Два СІЗА, дзве турмы, калонія. Гісторыя Змітра Фурманава, які збіраў подпісы за Ціханоўскую


21 кастрычніка выйшаў на волю Зміцер Фурманаў – палітычны вязень, які праходзіў у «справе Ціханоўскага». Зміцер быў сябрам ініцыятыўнай групы для вылучэння на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі на выбарчым пікеце ў Горадні 29 траўня 2020 года падчас збору подпісаў, пасля асудзілі на 2 гады калоніі паводле арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Пазней тэрмін зняволення працягласцю два гады быў пералічаны: 1 дзень СІЗА залічыўся за 1,5 дня калоніі агульнага рэжыму.

Дзмітрый Фурманаў у парку непадалёк ад дому, дзе ён жыве ў Кiеве.
Фота: ЯА / Белсат

Цягам года і трох месяцаў Зміцер пабываў у двух следчых ізалятарах – на Валадарскага і ў Баранавічах, і ў дзвюх турмах – у Жодзіне і Горадні. Пад канец тэрміну яго перавялі ў калонію «Віцьба», дзе пасля каранціну ён адразу трапіў у штрафны ізалятар і прабыў у ім 1,5 месяца, да дня вызвалення. У гэты дзень яго каля калоніі сустрэлі бацькі. На наступны дзень Зміцер выехаў за мяжу. Мы звязаліся з ім у Кіеве, дзе ён аднаўляецца пасля зняволення.

– У мяне цяпер усё добра. Я аднаўляюся, мне патрэбны яшчэ пэўны час на гэта. Але адчуваю, што з кожным днём мне ўсё лепш, бо людзі побач вельмі мяне падтрымліваюць і ва ўсім дапамагаюць – пачынаючы ад здаровага харчавання і заканчваючы здаровым сном. Са здароўем у мяне агулам усё ў парадку, у эмацыйным і псіхалагічным плане – таксама. Фізічныя нагрузкі за кратамі пайшлі мне на карысць. Фізкультурай я пачаў займацца з першых дзён свайго зняволення. Калі хадзіў на прагулку, рабіў гімнастычныя практыкаванні. У ШІЗА давялося рабіць іх часцей, кожную ноч уставаў і некалькі соцень раз прысядаў ці адціскаўся. Так нават нарасціў мускулатуру. Але для нармальнага фізічнага стану патрэбнае харчаванне, у ШІЗА, зразумела, яго няма, мне давалі баланду, якая толькі дапамагае не памерці з голаду, – распавядае Зміцер.

– Раскажыце пра ўмовы вашага ўтрымання.

– ШІЗА – цяжкае месца, нікому не зычу там апынуцца. Час там ляціць па-рознаму. Спачатку хутка, бо ты ў незнаёмым месцы, спрабуеш адаптавацца і зразумець, што трэба рабіць. У галаве шмат думак, ты пачынаеш будаваць нейкія планы, штосьці прыдумляць, абдумваць. Але час паступова запавольваецца. Ідэі сканчаюцца, і ты па крузе зноўку пачынаеш пракручваць усё ў галаве, будаваць планы B, C і гэтак далей. У пэўны момант, калі ўсе думкі перадумаў, з’явілася пустата ў галаве, і я не ведаў, што рабіць далей. Але знайшоў выйсце – рабіў фізічныя практыкаванні, завёў сабе гадаванца – павучка ў куце, якога можна падкормліваць. Запісаў на сценцы меню, якое там паўтараецца з дня ў дзень. Пісаць там асабліва няма чым, але можна выкруціцца і ўсё ж надрапаць нейкія літары і сімвалы.

Я разумеў, што мне трэба мой тэрмін адседзець там да канца, бо было відавочна, што мяне пасадзілі туды не на кароткі час. Гэтае веданне, калі ўсё скончыцца, таксама дапамагло пратрымацца. Вядома, у нашай сітуацыі магло адбыцца ўсялякае, але ў мяне была надзея, што ёсць фінальны пункт. Усё абышлося, мяне выпусцілі нават на дзень раней. Мяне сустрэлі бацькі, я нарэшце змог іх абняць. Усё цяпер добра.

Пад СІЗА №1, што на вуліцы Валадарскага ў Менску, маці палітвязня Змітра Фурманава Вольга Фурманава і дзяўчына хлопца Вольга Каракіна абвесцілі бестэрміновую галадоўку. Яны выйшлі пад СІЗА з партрэтамі Змітра. На здымку з бацькамі палітвязня размаўляе Святлана Ціханоўская. Менск, Беларусь. 27 ліпеня 2020 года.
Фота: Белсат

– У нядаўнім нашым інтэрв’ю бацькі яшчэ аднаго палітвязня, Андрэя Герасімовіча, распавялі, што іхны сын быў уражаны сустрэчай з вамі ў адной камеры гарадзенскай турмы. Паміж палітвязнямі за кратамі ёсць асобная салідарнасць, падтрымка адзін аднаго?

– Так, сапраўды, некаторы час я сядзеў у адной камеры з Андрэем. Вельмі цікавы малады хлопец, у якога ёсць патэнцыял. Ён захапляецца гісторыяй і любіць беларускую мову, за што я выказваў яму сваю павагу. Да моманту, як мы пазнаёміліся, я ўжо доўга сядзеў па СІЗА, меў пэўны досвед і ведаў, як трэба сябе паводзіць і жыць за кратамі. Каб выжыць там, трымаць сябе ў тонусе, не згубіць самакантролю і не звар’яцець, трэба прытрымлівацца пэўных правілаў. Я падзяліўся з ім сваімі ведамі, ніякіх складанасцяў там няма насамрэч. Галоўнае ў тых месцах: заставацца чалавекам і паводзіць сябе годна ў любых абставінах, заставацца самім сабой, не ўдаваць з сябе нейкага супергероя. Проста будзь самім сабой, і ўсё будзе добра. Як, у прынцыпе, і ў жыцці.

Гісторыі
Знайшлі ліставанне ў чатах і відэа, як кідае камень у АМАП. Гісторыя палітычнага вязня Андрэя Герасімовіча
2021.09.24 10:00

Вядома, сітуацыі могуць быць рознымі, і ў такіх месцах сябры могуць стаць ворагамі. Часам, калі адміністрацыя бачыць, што ў камеры паміж вязнямі ўсталяваліся сяброўскія дачыненні, яна можа абгуляць сітуацыю так, каб узнік канфлікт і людзі рассварыліся. Але ў маім выпадку абышлося.

Палітвязні за кратамі складаюць асобную сацыяльную групу. Мы стараліся падтрымліваць адзін аднаго ва ўсім, як бы цяжка ні было. Але зноў жа – гісторыі бываюць рознымі. На свабодзе чалавек сябе паводзіў адным чынам, яго кідаюць за краты, прызнаюць яго палітвязнем, і тут ён пачынае сябе паводзіць зусім інакш. Пэўна, гэта не зусім справядліва ў дачыненні тых, хто застаецца верны сабе. Але судзіць нікога не варта, час усё расставіць на свае месцы. Як бы ні было цяжка, спачатку мы ўсе хочам дапамагаць адно аднаму, а там, калі ўжо пазнаёмішся з чалавекам бліжэй, глядзіш на абставіны, як выбудоўваць з ім стасункі. Мне пашанцавала, мне сустракаліся толькі адэкватныя людзі.

Дзмітрый Фурманаў у парку непадалёк ад дому, дзе ён жыве ў Кiеве.
Фота: ЯА / Белсат

Я пабываў за кратамі ў розных месцах, і спачатку ўмовы ў мяне былі выносныя. З кожным новым месцам яны ўскладняліся, рабіліся горшыя. Апошні этап – ШІЗА ў калоніі, калі здавалася, што горш быць ужо не можа. Калі ім трэба скласці рапарт аб парушэнні, каб адправіць чалавека ў ШІЗА, яны асабліва не пераймаюцца, прыдумляюць самі, табе і рабіць нічога не трэба. Разам з тым, у любой сітуацыі я разумеў, што бывае яшчэ горш.

– Як да вас даходзілі навіны аб тым, што адбываецца ў краіне?

– Адзначу, што пэўны інфармацыйны вакуум быў у мяне на працягу ўсяго тэрміну. Я яшчэ шмат чаго не ведаю. Інфармацыя ў турмы даходзіць у выглядзе лістоў, газетаў. Калі ў вас ёсць магчымасць, выпісвайце палітвязням часопісы і газеты – гэта важная крыніца інфармацыі за кратамі. Яшчэ адвакат можа распавесці нейкія навіны.

Мне пашанцавала – да мяне даходзіла вялікая колькасць лістоў, агулам я атрымаў дзесьці каля тысячы. Спачатку лісты ішлі кепска, калі я апынуўся ў гарадзенскай турме – сітуацыя з ліставаннем палепшылася. Але ў пэўны момант, пэўна, пасля загаду, мне вырашылі і тут перакрыць кісларод.

Часам у камеру падсаджваюць новых людзей, якія нядаўна былі на волі і могуць распавесці нейкія навіны. Праўда, мне часцей трапляліся людзі, якія асабліва не цікавіліся палітыкай і не маглі распавесці, што адбываецца.

– А што вам пісалі ў лістах?

– Пісалі рознае, у асноўным словы падтрымання: мы з табой, цябе ніхто не кінуў і не забыў – усё ў такім духу. Дасылалі малюнкі, фотаздымкі, пісалі ўспаміны на са самыя розныя тэмы. Гэта дапамагала адцягнуць увагу ад таго, што адбываецца за кратамі, і адчуваць сябе не кінутым. Калі б не падтрыманне людзей звонку, было б вельмі складана. Магчыма, для мяне было б усё кепска, не ведаю, як бы я скончыў гэты шлях. Але ўсё абышлося. Дзякуй усім за каласальную падтрымку!

Артыкулы
Беларуска, якая адправіла 400 лістоў за краты, расказвае, як ліставанне можа стацца ратункам
2021.10.09 14:00

– Аднойчы вы абвяшчалі галадоўку на знак пратэсту. Ці мела гэта сэнс?

– Я абвяшчаў галадоўку, калі ў гарадзенскай турме мяне адправілі ў карцар на 5 дзён. Ці ёсць у гэтым сэнс – залежыць ад абставінаў. Калі ты разумееш, што ў цябе няма іншых варыянтаў, каб звярнуць увагу на тваю праблему, і іншыя шляхі вырашэння не працуюць, табе застаецца пратэставаць. У такіх умовах застаецца толькі галадоўка. Але гэта крайняя мера ад безвыходнасці, у экстрэмальнай сітуацыі, калі іншыя варыянты проста не дапамагаюць. Трэба памятаць, што з-за галадоўкі ты найперш губляеш сваё здароўе. У маёй сітуацыі развязаць праблему дапамог розгалас аб тым, што я аб’явіў галадоўку ў карцары. Людзі пачалі пісаць шмат лістоў, і адміністрацыя турмы пайшла на дыялог, пачула, што я хачу да іх дагрукацца.

– Ці прапаноўвалі вам пісаць прашэнне аб памілаванні?

– Мяне ніхто не прасіў пісаць прашэнне аб памілаванні. Прыходзіў ліст ад Васкрасенскага, што ёсць такая магчымасць. Я абмяркоўваў гэтую тэму з адвакатам, але мне гэта не трэба. Навошта мне выбачацца і прасіць памілавання, калі я не ўчыніў ніякага злачынства? Я здзяйсняў сваё права згодна з заканадаўствам – збіраў подпісы за кандыдата ў прэзідэнты. І мне прасіць памілавання за тое, што я збіраў подпісы? Гэта бязглузда. Я і цяпер планую абскарджваць свой прысуд, разам з адвакатам дойдзем да Вярхоўнага Суда і іншых інстанцыяў. Ведаю, што некаторыя палітвязні пісалі прашэнне аб памілаванні, ім было адмоўлена. Але нікога не суджу, у кожнага чалавека свой шлях, свае абставіны, каб прымаць тыя ці іншыя рашэнні.

Дзмітрый Фурманаў у парку непадалёк ад дому, дзе ён жыве ў Кiеве.
Фота: ЯА / Белсат

Цяперашняя сітуацыя ў нашай краіне не назаўсёды, у нейкі момант гэты кашмар скончыцца. І мы павінны мець факты, якія пацвярджаюць, што адбывалася насамрэч. Абскарджванні прысудаў, адказы на іх будуць гэтымі доказамі ў будучыні. Справы палітвязняў перагледзяць, і нас рэабілітуюць. А калі проста маўчаць, то ўзнікаюць пытанні: калі ты не вінаваты, чаму ты не змагаешся да канца за ўласную правату? У нас такая сітуацыя, што гэта мы мусім даказваць сваю невінаватасць, хоць павінна быць па-іншаму – прэзумпцыя невінаватасці даўно не працуе. Так вось, каб у будучыні ў нашай краіне працавалі законы, мы мусім зафіксаваць наш цяперашні досвед.

– Як для вас прайшлі выбары за кратамі?

– Я быў у Жодзіне. Ніякіх людзей з выбарчымі скрынямі да нас не прыходзіла. У турмах, яшчэ чуў, што і ў калоніях, у гэты дзень быў уведзены ўзмоцнены рэжым. У гэты дзень быў поўны кантроль усяго, што адбываецца ў кожнай камеры. Падчас праверак у дзвярах стаялі амбалы ў чорным, у балаклавах – дадатковая ахова. Падазраю, на выпадак бунту. Пазней усё было так сама, як у звычайныя дні.

Я быў на чацвёртым паверсе, і ніякай інфармацыі да нас не даходзіла. Пасля пачалі трапляцца людзі з крымінальнымі справамі за ўдзел у пратэстах. Але яны толкам не маглі растлумачыць, што адбываецца на волі. Пазней у лістах я ўжо даведаўся, што адбываліся падзеі, якія маглі б змяніць нашае жыццё. У той момант мяне гэта натхніла.

Артыкулы
Рэальная колькасць палітзняволеных у Беларусі – больш за 1021 асобу
2021.10.26 18:22

– Але пакуль што не змяніла. І вось ужо першыя палітвязні выходзяць на волю, адседзеўшы ўвесь тэрмін.

– Я лічу, што ні адбываецца, усё да лепшага. Калі нам тады крышку не хапіла, значыць, пашанцуе ў будучыні, у чымсьці новым.

Мне пашанцавала: пасля зменаў у заканадаўстве мне прыйшлося сядзець не два гады, а крыху менш. Але само тое, што людзі адседжваюць ужо цэлыя тэрміны за падзеі мінулага года, гэта жахліва. Людзі выходзяць, а сітуацыя ў краіне фактычна не памянялася. Ты не адчуваеш сябе ў бяспецы. Нібыта ты на свабодзе, але не адчуваеш сябе свабодным. Павінна быць так, каб чалавек, адседзеўшы свой тэрмін, выйшаў і быў па-сапраўднаму свабодны. У маім выпадку мне пад распіску загадалі яшчэ тры дні хадзіць у РАУС і адзначацца там. Гэта дзіўна і незразумела. Калі чалавек адбыў тэрмін, што ад яго яшчэ хочуць? Таму я вырашыў не спакушаць лёс, хачу пабыць на волі, у бяспецы і адчуць сябе свабодным. Гэта цяпер магчыма толькі за межамі Беларусі, і гэта таксама жахліва.

Дзмітрый Фурманаў у парку непадалёк ад дому, дзе ён жыве ў Кiеве.
Фота: ЯА / Белсат

Я пакуль не складаю ніякіх планаў на будучыню. У нашых рэаліях гэта бессэнсоўна. У мяне ёсць канкрэтныя кароткатэрміновыя мэты, якіх я хачу цяпер дасягнуць. Галоўная задача цяпер – аднавіць свой стан, у тым ліку псіхалагічны. А там пабачым.

Размаўляў СП belsat.eu

Стужка навінаў