Справу, заведзеную на берасцейца Ігара Бараноўскага за рэпосты з «Белсату», вярнулі на дапрацоўку

Берасцейскага краязнаўцу, рэдактара газеты «Царква» Ігара Бараноўскага планавалі судзіць за рэпосты з «Белсату». Суд павінен быў прайсці 28 кастрычніка, але працэс так і не адбыўся. Справу вярнулі на дапрацоўку.

Пра гэта Баранаўскі даведаўся, калі ў прызначаны дзень пачатку разбіральніцтва прыехаў у суд Маскоўскага раёну Берасця.

– Суд адносна маёй справы перанеслі на іншы, невядомы тэрмін. Справу суддзя Раман Карабан адправіў на дапрацоўванне. Усё настолькі там з пальца высмактана, што суддзя адмовіўся ў такім выглядзе яе разглядаць. Але, не выключаю, што ў міліцыі пратакол перапішуць, – сказаў у размове з «Белсатам» Ігар Бараноўскі.

27 ліпеня (у дзень, калі матэрыялы «Белсату» былі прызнаныя экстрэмісцкімі) Бараноўскі размясціў у сваіх сацсетках дзве спасылкі на «Белсат». Па адной спасылцы было відэаінтэрв’ю Ціханоўскай, па другой – банер з інфармацыяй пра колькасць палітвязняў у краіне.

На краязнаўцу завялі адміністратыўную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавоз інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць»). Але міліцыя не ўлічыла, што ў адміністратыўнай справе можна судзіць толькі на працягу двух месяцаў пасля здзяйснення правапарушэння, і на Бараноўскага наагул не мусілі складаць пратаколу.

– Цяпер міліцыя не глядзіць на тэрміны, цяпер не да закону, таму і зʼяўляюцца такія справы ды пратаколы. І бачым, што суддзя не стаў яе разглядаць, але я б не ставіў у гэтай гісторыі кропку, – пракаментаваў сітуацыю «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

АЛ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны