«Іпэшнікі» спадзяюцца распрадаць рэшткі тавару і будуць зачыняцца. У бліжэйшы час спыняць працу каля 20%


Паводле афіцыйнай статыстыкі, індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі хоць і закрываюцца, аднак у адсотках іх становіцца толькі больш. «Белсат» паразмаўляў пра сапраўднае становішча справаў у «іпэшнікаў» з прадстаўніцай аргкамітэту беларускага прафсаюзу «Разам» Ірынай Яскевіч.

Паводле Белстату, за дзевяць месяцаў 2021 году зарэгістраваліся 24 478 індывідуальных прадпрымальнікаў, спынілі сваю дзейнасць 19 489. Найбольш стратаў – у гандлі – 2 322 ІП.

У той жа час на 1 кастрычніка 2021 году ў Беларусі, згодна з афіцыйнай статыстыкай, працавалі 276,4 тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў. У параўнанні з паказчыкам на тую ж дату год таму колькасці ІП павялічылася на 2,7%. А з пачатку году – на 2%.

У 2022 годзе ў Падатковы кодэкс будуць унесеныя змены, згодна з якімі індывідуальныя прадпрымальнікі будуць плаціць падаходны падатак паводле агульнай сістэмы па стаўцы 16%. Мясцовым органам улады будзе дазволена падвышаць гэты падатак да 18%. Адзіны падатак захаваецца толькі для некаторых катэгорыяў прадпрымальнікаў, і, хутчэй за ўсё, будзе адменены ў 2023 годзе.

Аб’ектыў
Беларускі прамысловы цуд: канец хутка?
2021.10.27 23:19

«Белсат» папрасіў пракаментаваць статыстыку, а таксама спрагназаваць будучыню індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі Ірыну Яскевіч, прадстаўніцу аргкамітэту беларускага прафсаюзу «Разам».

Ірына Яскевіч зазначыла, што насамрэч індывідуальных прадпрымальнікаў становіцца менш, а прыгожыя лічбы ў статыстыкаў атрымліваюцца з-за таго, што частка «іпэшнікаў» пераходзіць з рознічнага гандлю ў сферу паслугаў. А ў рознічным гандлі цяпер амаль немагчыма працаваць – ускладняюцца працэдуры закупак, працы з дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмай маркіроўкі тавараў «Электронны знак». Яшчэ больш ускладніць гандаль абавязковае выкарыстанне касавых апаратаў.

– Па-першае, далёка не ўсе прадпрымальнікі, якія працуюць на рынках, валодаюць кампутарам. Па-другое, нас змушаюць купляць касавыя апараты, у інструкцыі да якіх напісана, што яны могуць працаваць пры тэмпературы не ніжэй за 9 градусаў, – кажа спадарыня Яскевіч. – Мы ўнеслі прапанову, каб пры ніжэйшай тэмпературы пісаць мяккі чэк. На што нам адказалі – не, трэба дачакацца, пакуль каса зламаецца, напісаць заяву і яшчэ адрамантаваць яе за кошт прадпрымальніка.

Глядзець у будучыню песімістычна змушаюць і змены ў Падатковы кодэкс.

– Пры новых падатках, а яны будуць вышэйшымі, улічваючы, што заробкі ў людзей зніжаюцца, шмат беспрацоўных, нават калі тавар падаражэе ўсяго на 20 рублёў, можа аказацца, што ён будзе непрадаваемым, бо будзе занадта дарагімі для пакупніка, – зазначае наша суразмоўца.

Паводле Ірыны Яскевіч, вельмі шмат «іпэшнікаў» цяпер спадзяюцца распрадаць рэшты і думаюць зачыняцца. Паводле ацэнак прадстаўніцы аргкамітэту беларускага прафсаюзу, у хуткім часе спыняць працу каля 20% індывідуальных прадпрымальнікаў.

– Усе чакаюць, калі прадпрымальнікі ціха сыдуць, і нікога не клапоціць, што гэта іхнае месца працы, адзіная крыніца заробку, каб карміць сям’ю і вучыць дзяцей, – кажа Яскевіч. – Гэта вельмі сумна, калі сама дзяржава, якая ведае ўсе гэтыя цяжкасці, маніпулюе статыстыкай, каб паказаць, што нас становіцца не менш, а больш. Але насамрэч гэта не так.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў