Крымінальнікі Аляксандра Лукашэнкі супраць Паўла Латушкі. Раскрываем твары, імёны, схемы


Спецслужбы Аляксандра Лукашэнкі рыхтуюць тэрарыстычны акт на тэрыторыі Польшчы з мэтаю знішчыць Паўла Латушку і ягоных паплечнікаў. Выканаўцамі мусяць меркавана стаць крымінальнікі, якіх кантралюе былы намеснік кіраўніка ГУБАЗіКу. І пранікненне баявікоў Лукашэнкі могуць якраз прыкрываць нелегальныя мігранты і эскалацыя крызісу на беларуска-польскай мяжы. Падрабязнасці апублікаваў сайт «EU Observer» у артыкуле пад назвай «Беларускія выгнаннікі ў ЕЗ баяцца забойцаў, звязаных з рэжымам». Хто ўваходзіць у беларускую банду ў Польшчы, мэта якой – Павел Латушка і ягонае Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, глядзіце ў праграме «ПраСвет».

Паводле наяўнай інфармацыі, аперацыяй па арганізацыі тэрарыстычнага акту супраць Паўла Латушкі і ягоных калегаў па Народным антыкрызісным упраўленні займаецца палкоўнік Уладзімір Ціхіня – былы начальнік Другога ўпраўлення ГУБАЗіКу, якое мусіла, так бы мовіць, супрацьдзейнічаць арганізаванай злачыннасці.

«Яго ведалі ўсе крымінальныя аўтарытэты і ўсе супрацоўнікі МУС. Ён мог вырашаць любыя пытанні ў месцах пазбаўлення волі, асабіста ездзіў да крымінальных аўтарытэтаў, сустракаўся з імі і меў нейкую вагу ў іх асяроддзі», – кажа Аляксандр Азараў, прадстаўнік BYPOL.

Аднак у 2019 годзе Ціхіню арыштавала КДБ па вядомай «цукровай справе» – калі кіраўнікі цукровых заводаў пры спрыянні сілавікоў арганізавалі шэрую схему па продажы беларускага цукру ў Расеі. Тады Ціхіню абвінавацілі ў атрыманні хабару і змясцілі ў СІЗА КДБ. Але напрыканцы жніўня 2020 году апальны палкоўнік зноў спатрэбіўся свайму начальству – і яго вызвалілі.

Размова
«Цукровая мафія»: чаму Ціхіня не стаў мільянерам?
2020.02.14 17:00

«Яго выпусцілі з адзінай мэтай: каб ён прапанаваў крымінальным аўтарытэтам у Беларусі выступіць на баку апазіцыі для ўдзелу ў пратэстах, каб пратэсты былі скампраметаваныя», – прыгадвае Аляксандр Азараў. – То бок улады б паказвалі такую карцінку, што затрымліваюць крымінальнікаў, якія ўсе ў «масцях», і тым самым бы казалі, што крымінал падымае паўстанне і змагаецца з Лукашэнкам, а міліцыя абараняе беларускі народ».

Паводле BYPOL, Ціхіня звярнуўся з гэткай прапановай да злодзеяў у законе, аднак атрымаў адмову. Пасля чаго на час знік з радараў. І ўжо ў 2021 годзе атрымаў заданне арганізаваць сілавыя акцыі супраць праціўнікаў Лукашэнкі за мяжою. Дзеля гэтага ён звярнуўся да злодзея ў законе Аляксандра Кушнерава, якога называюць былым штатным кілерам групоўкі Марозава, што дзейнічала ў 1990-я ў Гомельскай вобласці.

Аляксандр Кушнераў.
Фота: www.primecrime.ru

«Злодзей у законе на мянушку Кушнер атрымаў заданне ад Ціхіні выехаць у Еўразвяз для здзяйснення акцый помсты ў дачыненні да лідараў апазіцыі, якія знаходзяцца за мяжой, у тым ліку і BYPOL. Мы своечасова адрэагавалі, устанавілі, што Кушнераў звярнуўся ў польскае консульства за атрыманнем шэнгенскай візы, то бок інфармацыя пацвярджалася, і яму ў візе было адмоўлена», – распавядае Азараў.

Падобна, гэта не стала вялікай перашкодай. Па інфармацыі «Белсату», кіраваць групай па арганізацыі тэракту меркавана прызначылі іншую асобу – Андрэя Паспехава на мянушку Поспех.

Андрэй Паспехаў.
Фота: Vkontakte, старонка Андрэя Паспехава

Пра гэта сведчаць прызнанні чалавека, які адмовіўся сачыць за Латушкам у Варшаве, за што яго збіў Паспехаў і ягоная групоўка:

«Людзі гэтыя з Горадні былі, якія супрацоўнічаюць са злодзеем Кушнерам. Кушнер казаў, рабяты, давайце, душыце яго, бо генерал вісіць на мне. Не злазіць з мяне, каб была інфармацыя. Яны канкрэтна хацелі, каб я даваў інфармацыю, збіраў інфармацыю па НАУ. Укараняюць сюды свае групоўкі наркаманскія. Параджаюць нянавісць, каб палякі нас не любілі, не паважалі. Прымушаюць красці, як гэта было неаднаразова. Спажываюць наркотыкі ды яшчэ іншых падсаджваюць на наркотыкі, каб давалі інфармацыю. Асноўныя людзі – Паспех (Андрэй Паспехаў), Берыш Ваня, Сяргей Таракан».

Пра гэткія планы спецслужбаў Лукашэнкі заяўляў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка:

«Гэтыя злачынцы знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы ды Еўразвязу і рыхтуюць тэрарыстычныя акты супраць мяне і маёй каманды пад кіраўніцтвам МУС Беларусі»

А паралельна рэжым Лукашэнкі працягвае ціск на Польшчу з дапамогаю мігрантаў. І выглядае на тое, што нас чакае далейшая эскалацыя сітуацыі. Днямі нелегалы паспрабавалі сілай прарвацца на тэрыторыю суседняй краіны з выкарыстаннем палак і камянёў – у выніку двое польскіх памежнікаў трапіла ў шпіталь.

Каментуе Вітольд Рэпетовіч, публіцыст Defence24.pl:

«На відэа бачна, што разам з мігрантамі прысутнічалі службы рэжыму Лукашэнкі. Таму я перакананы, што гэтыя атакі арганізаваў рэжым Лукашэнкі. Сабралі адпаведных асобаў з гэтых мігрантаў і правакатараў. Гэта не новая з’ява. Падобныя баявыя групы фармаваліся ў лютым 2020 году на турэцка-грэцкай мяжы, калі турэцкія сілавікі дастаўлялі мігрантаў на мяжу з Грэцыяй і ўзбройвалі іх ёмістасцямі з газам, якімі тыя кідалі ў грэкаў».

Паводле Вітольда Рэпетовіча, Лукашэнка хоча справакаваць страляніну з боку польскіх памежнікаў. Адпаведна, у хуткім часе мігранты могуць выкарыстаць не толькі палкі і камяні, але і іншую зброю для сілавога прарыву мяжы. Не выключаны і сцэнар з падкіданнем целаў мігрантаў на мяжу, каб пасля паведаміць пра ахвяры ў выніку дзеянняў польскіх памежнікаў. Да таго ж рэжым Лукашэнкі можа выкарыстоўваць міграцыйны крызіс для прыкрыцця сваіх іншых планаў.

«Ёсць такая з’ява як функцыя прыкрыцця міграцыйнай плынню: уключэнне ў гэтую плынь асобаў, якія некантралявана мусяць перакрочыць мяжу і правесці на месцы вызначаныя дзеянні. Адпаведна, хаос на мяжы можа быць падставай для перакідвання падобных асобаў», – мяркуе Вітольд Рэпетовіч.

З другога боку, сілавікоў Лукашэнкі ўжо саміх непакоіць вялікая колькасць мігрантаў у Беларусі, якіх пакуль немагчыма масава перакінуць праз межы Еўразвязу. Адпаведна, распрацоўваюцца іншыя варыянты далейшых дзеянняў, калі эскалацыя на мяжы з Польшчай не прынясе патрэбных вынікаў.

«Відаць, з расейцамі ўжо дасягнутая дамоўленасць, і мігрантаў будуць адпраўляць у раён Пскова, каб яны перапраўляліся ў Эстонію і Латвію для далейшай адпраўкі ў Скандынавію, і ў раён Бранску, каб яны праз Харкаўскую вобласць траплялі ва Украіну, а пасля спрабавалі праз Заходнюю Украіну выязджаць у Еўропу», – мяркуе Аляксандр Азараў.

Што праўда, расейцы пакуль не выказвалі асаблівага жадання публічна свяціцца ў дадзенай гісторыі, а выпраўляць тысячы мігрантаў у краіны паходжання Лукашэнка дакладна не будзе. Адпаведна, лёгкага выхаду для шклоўскага дыктатара зараз проста не існуе.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж на прэв’ю: Vkontakte, primecrime.ru, Valery Sharifulin / TASS / Forum

Стужка навінаў