Словы беларускай рэвалюцыі – дваровыя чаты. На піку пратэстаў іх было больш за 700 па ўсёй краіне


Мінулым летам у Беларусі нарадзілася ўнікальная з’ява, якая дапамагла аб’яднаць беларусаў – суседзяў з дому ці раёну. І калі раней суседзі ў двары маглі толькі мімаходзь павітацца адно з адным, то цяпер сталі ўтварацца сапраўдныя супольнасці, дзе людзі знаёміліся і арганізоўвалі імпрэзы: ад чаявання да паходу маршам па раёне. Гаворка, як вы маглі здагадацца, пра дваровыя чаты ў «Тэлеграме». «Белсат» працягвае згадваць словы беларускай рэвалюцыі.

Паводле некаторых падлікаў, у беларускім «Тэлеграме» ў жніўні 2020 года было больш за 2,4 мільёна карыстальнікаў (пры насельніцтве 9,3 мільёна чалавек). Менавіта гэтая пляцоўка ва ўмовах разгрому незалежных медыяў і блакавання сайтаў зрабілася асноўнаю крыніцай інфармацыі пра падзеі ў краіне ды інструментам самаарганізацыі беларусаў.

Інфаграфіка «Белсату»

Колькасць дваровых чатаў назваць складана, мы прыводзім звесткі з адкрытых крыніцаў, аднак колькі іх было насамрэч, падлічыць немагчыма. Пазней улады давалі справаздачу, што расправіліся над тысячамі такіх дваровых групаў па ўсёй краіне.

Дваровыя чаты найраней з’явіліся на ўскраінах Менску, у новых мікрараёнах. Людзі заязджалі ў новыя дамы ды ядналіся для развязання побытавых праблемаў яшчэ да пратэстаў. Да цэнтру новаўвядзенне дайшло пазней.

У самым пачатку, у жніўні 2020-га, калі пачаліся тыя самыя дваровыя чаяванні, быў момант сапраўднай эйфарыі. Людзі сустракаліся ў сваіх дварах пасля працы ці мітынгу і абмяркоўвалі апошнія навіны, дзяліліся меркаваннямі, распавядалі пра гвалт і беззаконне, з якім сутыкаліся, абменьваліся бел-чырвона-белымі налепкамі і бранзалетамі. Пілі гарбату і ладзілі пікнікі, прыносілі печыва, пірагі, цукеркі. Людзі абмяркоўвалі як палітыку і дапамогу затрыманым, так і шараговыя рэчы: стан сваіх дамоў і двароў, дзяцей, школу. Міліцыя часта назірала за тым, што адбываецца, але не ўмешвалася.

Артыкулы
Юрыст: Прызнанне чатаў экстрэмісцкімі фармаваннямі – пераслед паводле палітычных мэтаў
2021.10.28 10:00

Пасля штодзённыя пікнікі перараслі ў больш грунтоўныя акцыі: лекцыі, сустрэчы з музыкамі, флэш-мобы, фрымаркеты, якія збіралі сотні чалавек. Адчуўшы сябе часткаю супольнасці, беларусы пачалі браць на сябе адказнасць за свой двор: супольна яго прыбіралі, саджалі дрэвы, развязвалі агульныя праблемы. Дзякуючы дваровым чатам удавалася таксама арганізоўваць акцыі ды маршы па раёнах. Разам з малымі былі чаты і на тысячу чалавек – групы людзей з пэўнага раёну.

Жыхары Кунцаўшчыны прайшліся маршам па вуліцы Прытыцкага. 15 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Беларусы былі гатовыя абараняць каштоўнасці, якія асэнсавалі і прынялі. Напрыклад, калі працаўнікі ЖКГ чарговы раз замазвалі бел-чырвона-белы сцяг ці зразалі павешаныя бел-чырвона-белыя стужкі, суседзі ішлі і зноўку малявалі ды вешалі стужкі ў колерах нацыянальнага сцяга. Згадайма сапраўднае свята творчасці і крэатыву, калі раёны спаборнічалі ў тым, хто прыдумае найлепшы сцяг і сімвал.

Позняю восенню, калі ўлады пачалі раскручваць махавік рэпрэсіяў, маршы ды шэсці перасталі быць гарадскімі і перакінуліся ў мікрараёны. Адміністратары дваровых чатаў узяліся за арганізацыю такіх маршаў і сталіся мішэнню для сілавікоў. Супраць іх заводзіліся справы, іх вымушалі ўцякаць з Беларусі, каго затрымлівалі – прымушалі перапрашаць на відэакамеру. Увесну 2021 года ціск узмацніўся яшчэ больш. Следчы камітэт Беларусі абвясціў, што ўдзел у тэлеграм-чатах прыраўноўваецца да экстрэмісцкай дзейнасці.

Тым не менш дваровыя чаты паказалі, што беларусы здольныя самаарганізоўвацца і быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.

Абноўлена
МУС прызнала першае «экстрэмісцкае фармаванне»: партал Dze.chat
2021.10.18 15:21

Чытайце таксама:

Акрэсціна: сімвал эвалюцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Галоўныя словы беларускай рэвалюцыі

Віктар Бабарыка пра беларускую рэвалюцыю: «Не спыняйцеся! Лёгкім бывае толькі шлях у рабства»

Беларусы ўмеюць дапамагаць: словы беларускай рэвалюцыі

«Такога народу дэпутаты раней не бачылі». Горадня – першы Вольны горад

СП belsat.eu

Стужка навінаў