«Спіс экстрэмістаў», «спіс тэрарыстаў» – што з таго асобам, якіх туды занеслі?


Беларусь – краіна тысяч экстрэмістаў і тэрарыстаў, калі верыць спісам сілавікоў. Адныя туды трапілі без суда, іншыя застаюцца на волі. Спыталі юрыста, што пагражае занесеным у спіс.

«Экстрэмістамі» і «тэрарыстамі» ўлады Беларусі называюць сярод іншага журналістаў. Калаж: Белсат / IRPGF / Archive.orgCC BY 4.0

Міністэрства ўнутраных справаў 28 кастрычніка дадало адразу 625 чалавек у «спіс датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у тым спісе амаль паўтары тысячы чалавек (яшчэ сотня арганізацыяў – у спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў»). Яшчэ каля тысячы – у «спісе датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Нарэшце, у «спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» Міністэрства інфармацыі – больш як 1000 пазіцыяў (у тым ліку «видеофайл Песенка»).

Спыталі юрыста Васіля Завадскага, што азначае ўнясенне ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» для тых, хто туды трапіў.

Што мяняецца для фігурантаў «спісу экстрэмістаў»?

У гэты спіс трапляюць асуджаныя паводле шэрагу палітычных артыкулаў: як зняволеныя, так і тыя, хто ўжо выйшаў на волю, але мае непагашаную судзімасць. Туды дадаюць не ўсіх аўтаматычна, але крытэры дадавання невядомыя.

Цяжка сказаць, што гэты спіс базуецца на нейкім законе, адзначае Васіль Завадскі. Людзей туды дадаюць адвольна і без спецыяльнага суда аб прызнанні «экстрэмістам». Туды трапляюць асуджаныя за «паклёп» ці за каментары ў сацсетках. Ёсць, вядома, закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», але масавае прызнанне людзей «экстрэмістамі» сведчыць, што «ніхто там на заканадаўства не глядзіць».

Занесеным у спіс пагражаюць наступствы, прадугледжаныя заканадаўствам: забарона займаць некаторыя пасады (у тым ліку працаваць настаўнікам ці выдаўцом, служыць у войску), дадатковы кантроль фінансавай дзейнасці, магчымая забарона на выезд з Беларусі ці наадварот уезду ў краіну.

«Для тых, хто ў зняволенні, будзе ўскладняцца адбыванне пакаранняў, – разважае Завадскі. – Для тых, каго ставяць на гэты ўлік, цалкам магчымыя нейкія абмежаванні ў тым, каб накіроўваць ім матэрыяльную дапамогу. Магчыма, дадатковыя будуць праверкі, іншыя складанасці».

Што яшчэ прыдумаюць для тых, хто на волі, немагчыма прадказаць, дадае ён, бо «гэта ўжо не ёсць у прававым полі». Па-за законам можна нафантазіяваць розныя абмежаванні.

Артыкулы
«Спіс тэрарыстаў» і «экстрэмізм» у Беларусі: пытанні і адказы
2022.05.31 16:04

Што чакае тых, хто ў «спісе тэрарыстаў»?

У гэты спіс дадаюць не толькі асуджаных, але і абвінавачаных, адносна якіх не было суда. «Тэрарыстамі» называюць і журналістаў, і асуджаных за «распальванне варожасці» (а гэтак могуць асудзіць за каментар у сацсетках супраць гвалту сілавікоў) або «заклікі да санкцыяў». У спісе ёсць нават людзі, якія застаюцца на волі і на тэрыторыі Беларусі, але ў якасці фігурантаў крымінальнай справы.

Занесеным у спіс блакуюць фінансавыя аперацыі, замежным грамадзянам са спісу забаронены ўезд у Беларусь. Васіль Завадскі расказвае, што з наступствамі сутыкнуўся сам: спрабаваў перавесці грошы «тэрарысту» Мікалаю Аўтуховічу, перавод не прынялі на пошце: ён жа ў спісе, гэта ж можа быць «фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці», нават калі чалавек за кратамі.

Істотны момант, што ў гэты спіс заносяць без судовага рашэння: камусьці ў КДБ захацелася дадаць – і дадалі. У спіс МУС прынамсі заносяць пасля прысуду паводле палітычных артыкулаў, хай сабе і без асобнага суда аб «экстрэмізме». У КДБ – проста так.

«Меркаваць, што наш суд нешта б змяніў, не выпадае, але варта сказаць, што нават гэты фармальны крок у дзяржаве не існуе. То бок, поўнае беззаконне», – рэзюмуе Завадскі.

***

Самы «бяскрыўдны» са спісаў – спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але сілавікі трактуюць як правапарушэнне нават падпіску на «экстрэмісцкі» Telegram-канал (гэткая трактоўка не законная) і могуць арыштоўваць людзей на месяцы: за кожны «матэрыял» могуць прысудзіць новы арышт, не адпусціўшы на волю між судамі.

«Белсат» таксама застаецца ў спісах «экстрэмісцкіх фармаванняў» і «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Артыкулы
«Белсат» двойчы «экстрэмісцкі». Тлумачым, якая розніца між «матэрыяламі» і «фармаваннем»
2021.11.03 15:42

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў