Салігорскі «Шахцёр» зноў чэмпіён Беларусі па футболе. Чаму ён і якім коштам


«Шахцёр» стаў чэмпіёнам Беларусі па футболе другі год запар.
Фота: ФК «Шахтёр» Солигорск / Вконтакте

«Шахцёр» 27 кастрычніка перамагае на выездзе з лікам 3:2 Гомель і другі год запар бярэ золата чэмпіянату Беларусі. Ні для каго гэта не стала неспадзяванкаю, бо ў супернікаў, «гарнякоў», і блізка няма такіх рэсурсаў: Салігорск мае найбольш грошай, найлепшых гульцоў і самы вялікі адміністратыўны рэсурс.

Самы багаты клуб краіны

Паводле інфармацыі з розных крыніцаў, гэтаю зімою «Шахцёр» выдаў на набыццё новых гульцоў 1,1–1,5 мільёна еўраў. Гэтак, за гамбійца Дэмба Дарбо заплацілі ад 600 тысячаў да 1 мільёна еўраў (гэта рэкордны трансфер у гісторыі салігорскага клубу). Пры гэтым афрыканец стаўся сапраўдным адкрыццём чэмпіянату краіны: забіў 18 галоў і аддаў 7 галявых перадачаў. Цяпер яго можна выгадна прадаць.

Іншы афрыканскі гулец, Эзэ Вінсэнт, каштаваў 300 тысяч еўраў, у 150 тысяч долараў абышоўся ўзбек Шахзод Убайдулаеў, а албанца Валёна Ахмэдзі набылі за 100 тысяч долараў. Іншыя гульцы, як, напрыклад, былыя лідары барысаўскага БАТЭ Ягор Філіпенка ды Ігар Стасевіч, прыйшлі ў «Шахцёр» бясплатна, але з разлікам на вельмі высокія заробкі. Улетку ў славенскага «Дамжале» за 600 тысяч еўраў «Шахцёр» набыў 21-гадовага форварда Дарыё Калабарыча, перацягнуў яшчэ аднаго былога лідара БАТЭ – Максіма Скавыша. Суму трансферу трымаюць у сакрэце. Ясна, што пры такіх фінансавых магчымасцях «гарнякі» у Беларусі – каралі.

Правал у Еўропе

Сезон «Шахцёр» пачаў з першай у сваёй гісторыі перамогі ў Суперкубку Беларусі, перагуляўшы ў пенальці БАТЭ. А потым быў шыкоўны старт у чэмпіянаце Беларусі: 13 перамог у 13 матчах. Была сярод гэтага і лыжка дзёгцю: у траўні салігорцы вылецелі з Кубка Беларусі, сенсацыйна саступіў «Іслачы». Далей болей: правал на міжнароднай арэне. Спачатку «Шахцёр» двойчы з лікам 0:1 саступае балгарскаму «Лудагорэцу» ў Лізе чэмпіёнаў і вылятае з галоўнага клубнага турніру кантыненту. Не ўдалося і ў Лізе канферэнцыяў, дзе лідар беларускага футболу сенсацыйна саступіў «Фолі» з Люксембургу 1:2. Пасля гэтай гульні звольнілі галоўнага трэнера Рамана Грыгарчука. А каманду прыняў Сяргей Гурэнка, і гэта быў няўдалы досвед. «Шахцёр» ізноў прагуляў «Фолі» і ганебна пакінуў еўракубкі, саступіў у некалькіх матчах чэмпіянату краіны ды вылецеў з новых гульняў на Кубак Беларусі. У выніку Гурэнку звольнілі, і ў канцы верасня каманду прыняў Аляксей Бага. У яго атрымлівалася лепей: 6 матчаў і столькі ж перамог.

«Шахцёр» – чэмпіён Беларусі 2020 года.
Фота: ФК «Шахцёр»

Гаспадар і ягоная любімая цацка

Апошнія поспехі і магчымасці «Шахцёра» звязаныя з імем генеральнага дырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага. Прызначаны на гэтую пасаду ў 2014 годзе, ён адразу актыўна стаў фінансаваць футбольны клуб. Паводле самых сціплых ацэнак, за апошнія сем гадоў у ФК «Шахцёр» уклалі не менш за 50 мільёнаў долараў. Футбольны клуб называюць любімаю цацкаю дырэктара, на яе ён не шкадуе грошай, хоць не заўсёды гэта эфектыўна ды апраўдана. Цяпер Галаваты не толькі дырэктар «Беларуськалію» ды чалец Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, але і хросны бацька дачкі Віктара Лукашэнкі. Асабліва актыўна «Беларуськалій» стаў траціць за апошнія два чэмпіёнскія сезоны. Сёння ніводны беларускі клуб не зможа нават параўнацца з Салігорскам у фінансавым плане. Не дзівіць, што другі год запар «Шахцёр» – чэмпіён.

Глеб Сандарс: Заробкі футбалістаў выклікалі ў звычайных працаўнікоў прадпрыемства дысананс

У 2020 годзе Глеб Сандарс працаваў на «Беларуськаліі» аператарам заправачнай станцыі. У жніўні мінулага года ён падтрымаў забастоўку на прадпрыемстве і стаў прэс-сакратаром страйкаму «Беларуськалію». Глеба зволілі, пасля чаго ён быў вымушаны зʼехаць за мяжу.

– Апошнія гады да футбалістаў «Шахцёра» на прадпрыемстве і ў горадзе не ставіліся, як да людзей, якіх хочацца падтрымліваць. Толькі за 2020 год на футбольны клуб «Беларуськалій» патраціў мінімум 6 мільёнаў долараў. Пры гэтым рабочыя прадпрыемства прыходзяць на працу і бачаць, у якіх умовах ім даводзіцца працаваць, бачаць стан тэхнікі ды інструментаў і разумеюць, што гэтыя грошы маглі пайсці на іхныя патрэбы. І заробкі футбалістаў выклікаюць дысананс. Раней, вядома, салігорцы падтрымлівалі каманду, хадзілі на яе гульні, але апошнімі гадамі – не. Каманда ператварылася ў любімую цацку дырэктара Галаватага, і людзям гэта не падабалася. Клуб ніяк не падтрымліваў іх і беларускую мову, нават прозвішчы на гульнёвай форме адмаўляўся пісаць на беларускай мове. Тым часам фанаты «Шахцёра» пайшлі шляхам беларусізацыі. Не дзіўна, што фанаты сталі байкатаваць гэтую каманду. Дый звычайныя рабочыя не вельмі падтрымлівалі яе, для гэтага ў іх было шмат прычынаў, – кажа ў размове з «Белсатам» былы працаўнік прадпрыемства Глеб Сандарс.

Глеб Сандрас у офісе Bysol. Вільня, Літва. 20 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар

Дзяніс Парэчын: Паступіў званок – і мяне прыбралі

Палітычныя звальненні былі не толькі на «Беларуськаліі», але і ў футбольным клубе «Шахцёр». Улетку 2021 года новы галоўны трэнер клубу Сяргей Гурэнка запрасіў у свой штаб трэнера брамнікаў і падпісанта ліста за сумленныя выбары Дзяніса Парэчына. У клубе Дзяніс папрацаваў адзін дзень. Цяпер ён за мяжою, трэнуе брамнікаў у клубе «Сталь» са Сталёвай-Волі.

– Маё дзённае прыбыванне ў «Шахцёры» нельга назваць працаю. Кіраўніцтва клубу прыйшло на трэнаванне і пастанавіла, што я трэнер вельмі нізкага ўзроўню ды не пасую для высокіх мэтаў «Шахцёра». І ўсё, мы развіталіся. Але калі сцісла апісаць, што здарылася са мной у «Шахцёры», паступіў званок – і мяне прыбралі, – кажа Дзяніс Парэчын у размове з «Белсатам».

Пры гэтым Дзяніс адзначае, што перамога «Шахцёра» у чэмпіянаце нікога не магла здзівіць, было б дзіўна, каб клуб з такімі рэсурсамі не перамог.

– Гэта годная каманда з усімі выгадамі, яна перамагла ў чарговым чэмпіянаце, яна па-за канкурэнцыяй. Яны перамагаюць дзякуючы людскому і фінансаваму рэсурсам. У фінансавым плане ў Беларусі з імі, на жаль, ніхто канкураваць не можа. Каб даведацца, чаму так адбываецца, трэба патэлефанаваць у Міністэрства спорту ці вышэй, там дакладна скажуць, – адзначае трэнер.

Футбольны матч «Шахцёра» і «Лудагорцу» у Сербіі. 13 ліпеня 2021 года.
Фота: ФК «Шахтёр» Солигорск / Вконтакте

Міхаіл Залеўскі: «Шахцёр» можа сабе дазваляць недазваляльную раскошу, калі навокал усе прасядаюць ува ўсіх аспектах

Былы генеральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі таксама падтрымаў беларускі народ і быў вымушаны пакінуць краіну.

– Сёння «Шахцёр» у фінансавым плане не супастаўляльны з канкурэнтамі. І змагацца з ім у гэтым аспекце сёння проста немагчыма. Усе разумеюць, што Салігорск жыве на дзяржаўныя грошы, вялікі дзяржаўны гігант запэўнівае падушку бяспекі клубу, які можа сабе дазваляць недазваляльную раскошу, калі навокал усе прасядаюць ува ўсіх аспектах, – сказаў у эфіры YouTube-каналу «ЧестнОК» былы генеральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі.

Беларускі спартовы журналіст: «Шахцёр» выбіваецца з нашай рэчаіснасці, ніякіх эмоцыяў ад яго перамог няма

Беларускія спартовыя журналісты, якія яшчэ засталіся ў Беларусі, згодныя даваць каментары «Белсату» толькі на ўмовах ананімнасці. Вось думка аднаго з іх:

– Па вялікім рахунку, ніякіх эмоцыяў ад таго, хто сёлета будзе чэмпіёнам Беларусі па футболе, няма. І, мне падаецца, у шмат якіх заўзятараў такая думка. Нават калі пакінуць убаку фактар палітычнага крызісу ў краіне, які істотна паўплываў на антураж спартовых спаборніцтваў (байкот гульняў з боку груповак футбольных фанатаў – гэта асобная тэма), дастаткова ўзяць пад увагу вынікі сёлетніх выступленняў беларускіх камандаў і зборных у Еўропе. Такога правалу ў футбольных клубаў нашай краіны ў еўракубках не было даўно, а нацыянальная зборная неўзабаве можа нават не трапіць у сотню сярод сабе падобных паводле рэйтынгу ФІФА.

Калі ж весці размову ўсё ж пра «Шахцёр», то гэты клуб у цяперашніх эканамічных умовах выбіваецца з агульнай рэчаіснасці, якая апанавала беларускі футбол, дзе грошай усё меней. Пра паразы салігорскай каманды на еўрапейскіх стадыёнах можна рабіць камедыйны серыял, але яшчэ ёсць экзатычныя і малазразумелыя трансферы, дзіўныя трэнерскія адстаўкі ды іншае. Таму пры салідных фінансавых укладаннях задавальняцца толькі перамогай у чэмпіянаце Беларусі – даволі сціплы вынік.

АС belsat.eu

Стужка навінаў