Зусім не дыктатура і вайна: Свабодны тэатр паказаў, што хвалюе нашых дзяцей


У адзін з выходных звыкла гартаю навінавую стужку: распачалася мабілізацыя ў Расеі, у Беларусі затрымалі чарговага добрага знаёмага… Мазгі просяць паратунку, але рукі не адрываюцца ад інтэрнэт-старонкі. Заўважаю абвестку пра прэм’еру спектаклю «Паслядзяцінства» ад беларускага Свабоднага тэатру. Здаецца, хаця б увечары ў бліжэйшую нядзелю ўдасца збегчы ад бясконцай хтоні і безвыходнасці, якую апошнім часам назіраю праз экран свайго лэптопа.

Прэм’ера спектаклю «Паслядзяцінства» Свабоднага тэатру. Варшава, Польшча. 25 верасня 2022 года.
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

Зранку ў нядзелю яшчэ раз чытаю афішу: «Спектакль «Паслядзяцінства» заснаваны на дакументальных гісторыях падлеткаў, якія пераехалі ў Польшчу з бацькамі, хаваючыся альбо ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, альбо ад вайны ва Украіне. Альбо ад таго і другога адначасова. Гэта 8 гісторыяў дзяцей, у якіх адабралі дом і ў нейкай ступені адабралі дзяцінства». Адчуваю ўнутраныя супярэчнасці: бо хацела ж збегчы хоць на хвіліну ад гэтых самых рэпрэсіяў і вайны. Можа, лепш пайсці на майстар-клас лепкі з гліны або паклікаць кагосьці з сяброў на келіх віна? Але прыгадваю, што ніколі яшчэ не расчароўвалася пасля спектакляў Вольнага тэатру.

Водныя працэдуры і гарбата паводле адмысловага рэцэпту

Перад выхадам апранаюся цяплей – на вуліцы ўжо халодна, дый у Музеі вольнай Беларусі, дзе адбудзецца спектакль, я дагэтуль не была – раптам змерзну. Дабіраюся да месца, заходжу ва ўтульны дворык, дзе мне адразу ж прапаноўваюць гарачую гарбату, апельсін і… шапачку для купання.

«Яе трэба абавязкова надзець, у нас будуць водныя працэдуры. А гарбата запараная паводле адмысловага рэцэпту», – кажа дзяўчына, якая сустракае гледачоў. У гэты момант я абсалютна забываю пра халадэчу (дарэчы, пра яе я прыгадаю ўжо дарогаю дадому, адна кофта акажацца лішняй) і спрабую на смак вызначыць, што ж такога адмысловага ў гэтым рэцэпце гарбаты.

«Можа быць, яна вельмі моцна запараная?» – запытваю калег. Але яны здагадкі не падзяляюць, і мы разам адпраўляемся ў глядацкую залу і ядзім апельсінкі.

Прэм’ера спектаклю «Паслядзяцінства» Свабоднага тэатру. Варшава, Польшча. 25 верасня 2022 года. 
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

Займаем месцы, і ўжо літаральна праз некалькі хвілінаў зала напаўняецца людзьмі ў шапачках для купання – ад гэтай еднасці нават падаецца, што не так ужо і недарэчна я ў ёй выглядаю. Яшчэ праз пару хвілінаў на сцэне зʼяўляецца хлопец з баулам у клетачку – калісьці такі быў, пэўна, у кожнай сямʼі. Што было ў тым бауле, я, вядома ж, вам не раскажу, бо ў Варшаве яшчэ плануюцца паказы спектаклю, так што не буду спойлерыць. Але дакладна магу сказаць, што амаль у кожнай з васьмі гісторыяў падлеткаў я пазнаю сябе.

Бацькі і дзеці

Самае цікавае, што спектакль зусім не пра палітыку, дыктатуру і вайну. Дакладней, гэта там таксама ёсць, але галоўная канцэпцыя ўсё ж у іншым – гэта адвечная праблема бацькоў і дзяцей. Толькі ўжо ў новых, звычайных для нас і такіх незразумелых (а можа, наадварот?) для нашых дзяцей.

«Нам падалося, і не без падставаў, што нашыя дзеці, якія вымушаныя былі бегчы з Беларусі, абдзеленыя і ўвагай, і той трыбунай, з якой маглі б зрабіць нейкія свае заявы. Мы хацелі зрабіць гэтую трыбуну. І калі мы гэта пачалі абмяркоўваць, а пасля выкладаць у іх, то спачатку падалося, што ім захочацца распавесці аб праблемах, звязаных з пераездам, а ў выніку высветлілася, што ў гэты складаны перыяд нам трэба паразмаўляць пра адносіны бацькоў і дзяцей, – кажа арт-дырэктар Свабоднага тэатру Мікалай Халезін. – Нам бывае складана ў жыцці казаць нейкія рэчы сваім блізкім. Але гэтыя дзеці змаглі праз сцэну, праз мастацкую форму распавесці сваім родным пра тое, што іх хвалюе».

Арт-дырэктар Свабоднага тэатру Халезін абдымае актораў спектаклю «Паслядзяцінства».  Варшава, Польшча. 25 верасня 2022 года.
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

Мікалай Халезін прызнаецца, што больш не хоча працаваць з дарослымі – настолькі цікава і проста было яму працаваць з дзецьмі:

«Я ў адзін момант прыйшоў дадому і сказаў сваёй жонцы: «Больш не хачу працаваць з дарослымі». Мне насамрэч цяпер гэта ўжо не вельмі цікава, бо дзеці – гэта зусім іншы ўзровень камунікацыі. Гэта ўзровень, калі людзі могуць усмоктваць, рэфлексаваць і тут жа выдаваць нейкі прадукт або свае ідэі, свае думкі. Я часам лавіў сябе на думцы, што я на вельмі сур’ёзныя тэмы спрачаюся з кімсьці з іх, а потым пра сябе думаю: «Гэта ж Жэня, ёй жа 14 гадоў».

Я разумею, што гэтыя людзі маюць права на выказванне, і калі мы іх не будзем слухаць, то сумнай будзе наша гісторыя. Бо яны рэальна лепшыя за нас. Кожнае наступнае пакаленне лепшае. Адна дзяўчына сказала падчас заняткаў: «Мяне раздражняе, што бацькі спрабуюць мной маніпуляваць і не разумеюць, што я гэта разумею». І я з жахам пачаў перагортваць сваю гісторыю са сваймі дочкамі і думаць, ці магло такое адбыцца, што я выглядаў так жа недарэчна? Я лічу, што кожны з бацькоў павінен пра гэта падумаць. Тады гэтыя гісторыі будуць вельмі добрымі … Ну ці хаця б будзе магчымасць для дзяцей выказаць сваім бацькам тое, што накіпела».

Прэм’ера спектаклю «Паслядзяцінства» Свабоднага тэатру. Варшава, Польшча. 25 верасня 2022 года.
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

Падчас размовы з Мікалаем даведваюся, што большасць дзяцей, якія прымаюць удзел у спектаклі, – двойчы ўцекачы: яны збеглі спачатку ад дыктатуры, а потым вымушаныя былі ўцякаць ад вайны. Разумею, што ў некаторых з іх досведу і ўзрушэнняў у іх узросце можа быць больш, чым ва ўдвая старэйшай мяне. Мікалай нібыта працягвае гэтую маю думку:

«У сваім узросце яны ўжо перажылі дзве глабальныя катастрофы: пандэмію і вайну. Я толькі цяпер гэта пражываю, і ў мяне не хапае розуму гэта ўсё асэнсаваць. А што пра іх казаць? Як ім сябе паводзіць? Пры гэтым яны яшчэ захоўваюць пачуццё гумару».

Сапраўды, разважаю пра тое, што, напэўна, гэтым мы і адрозніваемся ад сваіх дзяцей – адсутнасцю непасрэднасці ды звышсур’ёзнасцю. Можа быць, сапраўды варта час ад часу дурэць, рабіць тое, што хочацца, а яшчэ быць да іх бліжэйшымі і падзяляць іхныя зацікаўленні? Разам гуляць у камп’ютарныя гульні, слухаць музыку, глядзець фільмы і відэа, якія ім падабаюцца? Часцей пытаць, як маешся, і абмяркоўваць з імі тое, што баліць і тое, што адбываецца вакол нас?

Мост паміж дарослымі і дзецьмі

«Калі мы набралі групу, у нас не было ніякага матэрыялу» , – распавёў рэжысёр спектаклю Павел Гарадніцкі.

На здымку: Павел Гарадніцкі (другі злева), Мікалай Халезін (пасярэдзіне), акторы і акторкі спектаклю «Паслядзяцінства» Свабоднага тэатру. Варшава, Польшча. 25 верасня 2022 года .
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

«Асабіста мне цікава было даведацца, хто гэтыя дзеці, чым яны жывуць, што іх хвалюе і ці хвалюе ўвогуле, – распавядае рэжысёр спектаклю Павел Гарадніцкі. – Я ўбачыў, што хвалюе, і, спадзяюся, гледачы таксама ўбачаць. Тут, на сцэне, яны жывуць. У некаторых з іх быў досвед у тэатральных гуртках, дзе іх вучылі граць, а нашая задача была, каб яны шчыра пазналі сябе і паспрабавалі пражыць на аўдыторыю тое, што ім баліць, што іх хвалюе. Гэта вельмі добры тэрапеўтычны досвед.

Пяць месяцаў мы з імі займаліся: былі сустрэчы з рэжысёрамі, з выкладчыкамі акторскага майстэрства. Нам было вельмі цікава, каб дзеці ўвасобілі свой досвед ў мастацкай форме. Звычайна нам падаецца, што ў падлеткаў свой свет, і мы туды не хочам. А гэта такая размова падлеткаў з намі: у мастацкай форме тут яны могуць распавесці пра тое, што ім насамрэч баліць. Мы выявілі, што шмат чаго баліць. Яны самі пісалі тэксты, яны самі намалявалі афішу, яны самі граюць – мая задача як рэжысёра проста была іх аб’яднаць, накіраваць іх так, каб не пакрыўдзіць дарослых, бацькоў. На мой густ, гэта «Бацькі і дзеці» Тургенева – толькі ў сучаснасці. Такая размова старэйшага пакалення з маладым».

Слухаю Паўла і разумею, што для мяне гэты спектакль – яшчэ і размова з сабой і сваім унутраным дзіцём. Амаль кожная з васьмі гісторыяў дзяцей – гэта тое, што здаралася ў розныя перыяды жыцця з кожным чалавекам: калі ты крыўдзіш кагосьці, баішся быць пакрыўджаным, калі цябе не разумеюць бацькі або калі спрабуеш змагацца са злом, якое заняло ўсю прастору навокал.

Прэм’ера спектаклю «Паслядзяцінства» Свабоднага тэатру. Варшава, Польшча. 25 верасня 2022 года.
Фота: Ганна Вашчанка / Белсат

«Не толькі дзеці маюць права на выказванне.  Дарослыя – гэта адваротны бок гэтых гісторыяў. Гэта свае ўзроўні адказнасці і свае алгарытмы, якія яны павінны дзецям даносіць, і яны павінны тлумачыць, у чым праблема. Таму што дзеці таксама не заўжды ўспрымаюць праблемы дарослых. І вось гэты мост – гэта самае важнае, што можа зрабіць тэатр. Таму, магчыма, у наступны раз вы ўбачыце на сцэне бацькоў гэтых дзяцей», – дадае Мікалай Халезін.

Пасля размовы еду дадому і асэнсоўваю ўбачанае, рэфлексую: варта паразмаўляць з бацькамі, проста неабходна падзякаваць ім, што былі побач у самыя складаныя хвіліны майго жыцця, а яшчэ, што падтрымліваюць і цяпер. Варта сказаць ім, як я іх люблю. Набіраю нумар бацькоў, і мы размаўляем да самай ночы. Пра навінавую стужку ў гэты дзень я больш не прыгадваю, бо ёсць нешта нашмат больш важнае, і гэта трэба цаніць.

Ганна Вашчанка  belsat.eu

Стужка навінаў