Блеф пад Херсонам, пекла ў Бахмуце і «лінія Вагнэра». Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце


Ці працягваецца контрнаступ ЗСУ, хто цяпер трымае ініцыятыву і што адбываецца пад Бахмутам.  Разбіраўся belsat.eu.

Калона браніраваных машын дзесьці ў Харкаўскай вобласці.
Фота: Белсат

У верасні і напачатку кастрычніка расейскія войскі зазналі ва Украіне шэраг буйных паразаў. 6 верасня ЗСУ нанеслі маланкавы ўдар пад Балакліяй, што прывяло да ўцёкаў расейскіх вайскоўцаў і вызвалення амаль усёй Харкаўскай вобласці. 30 верасня пасля некалькіх тыдняў баёў украінцы атачылі расейскую групоўку каля Ліману ў Данецкай вобласці, што прымусіла агрэсара зноў адступіць, са значнымі стратамі асабовага складу і тэхнікі.

2 кастрычніка распачаўся новы этап украінскага наступу ў Херсонскай вобласці: ЗСУ здолелі прарваць расейскую абарону на паўночным усходзе і сталі імкліва прасоўвацца ўздоўж Дняпра. Расейцы мусілі адступаць, у тым ліку на цэнтральным адцінку Херсонскага фронту, яны пакінулі стратэгічна важнае паселішча Давыдаў Брод.

На фоне поспехаў ЗСУ мілітарысцкія Z-каналы канстатавалі, што сітуацыя на фронце «вельмі цяжкая», а некаторыя выказвалі сумневы, што расейскія вайскоўцы здолеюць утрымаць рубеж Крэмінная – Сватава на Данбасе і правы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці.

Рзбураны мост на дарозе з Ізюму ў Харкаў.
Фота: Белсат

Аўтарытэтная брытанская газета «The Times» 8 кастрычніка пісала, што калі тэмпы контрнаступу захаваюцца, Украіна зможа вызваліць свае тэрыторыі і завяршыць вайну ўжо да Калядаў. Выданне «Financial Times» адзначала ў артыкуле за 13 кастрычніка, што Украіна можа вызваліць Херсон і правы бераг Дняпра ўжо наступным тыднем. Але, насуперак такім аптымістычным прагнозам, тэмпы наступлення ЗСУ апошнім часам значна знізіліся.

Херсонскі фронт: падман або рыхтаванне адступлення?

Найбольш супярэчлівая інфармацыя цяпер паступае з Херсонскай вобласці.

З аднаго боку, пра тое, што расейская групоўка на правым беразе Дняпра застаецца ў цяжкім становішчы, размовы ідуць яшчэ з верасня. Украінскае камандаванне на гэтым кірунку зрабіла стаўку на праблемы з забеспячэннем расейскай групоўкі ў ваколіцах Херсону. ЗСУ метадычна наносілі ўдары па складах з боепрыпасамі, знядзеілі ўсе стацыянарныя масты праз Дняпро і рэгулярна білі па пантонных пераправах. Некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што крызіс з забеспячэннем раней ці пазней прымусіць расейскую армію адступіць на ўсходні бераг Дняпра.

Hавiны
«The New York Times»: расейскія вайскоўцы хацелі адступіць з Херсону, але Пуцін забараніў
2022.09.24 12:32

Дзеянні расейскага боку ў кастрычніку мусілі толькі ўзмацніць веру ў такі прагноз. Камандуючы аб’яднанай расейскай групоўкай войскаў ва Украіне Сяргей Суравікін 18 кастрычніка заявіў, што сітуацыя на Херсонскім фронце «вельмі няпростая», і папярэдзіў, што не выключаныя «няпростыя рашэнні» (некаторыя ўбачылі ў гэтым намёк на адступленне). Акупацыйная адміністрацыя Херсонскай вобласці распачала эвакуацыю сваіх установаў і абсталявання, а таксама вываз цывільнага насельніцтва на левы бераг Дняпра. Калабаранты заяўлялі, што ЗСУ неўзабаве пойдуць у атаку на Херсон, а некаторыя Z-каналы пачалі асцярожна рыхтаваць сваю аўдыторыю да вялікага адступлення.

Украінскі сцяг у сяле Даліна ў Данецкай вобласці. Сяло цалкам разбурана падчас баявых дзеянняў.
Фота: Белсат

З іншага боку, нягледзячы на ўсе гэтыя заявы, абвалу расейскага фронту на Херсоншчыне пакуль не назіраецца. Нельга сказаць, што ЗСУ спыніліся: напрыклад, 22 кастрычніка яны вымусілі расейцаў пакінуць пазіцыі ў Чарыўным і Чкалаве. Але запаволенне прасоўвання ўкраінскага войска стала відавочным.

«На поўдні мы працягваем нашую контрнаступальную кампанію. Проста цяпер пэўныя пагодныя ўмовы, я маю на ўвазе дождж, робяць нас крыху павольнейшымі», – прызнаў 26 кастрычніка міністр абароны Аляксей Рэзнікаў.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Аляксей Арэстовіч у той жа дзень заявіў, што сітуацыя на Херсоншчыне змяняецца ў непрыемны для Украіны бок.

Аналітыка
Наступ ЗСУ, эвакуацыя і «няпростыя рашэнні». Што цяпер адбываецца на Херсоншчыне
2022.10.19 20:02

Украінскія ўлады апошнімі днямі намагаюцца максімальна знізіць чаканні наконт Херсонскага фронту, указваючы на тое, што размовы пра эвакуацыю і адступленне расейцаў – гэта блеф, інфармацыйная спецаперацыя.

Мужчына з вадой пераходзіць раку ў Бахмуце.
Фота: Белсат

Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Кірыл Буданаў заявіў 24 кастрычніка, што расейцы толькі робяць выгляд, што адыходзяць з Херсону, а насамрэч рыхтуюцца абараняць горад.

«Ствараюць ілюзію таго, што ўсё страчана. А разам з тым, наадварот, заводзяць туды новыя вайсковыя падраздзяленні і рыхтуюць вуліцы гораду да абароны», – адзначыў ён.

Аналагічную думку выказаў і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю «Corriere della Serа»: «Гэта была іхная інфармацыйная аперацыя. Яны не гатовыя пакінуць Херсон». Паводле яго, расейцы хочуць, каб украінцы «пайшлі туды і забралі людзей з іншых небяспечных напрамкаў».

Аляксей Арэстовіч лічыць, што расейцы наогул разлічваюць перайсці ў наступленне.

«Нікуды адыходзіць яны не збіраюцца, перакідваюць войскі з поўным намерам разграміць нас і нават наступаць у бок Мікалаева, у бок Крывога Рогу. Ніхто нічога не збіраецца здаваць, ніхто нікуды не збіраецца адыходзіць», – заявіў ён.

Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, на правы бераг Дняпра расейцы перакідваюць мабілізаваных, шчыльна мініруюць ускраіны Херсону і рыхтуюцца да вулічных баёў.

Пакінутыя рускія пазіцыі пад Харкавам.
Фота: Белсат

Разам з тым, цалкам магчыма, што Расея рыхтуецца адразу да некалькіх сцэнароў – як аптымістычнага, так і песімістычнага. У прыватнасці, кіраўніца аб’яднанага прэс-цэнтру Сілаў абароны Аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк адзначыла, што расейцы будуць абараняць правы бераг, але ж і тое, што яны рыхтуюцца да абароны левага берагу, «таксама дастаткова красамоўнае».

Луганшчына: павольнае прасоўванне і «лінія Вагнэра»

Узяцце Ліману напачатку кастрычніка адкрыла ЗСУ аператыўны прастор да двух важных вузлоў забеспячэння – Сватава і Крэмінной. Менавіта рубеж Сватава – Крэмінная мае ключавое значэнне для будучыні ўкраінскага наступлення на Данбасе. Узяцце Сватава дазволіць вызваліць поўнач Луганскай вобласці і выйсці да мяжы з РФ, а кантроль над Крэмінной адкрые дарогу на Лісічанск і Севераданецк. А ў выпадку вызвалення гэтых гарадоў пад ударам можа апынуцца Луганск.

Hавiны
Не толькі Ліман. ЗСУ працягваюць наступаць адразу на некалькіх кірунках
2022.10.03 19:45

Менавіта праз гэта пасля паразы пад Ліманам у Z-каналах панавалі настроі, блізкія да панічных. Выглядала, што ніякай падрыхтаванай лініі абароны на рубяжы Сватава – Крэмінная не было, а вайскоўцаў бракавала. Але расейцы здолелі пазбегнуць катастрафічнага развіцця падзеяў і фронт на гэтым участку прынамсі часова стабілізавалі. Магчыма, Z-каналы перабольшвалі праблемы расейскага войска, а магчыма, ЗСУ проста не маглі пайсці далей  без падцягвання тылоў і перагрупавання. Імаверна, таксама згуляла сваю ролю і мабілізацыя ў Расеі, што дазволіла ўладкаваць праблему з недахопам асабовага складу.

Разам з тым, ініцыятывай на Луганшчыне па-ранейшаму валодае Украіна. Арэстовіч 26 кастрычніка заявіў пра змены на Сватаўскім кірунку. Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай 27 кастрычніка распавёў, што на Сватаўскім і Крэмінным кірунках украінскія вайскоўцы працягваюць прасоўвацца, хоць і павольна.

«Гэта дастаткова прагназавальна, бо фактару нечаканасці ўжо няма, а ў акупантаў быў час, каб падцягнуць рэзервы, разбурыць масты, вельмі магутна замініраваць тэрыторыю… І надвор’е, на жаль, зусім не спрыяе, бо некалькі дзён запар ідуць залевы і тэхніка банальна грузне», – распавёў ён.

Z-каналы ўсе апошнія дні паведамляюць пра ўкраінскія атакі на ўчастку Сватава – Крэмінная, у тым ліку прызнаючы фактар неспрыяльнага надвор’я. У аглядах расейскіх вайсковых блогераў і карэспандэнтаў сітуацыя характарызуецца як «напружаная», яны паведамляюць пра «цяжкія» і «крывавыя» баі.

Пажар ў жылым доме ў Бахмуце.
Фота: Белсат

Пры гэтым у кастрычніку Расея пачала ўзводзіць у тыле на акупаваных тэрыторыях Данбасу сістэму абарончых збудаванняў – так званую лінію Вагнэра. Абарончыя збудаванні ў тым ліку мусяць прыкрыць Лісічанск і Луганск, «каб сітуацыя з Ліманам не паўтарылася», адзначае агенцтва ФАН.

Сам факт будаўніцтва «лініі Вагнэра» сведчыць: расейцы цалкам дапускаюць, што стрымаць ЗСУ яны не змогуць і ім прыйдзецца абараняцца глыбока за цяперашняй лініяй фронту.

Бахмут: вароты ў пекла

Фактычна адзіны кірунак, дзе расейцы працягваюць наступаць – гэта Бахмут і Аўдзееўка (Данецкая вобласць). На гэтых кірунках, паводле Зяленскага, цяпер адбываюцца «самыя жорсткія баі». «Там цяпер больш за ўсё відаць варʼяцтва расейскага камандавання. Дзень па дні цягам месяцаў яны гоняць туды людзей на смерць. Канцэнтруюць там максімальную магутнасць артылерыйскіх удараў», – падкрэсліў прэзідэнт 26 кастрычніка.

Жанчына ідзе побач з чыгуначным тэхнікумам у Бахмуце.
Фота: Белсат

«У Бахмуце літаральна адчыненыя вароты пекла», – заявіў у інтэрвʼю «Настоящему времени» афіцэр 1-й асобнай брыгады спецназу ЗСУ Тарас Беразавец. Паводле яго, расейцы там цягам верасня – кастрычніка няспынна здзяйсняюць лабавыя, «практычна суіцыдныя» атакі. Да 50 % дамоў у горадзе разбураныя, індустрыйная забудова знішчаная цалкам, кажа афіцэр ЗСУ.

«Фактычна, калі глядзець на колькасць удзельнікаў баявых дзеянняў – і забітых там расейцаў – бітва за Бахмут стане, бадай, самай буйной бітвай гэтай вайны», – напісаў у сваёй калонцы аўстрыйскі аналітык Том Купэр.

Наступленне пад Бахмутам вядуць пераважна байцы ПВК Вагнэра, у тым ліку завербаваныя ў папраўчых калоніях крымінальнікі. Спробы расейцаў узяць горад не спыняюцца ўжо некалькі месяцаў, але прасоўваюцца яны вельмі і вельмі павольна. Напрыклад, напачатку верасня брытанская выведка паведамляла, што акупанты максімум праходзілі 1 км за тыдзень. Аналагічныя тэмпы захаваліся і ў кастрычніку: Яўгеній Прыгожын нядаўна прызнаў, што прасоўванне нават на 100-200 метраў за дзень лічыцца «істотным».

Прарвацца ў горад у расейцаў пакуль не атрымліваецца, ЗСУ працягваюць трымаць абарону. А гэтым тыднем яны нават паспяхова контратакавалі і адкінулі вагнэраўцаў на 2 км. Украінскія вайскоўцы здолелі адбіць бетонны завод на ўсходняй ускраіне гораду, расейцы штурмавалі яго некалькі месяцаў.

Аналітык «Conflict Intelligence Team» (CIT) Кірыл Міхайлаў у інтэрв’ю выданню «Важные истории» выказаў меркаванне, што пры цяперашніх тэмпах прасоўвання расейцаў на Бахмуцкім кірунку яны наўрад ці змогуць захапіць горад у найбліжэйшыя тыдні ці нават месяцы.

Пры гэтым каштоўнасць самога Бахмуту ў стратэгічным сэнсе ацэньваецца па-рознаму. З аднаго боку, эксперты ўказваюць, што гэты горад – важны рубеж абароны ў Данецкай вобласці.

«Падзенне Бахмуту прывядзе да таго, што нам давядзецца пайсці з вялікага раёну. Гэта створыць пагрозу страты Салядару, Сівэрску», – адзначыў у эфіры радыё «Новое время» галоўны рэдактар украінскага выдання «Цензор.НЕТ» Юры Бутусаў.

Іншыя аналітыкі (напрыклад, з Інстытуту вывучэння вайны) мяркуюць, што наступленне на Бахмут не мае стратэгічнага сэнсу, з улікам нядаўніх поспехаў ЗСУ на Харкаўшчыне і цяперашняй сітуацыі ў Луганскай вобласці. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) яшчэ ў сярэдзіне верасня назваў расейскія атакі пад Бахмутам, «што ў аператыўным ценю навісаюць з флангаў буйных ударных груповак» украінцаў, «бессэнсоўным, калі не горш, марнаваннем сілаў».

Проціватанкавая агароджа на дарозе ў Харкаўскай вобласці.
Фота: Белсат

Некаторыя эксперты ўказваюць на тое, што Бахмут важны для Расеі перш за ўсё ў палітычным сэнсе (трэба прадэманстраваць хоць нейкую перамогу на фронце), а хтосьці нават называе «асабістай вайной Прыгожына і ягонага ПВК Вагнэра».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў