«Спроба Кантролю» мастачкі Дашы Бубен. Пачуцці 2020-га ў колерах


28 кастрычніка ў варшаўскай галерэі мастацтва Юліі Стратовіч «Poznańska 24» адкрыецца (а 18-ай гадзіне) выстава Дашы Бубен «Спроба Кантролю». Беларуская мастачка пераўтварае пачуцці ў колеры і гэтым прапрацоўвае ўсё, што нам пакінуў 2020 год. Мы завіталі ў арт-прастору напярэдадні адкрыцця: аўтарка распавяла, што хаваецца за рознакаляровымі плямамі на палотнах, ці магчыма ўтрымаць кантроль на ўласным жыццём і куды бегчы ад смутку.

Даша Бубен перад адкрыццём выставы «Спроба Кантролю» у галерэі мастацтва Юліі Стратовіч (ul.Poznanska24). Варшава, Польшча. 27 кастрычніка 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Жнівень-2020 адбіўся шчыльнаю рознакаляроваю плямаю на жыцці беларусаў. Падчас яднання і супраціву грамадства мастацкі патэнцыял расквітнеў з невідавочных бакоў. Вострыя плакаты, смешныя інсталяцыі і кранальны жывапіс ад тых, хто нават сам ад сябе такога не чакаў, паланілі вуліцы краіны, інтэрнэт-прастору і выставы ў краіне ды за яе межамі. Разгортваліся падзеі, плыні настрою грамадства змяняліся з эйфарыі на смутак і назад, мастацтва заставалася адбіткам рэчаіснасці, яе перапрацоўкаю.

Фотамастачка Даша Бубен перажывала падзеі складанага 2020 года ў Варшаве: разам з каранціннымі абмежаванням, немагчымасцю пабачыць сваякоў і цалкам адчуць захапленне ад знаёмства з суайчыннікамі на родных вуліцах. Даша адшукала свой удзел у беларускай рэвалюцыі праз валанцёрскую дапамогу, а ў жывапісе знайшла выйсце да прыгажосці і адначасова тэрапію.

«Стала відавочна, што кантраляваць сваё жыццё немагчыма, ёсць акалічнасці, мацнейшыя за мяне, праз якія цяжка пераступіць. Усё, што я магу, – толькі спрабаваць захаваць раўнавагу і гармонію праз псіхалагічныя трансфармацыі. Гэтая выстава сталася метафараю зменаў, што адбываюцца, калі я спрабую пракантраляваць сваё жыццё. Я абрала асаблівы спосаб, калі насамрэч толькі спрабую захаваць кантроль: вадкая фарба вельмі хутка цячэ па прасторы палатна ў маіх руках, я спрабую схапіць момант, фарба расплываецца. А гэта менавіта як у жыцці: ты можаш спрабаваць, але вынік будзе цалкам незразумелым і непрадказальным. Пакідаю палатно высыхаць, і тое, што дзеецца далей, – наагул загадка. Так я дайшла да высновы, што істотна заставацца вадкім, прымаць форму, быць самою вадою», – кажа мастачка.

Фота: Света Фар / Белсат

Унутраныя перажыванні часам немагчыма перадаць словамі, часцяком эмацыйныя рэакцыі адчуваюцца фізіялагічна альбо асацыятыўна, у Дашыным выпадку пачуцці выяўленыя колерамі. «Кожны колер – гэта код нейкага пачуцця. Выстава пачынаецца са смутнага, цёмнага стану пустэчы ды журбы – дастаткова моцных пачуццяў, вартых каб пра іх казаць, за ім – чырвоны, колер майго болю, а далей ідуць выбітныя, пяшчотныя пачуцці, якія таксама ёсць у нашым жыцці, і пра гэта не варта забываць», – кажа Даша Бубен.

Даша скончыла Акадэмію мастацтва ў Менску, брала ўдзел у стварэнні часопісу «Таймер» як фатографка і фотарэдактарка, займалася арт-тэрапіяй для ахвяраў хатняга гвалту. У 2018 годзе зрабіла праект «Ацалелая», які дапамагаў жанчынам ізноў адчуць сябе каштоўнымі, прывабнымі і годнымі асобамі. «Гэта была нішавая ініцыятыва ад жанчын да жанчын, супраціў хатняму гвалту ў краіне, дзе дасюль няма закону пра гэта, дзе ініцыятывы дапамогі пацярпелым знішчаюцца. Беларуская амбасада ў Вене запрасіла нас прэзентаваць гэты праект у офісе АБСЕ. То бок выглядала так, што дзяржаўная машына пастанавіла зрабіць сабе піяр за наш рахунак у галіне правоў чалавека, замест таго каб распрацаваць адпаведны закон. Разабрацца спачатку, што адбываецца ў краіне, і толькі потым рэкламаваць прасоўванне каштоўнасцяў у Беларусі», – дзеліцца суразмоўца «Белсату».

Дарэчы, гэты момант і стаў апошнім штуршком да пастановы выехаць з Беларусі.

Фота: Света Фар / Белсат

У новых працах адчуваецца непрадказальнасць, далёкая нават ад аналагавай фатаграфіі, дзе таксама ёсць месца для эксперыментаў. «З фатаграфіяй прасцей: чакаеш выніку, але ты альбо сапсавала стужку, альбо не. Менавіта з гэтаю тэхнікаю значна цікавей, бо трэба быць сфакусаванай на моманце, але ўсё роўна дазваляць сабе недасканаласць, абстрагавацца ад крытыкі і даверыцца працэсу. Напэўна, гэтая выстава не пра тое, што палітызавана і актуальна, яна пра мае пачуцці наконт падзеяў, якія мы перажываем тут і цяпер пасля 2020 года, гэта спроба рухацца далей, не зважаючы на тое, што адбываецца», – падсумоўвае фотамастачка.

Hавiны
«Мы не хацелі быць пасіўнымі назіральнікамі». Размова з каардынатаркай выставы «Штучная кома»
2021.10.24 13:51

Святлана Фар belsat.eu

Стужка навінаў