Прарыў Беларусі ў сусветнай оперы. Як такое сталася магчымым?


Італьянская «La Scala», «Metropolitan Opera» ў ЗША, Марыінскі тэатр у Пецярбурзе – на ўсіх гэтых славутых сцэнах выступаюць беларусы. Хто гэтыя галасы і ў чым прырода беларускага опернага феномену?

Нарадзінец Маладзечна Уладзіслаў Сулімскі марыў быць футбалістам, але са спортам не склалася. Пайшоў у музычную вучэльню на скрыпку – адлічылі за непаспяховасць. Вось-вось магла прыйсці позва з ваенкамату. І тады Сулімскаму прапанавалі перапаступіць у музвучэльню на вакальнае аддзяленне. Выявілася, што ў юнака – неймаверны талент.

Пераважна барытон выступае на сцэне Марыінскага тэатру ў Пецярбурзе, але пастаянна гастралюе. У ягоным CV – больш як 200 оперных пляцовак па ўсім свеце. Няспынная праца над тэхнікай вакалу, харызма і стабільна бліскучая форма зрабілі яго сусветна вядомым.

Музычныя крытыкі называюць Сулімскага «адным з найлепшых расейскіх спевакоў», хоць барытон падкрэслівае, што ён у першую чаргу – з Беларусі.

Як склалася кар’ера Іллі Сільчукова?

Пасля выбараў-2020 Сільчукоў – яшчэ адзін беларускі барытон і экс-зорка Нацыянальнага тэатру оперы і балету – публічна выказаўся супраць гвалту і тэрору. Зразумела, Іллю Сільчукова звольнілі. Але трагедыяй для такога высакакласнага артыста гэта не стала.

У лістападзе адбудзецца дэбют пратэставага барытона ў французскай оперы «Montpellier». Гэта будзе спектакль «Папялушкі».

Прарыў Беларусі ў сусветнай оперы. Як такое сталася магчымым?
Ілля Сільчукоў.
Фота: Aniko Nedelko

Падзеі ў Беларусі і пандэмія каронавіруса дапамаглі Іллю Сільчукову вызваліць час для эксперыментаў. Ён рэалізуецца ў кірунку поп-оперы (так званая кросоўвэр-опера). Беларускамоўныя і расейскамоўныя кліпы з удзелам барытона стабільна набіраюць ад 100 тысяч праглядаў. А некаторыя відэа паглядзелі больш за мільён разоў. Такім чынам, Сільчукоў апрыёры застаецца сёння адным з самых знаных беларускіх артыстаў.

З берасцейскага псіхолага – у сусветныя зоркі

Аляксандр Раславец нарадзіўся ў вёсцы ў Берасцейскай вобласці, з дзяцінства браў удзел у рок-гуртах, але вучыцца пайшоў на псіхолага. Паралельна працягваў спяваць у царкоўных хорах.

Ва ўзросце 23 гадоў Раславец зразумеў, што хоча звязаць жыццё са спевамі і падаўся у кансерваторыю Пецярбургу. Кар’ернага ўзлёту ўсё не было, замацавацца ў Марыінскім тэатры ці Вялікім тэатры Масквы не ўдалося. Фурор здарыўся ў «La Scala» – адным з самых прэстыжных тэатраў свету.

Прарыў Беларусі ў сусветнай оперы. Як такое сталася магчымым?
Аляксандр Раславец.
Фота: a.roslavets / Facebook

Раслаўца запрасілі ў якасці дублёра падстрахоўваць італьянскую зорку Мікеле Пэртузі (Michele Pertusi) ў спектаклі «Алі Баба і сорак разбойнікаў», галоўная роля. У апошні момант Пэртузі даў адбой, а Раславец, замяніўшы яго, выступіў з фурорам. І сам стаў сусветнай зоркай.

Апошнім часам Аляксандр супрацоўнічае з операю Гамбургу.

Самы гламурны беларускі оперны спявак

Ёсць шэраг выпадкаў, калі на лёс беларусаў уплываюць сусветныя легенды. Бас-барытон Анатоль Сіўко натхняўся расейцам Дзмітрыем Хварастоўскім. І дасягнуў таго, што выступаў з кумірам на адной сцэне.

Што праўда, Сіўко таксама стаў топам – выступаў у Каралеўскай оперы Лондану, Венскай оперы, Берлінскай оперы і гэтак далей.

Прарыў Беларусі ў сусветнай оперы. Як такое сталася магчымым?
Бас-барытон Анатоль Сіўко.
Фота: anatoli.sivko / Facebook

Цікава, што Сіўко не цураецца дэманстраваць сваё прыватнае жыццё і захапленні. Ён займаецца трыятлонам, трэнуецца ў спартовай зале, любіць прафесійныя фотасесіі. Адным словам, секс-сімвал і ідэальны герой для нашых глянцавых часопісаў, калі б такія ў Беларусі былі.

Пратэжэ Плясіда Дамінга

У 2018 годзе беларускі тэнар Павел Пятроў перамог на значным конкурсе «Operalia». Гэта музычнае спаборніцтва заснаваў сам маэстра Плясіда Дамінга, які вывеў Пятрова на якасна новы медыйны узровень.

Нядаўна беларускі тэнар вылецеў у ЗША, дзе тэатры абуджаюцца ад каронавіруснай спячкі. Спадзяёмся, што амерыканскі этап опернай кар’еры Пятрова будзе ўдалым.

Павел Пятроў.
Фота: The International Grand Prix of Romania «Trophaeum Artis Cantorum»

У чым прычына прарыву?

Ілля Сільчукоў раіць не здзіўляцца беларускаму опернаму феномену. Да першага падзелу Рэчы Паспалітай на нашых землях было аж 18 оперных тэатраў. Беларусы былі высокакультурнай нацыяй, з магутным патэнцыялам.

«А цяпер з’явілася цэлае пакаленне беларусаў, якія выраслі ў незалежнай краіне, складаецца нацыянальная школа, – тлумачыць Сільчукоў. – Цяпер трэба проста глядзець на афішы буйных тэатраў, і мы пабачым там шмат беларусаў. На жаль, не многія з іх на радзіме знаныя і ацэненыя годна. Мы пераасэнсоўваем сваю спадчыну, а таксама сваіх культурных дзеячаў. Факт, што яны шмат чаго дасягаюць у свеце сёння».

Барытон Уладзіслаў Сулімскі, разважаючы пра беларускія оперныя традыцыі, прыводзіць у прыклад Міхаіла Забэйду-Суміцкага, які ў пачатку 1930-х гадоў спяваў у «La Scala» і быў сусветна вядомым.

«Усходнеславянскія галасы – яны ўсе настолькі багатыя тэмбральна, што могуць параўнавацца з пластом італьянскіх галасоў пачатку 20 стагоддзя, – аналізуе маэстра. – Ідзе зрух нараджальнасці оперных спевакоў. Я магу цвёрда сказаць, што нашая зямля, беларуская – адзін з самых галоўных пастаўляльнікаў кадраў. Іх вельмі шмат і іх вельмі цэняць у Еўропе і ўвогуле ў свеце».

Што датычыць беларускіх оперных спявачак, то карціна не менш пазітыўная. Агляд пра іх мы падрыхтуем неўзабаве.

belsat.eu

Стужка навінаў