфіры, дзе ўвогуле няма ідэйных апанентаў, але ёсць адзін суцэльны крык, абразы і абвінавачанні ды ціск на гледача. Лукашэнкаўскае БТ пераймае найгоршае з Расеі, тое, што не ўласціва беларускаму менталітэту.  Каб абараніць свой погляд не абавязкова крычаць ці  прыніжаць меркаванне апанента. Добра, калі ёсць эмоцыі, але яны не галоўнае, не самамэта. Найважнейшае – сутнасць праблемы.

– А як наконт выбару тэмаў?

– Варта браць актуальныя тэмы, якія маюць самы гарачы градус грамадскага абмеркавання. Тэма першага «Двубою» – ці будуць беларускія войскі браць удзел у вайне Расеі супраць Украіны. У найбліжэйшых выданнях, магчыма, абмяркуем, ці варта прызнаваць Беларусь акупаванай краінай. Але тэмы не заўсёды будуць выключна прывязаныя да апошніх падзеяў, бо часам планую ставіць і вечныя пытанні. Ці разваліцца Расея? Ці павінна быць беларуская мова адзінай дзяржаўнай? Ці варта беларускай эканоміцы быць больш сацыяльна арыентаванай альбо рынкава-ліберальнай?

– Якая мэта ў «Двубою»?

– Пашыраць такі жанр на «Белсаце», як адкрытая дыскусія. Так, мы ўсе супраць рэжыму Лукашэнкі, але гэта не значыць, што мы ўсе аднолькавыя. На пачатку 1990-х існаваў падзел: «Вы за дэмакратаў альбо за камуністаў?», але фактычна сярод «дэмакратаў», па адзін бок барыкадаў, былі самыя розныя людзі, якіх мала што аб’ядноўвала ў светапоглядным сэнсе. Штосьці падобнае ёсць і сёння сярод апанентаў Лукашэнкі. Таму патрэбная грамадска-палітычная дыскусія. Здараецца так, што дыскусіі вядуцца з далёкіх акопаў. А тут людзі стаяць за пару крокаў адзін каля аднаго. Такі жанр – прыгожы і драматычны.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. Варшава, Польшча. 14 верасня 2022 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

– У чым будзе вашая роля як вядоўцы?

– Вядоўца не павінен цягнуць коўдру на сябе, калі няма ў тым неабходнасці. Галоўнае – раскрыць тэму і герояў. Але гэта не адмяняе таго, што я магу выказваць і сваё стаўленне да тэмы і словаў герояў. Вядоўца ў «Двубоі», вядома, не «бог з машыны», які спускаецца зверху і развязвае ўсе праблемы, але актыўны і раўнапраўны ўдзельнік, каб гутарка выглядала па-сапраўднаму цікавай і дынамічнай.

Пабачыць першы «Двубой» гледачы «Белсату» змогуць у суботу, 29 кастрычніка, у 11 гадзінаў. Тэма першага выдання: ці ўступіць Беларусь у вайну? Госці – Наталля Радзіна, рэдактарка сайту «Хартыя-97», і Пятро Рудкоўскі, палітолаг, дырэктар BISS – Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Стужка навінаў