Цяпер, як у 1937 годзе? Ці надышоў 1938-ы? Гутарка з даследчыкам сталінскіх рэпрэсіяў


«Калі я ў мінулым годзе апынуўся ў Маскоўскім РУУС Менску і мяне пачалі катаваць, то ніякіх сумневаў, што я трапіў у 1937 год, у мяне не было», – з гэтых словаў пачаў гутарку даследчык сталінскіх рэпрэсіяў і стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» Ігар Станкевіч.

Даследчык сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Станкевіч.
Фота: racyja.com

Беларусы часта параўноўваюць палітычныя рэпрэсіі сучаснай Беларусі са сталінскімі рэпрэсіямі. Пік тых рэпрэсіяў прыпаў на 1937 год, каляндар на які цалкам супадае з календаром на 2021-ы.

«Ад мяне, як ад маіх расстраляных продкаў, патрабавалі, каб я прызнаўся, што я польскі шпіён», – згадвае 2020 год і Маскоўскі РУУС Менску даследчык Ігар Станкевіч.

Ён кажа, што катавалі напэўна не так моцна, як у 1937-м, аднак паказанні выбівалі фактычна гэтак сама. Напрыклад, калі ў 2020–2021 гадах у ізалятарах катавалі холадам, то ў 1937-м былі адмысловыя камеры-душагубкі, дзе катавалі спёкай: у камеры без вокнаў печ палілі гэтак, што людзі паміралі. Такая камера была і ў Воршы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Але ці дасягнулі цяперашнія рэпрэсіі піку, і ці могуць яны скончыцца хутчэй за сталінскія?

Рэпрэсіі пачыналіся па-рознаму, але раскручваліся аднолькава

У 1937 годзе чарговая хваля рэпрэсіяў у СССР пачалася, калі НКВД выдаў загад № 00447. Гэты загад запусціў кампанію барацьбы з «антысавецкімі элементамі» – нязгоднымі або тымі, хто раней трапляў у поле зроку карных органаў, нават адседзеў у лагерах. Сталін быў паранаідальны чалавек, шукаў ворагаў да канца свайго жыцця. Спачатку ваяваў з сялянамі, а калі ўсіх актыўных пабралі ці забілі, калі пазбавіўся асноўных ворагаў (Троцкага, Зіноўева, Каменева…), калі ў людзей паадбіралі зброю, пачаў яшчэ адну хвалю чыстак апарату і насельніцтва.

У 2020 годзе рэпрэсіі ў Беларусі выбухнулі з пачаткам выбарчай кампаніі – затрымлівалі нават не кандыдатаў у прэзідэнты, а прэтэндэнтаў у кандыдаты на этапе збору подпісаў. Як і ў 1930-я, гэта ўжо далёка не першая хваля рэпрэсіяў, але раней яны закраналі параўнальна невялікую частку грамадства.

«Цяпер добра відаць, як раскручваецца спіраль рэпрэсіяў і адкуль ідзе замова, – кажа Станкевіч. – Відавочна, што замова ідзе зверху, ад аднаго чалавека – Лукашэнкі. Так адбывалася і ў 1930-я».

У 1937 годзе было больш «да законаў»

У 1930-я сілавікі захоўвалі фармальныя працэдуры: мусілі мець ордар на ператрус, на арышт. Цяпер, заўважае Станкевіч, у Беларусі могуць спачатку зламаць дзверы, збіць гаспадара і пакрышыць мэблю, а потым разбірацца, за што. Нярэдка затрыманых у 2021 годзе судзілі за «непадпарадкаванне» ўжо пасля затрымання, нават у РУУС. Магчыма, і ў 1930-я такое здаралася, але з дакументаў выглядае, што тады фармальнасці захоўвалі часцей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Stringer / TASS / Forum

Маштабы цяпер нават большыя

Летась казалі, што ў жніўні-верасні колькасць арыштаваных у некаторыя дні пераўзыходзіла пікі арыштаў 1937 года. Колькі агулам арыштавалі за час сталінскіх рэпрэсіяў, сказаць цяжка, бо архівы яшчэ закрытыя, адзначае Станкевіч, ды дапускае, што маштабы рэпрэсіяў цяпер шырэйшыя.

«Адрозненне ў тым, што тады ў людзей не было магчымасці выязджаць, а ўлады не імкнуліся выціснуць грамадзянаў за межы, як робяць цяпер, – дадае даследчык. – Тады быў або расстрэл, або ГУЛАГ, дзе чалавек або гінуў, або губляў здароўе. Але згубіць здароўе ў турмах можна і цяпер».

Чаму цяпер няма масавых расстрэлаў

У 1930-я бальшавікі расстрэльвалі за палітыку дзясяткі тысяч беларусаў (агулам у СССР у 1937–1938 гадах арыштавалі з палітычных прычынаў каля 1,5 млн чалавек, з іх расстралялі больш як 680 тысяч). У 2020–2021 гады ў сувязі з пратэстамі загінулі, паводле розных падлікаў, адзін-два дзясяткі чалавек.

«Па-першае, цяпер сапраўды іншы час, – тлумачыць Станкевіч. – Цяпер у людзей ёсць магчымасць з’ехаць за мяжу, нават калі пераследуюць. І цяпер не расстрэльваюць, бо не абавязкова расстрэльваць: людзей пазбаўляюць працы, ім калечаць жыцці, абкладаюць штрафамі так, што могуць адабраць маёмасць, цяпер пагражаюць, што будуць пазбаўляць грамадзянства… У савецкі час гэта практыкавалася, шмат выбітных грамадзянаў выгналі з краіны».

Таксама цяпер не дойдзе да масавых расстрэлаў, мяркуе ён, бо ўлады і ўласна сям’я Лукашэнкі моцна інтэграваныя ў сусветную эканоміку. Лукашэнку і ягоных набліжаных гэта клапоціць, яны баяцца праз санкцыі страціць «усё нажытае непасільнаю працай», тады як Сталін быў даволі аскетычны, не збіраў сабе багацця. У Сталіна, да таго ж, была ідэалогія, ён меў амбітную мэту, тады «будавалі грамадства будучыні». У Лукашэнкі адзіны ідэалагічны падмурак – захаванне ўлады.

Артыкулы
Неасталінская прапаганда. Што адбываецца ў Беларусі з гісторыяй Другой сусветнай вайны
2021.06.22 08:00

Можна казаць ужо не пра 1937, а пра 1938 год

Цяпер у жорны рэпрэсіяў пачынаюць трапляць не толькі «змагары-бэчэбэшнікі», як кажуць ва ўладзе, але і выпадковыя людзі, і людзі з сістэмы, нават сілавікі. На думку Станкевіча, гэта паралель з тым, што адбывалася ўжо не ў 1937 годзе, а ў 1938-м:

«Калі ўсіх актыўных забралі, пачалі забіраць тых, хто забіраў».

Рэпрэсіі пачынаюць кранаць і адмыслоўцаў з розных галінаў, з дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў. Замяніць іх адданымі ўладзе не атрымаецца, бо адданых уладзе спецыялістаў не хопіць. У сталінскі час з гэтай праблемай таксама сутыкаліся: кажуць нават, што Сталін спыніў Вялікі тэрор 1937–1938 гадоў, калі зразумеў, што эканоміка прасядае. У беларускай эканоміцы гэта пакуль не так выразна адчуваецца дзякуючы вонкавым фактарам, але ўжо блізіцца час, калі пачнуцца збоі, мяркуе Станкевіч.

Сталінскія рэпрэсіі скончыліся толькі па смерці Сталіна, а што сучасныя?

Як сталінская, так і лукашэнкаўская сістэма збудаваныя вакол адной асобы. Пасля смерці Сталіна сістэма ГУЛАГу практычна адразу была дэмантаваная, як спынілі і шмат прамысловых праектаў Сталіна, і вярнулі «кааліцыйную» сістэму кіравання, бліжэйшую да ленінскага часу.

Марш жанчын
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Тое самае з лукашэнкаўскай сістэмай: Лукашэнка цяпер бачыць, што перадаць уладу няма каму, бо сістэма збудаваная так, што толькі ён можа заставацца на вяршыні, а калі ён сыходзіць, уладная піраміда будзе рассыпацца, – разважае Станкевіч. – Ужо цяпер міністэрствы ўзначальваюць сілавікі, заточаныя на тое, каб выконваць загад. А калі раптам штосьці здарыцца з дыктатарам, хто ім будзе аддаваць загад?»

Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, пакуль яго падтрымлівае Расея, гэтая сістэма будзе захоўвацца, мяркуе Станкевіч. Ён не бярэцца прагназаваць, як доўга будуць трываць рэпрэсіі, але адзначае, што сістэма ўжо працяглы час працуе з максімальным напружаннем, а доўга існаваць у такім стане немачыма, бо гэта самаразбурэнне.

«Краіна даносчыкаў» – гэта міф

У 2021 годзе «Кіберпартызаны» апублікавалі базу тэлефанаванняў у міліцыю з палітычных прычынаў – сталі вядомыя звесткі пра амаль тры тысячы такіх выклікаў-даносаў. Нават калі там не ўсе даносы, гэта няшмат, мяркуе Станкевіч, і гэта нармальна, бо ёсць пэўны адсотак людзей, які шчыра лічыць няправільным тое, на што яны данеслі.

Да таго ж, цяпер гісторыкі, якія грунтоўна займаюцца тэмай рэпрэсіяў, прыходзяць да высновы, што даносы ў сталінскі час не мелі істотнай ролі, кажа Станкевіч. Кампанія рэпрэсіяў была запушчаная зверху, давалі планы таго, колькі людзей трэба «правесці па 1-й катэгорыі» (расстраляць) ці «правесці па 2-й катэгорыі» (выслаць у лагер). Знізу пайшла ініцыятыва, спаборніцтва: давайце зробім больш, заб’ем на тысячу больш, вышлем на дзве тысячы больш. Даходзіла да таго, што расстраляць маглі проста за «польскае» прозвішча, нават калі «вінаваты» быў габрэем.

«Даносы, як кажуць гісторыкі, нават перашкаджалі НКВД працаваць! – распавядае Станкевіч. – Данос – такая рэч, з якой трэба разбірацца, заводзіць справу, хадзіць апытваць… Прасцей жа ўзяць чалавека праз адрасную ці тэлефонную кнігу, пасадзіць у турму, змусіць абгаварыць сябе, суседа ці сваяка, а потым расстраляць».

Даследчык прапаноўвае рабіць большы акцэнт не на даносах, а на прыкладах салідарнасці, якіх у 2020–2021 гадах было нашмат больш. У сталінскі час не было ні падтрымкі ад дыяспары, ні фондаў салідарнасці, ні шмат чаго яшчэ, што рабілі і робяць беларусы цяпер.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Чаму ў БССР не было такой салідарнасці – бо не было чатаў?

«Мы шмат чаго не ведаем. Я б не казаў, што тады зусім не было салідарнасці, – адказвае Станкевіч. – Больш за тое, сённяшнія ўлады імкнуцца, каб мы не ведалі амаль нічога пра тыя рэпрэсіі, якія былі ў сталінскія часы, бо адразу ўзнікае зашмат паралеляў».

Артыкулы
У школах з’явіліся «адрэагаваныя» падручнікі па «Гісторыі Беларусі» для старшакласнікаў
2021.09.10 18:48

АА belsat.eu

Стужка навінаў