«Як краіну ратаваць будзем?» Ціханоўская распавяла, што хацела спытаць у Макея ў Нью-Ёрку


Нацыянальная лідарка Беларусі пасля паседжання Генеральнай асамблеі ААН накіравалася ў Вялікую Брытанію. Там яна сустрэлася з дыяспараю, перадае карэспандэнт «Белсату».

Святлана Ціханоўская на сустрэчы з дыяспарай у Вялікай Брытаніі 28 верасня 2022 года.
Фота: «Белсат»

Падчас гутаркі з беларусамі ў Лівэрпулі Святлана Ціханоўская распавяла пра сустрэчу з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем падчас сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Як сказала Ціханоўская, на ейны вокліч «Жыве Беларусь!» чыноўнік нібыта адказаў «Хай жыве!»:

«Я разумела, што грунтоўнай гутаркі не атрымаецца. Але мы загадзя прадумалі, што сказаць у выпадку сустрэчы. Першае маё пытанне было б, як краіну ратаваць будзем. Яны ж таксама разумеюць, што вядуць Беларусь у бездань. Ён паскорыўся, калі пабачыў нас. Я яму сказала «Жыве Беларусь!», мне падалося, што ён адказаў «Хай жыве!».

Палітык прадказала хуткія перамены – як у Беларусі, гэтак і ў Расеі:

«Усё будзе абрынацца знутры ў Крамлі. Тое самае адбудзецца і ў Беларусі. Падаецца, што ў Лукашэнкі ўсё стабільна, велізарная падтрымка. Гэта не так. Усё вельмі моцна гойдаецца. Ён не ведае, куды вільнуць і з кім заігрываць, каб выйсці з гэтай сітуацыі. Вы думаеце, што наменклатура ці ўсе сілавікі з захапленнем глядзяць на Лукашэнку і ягоную палітыку? Абсалютна не!»

Святлана Ціханоўская на сустрэчы з дыяспарай у Вялікай Брытаніі 28 верасня 2022 года.
Фота: «Белсат»

Адказваючы на пытанне «Белсату», што для яе значаць сустрэчы з дыяспараю, Ціханоўская прызналася: гэта самая душэўная частка ўсіх паездак.

«Для мяне вельмі важна пачуць, якія праблемы хвалююць прадстаўнікоў дыяспары. Вельмі важна пачуць, што дыяспары робяць, як яны адстойваюць свае інтарэсы ў пэўнай краіне, як дапамагаюць і падтрымліваюць палітзняволеных ды іхныя сем’і, што яны робяць у тым куточку, дзе апынуліся ў такі цяжкі час», адзначыла дэмакратычная лідарка.

Асноўнаю мэтаю візіту ў Вялікую Брытанію Святлана Ціханоўская назвала аповед пра Беларусь і тое, што там адбываецца. Яна прызнала, што ўсё часцей нашую краіну згадваюць як суагрэсара нападу на Украіну, і голасу беларусаў, якія працягваюць барацьбу, не чуваць. Перамовы падчас візітаў мусяць гэта выправіць, падсумавала Ціханоўская.

Hавiны
Палітвязні і сустрэча з Макеем. Вынікі візіту Святланы Ціханоўскай у Нью-Ёрк на Генасамблею ААН
2022.09.24 18:34

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў