«Сведчыць пра палітычнае банкруцтва». Кабінет Ціханоўскай – пра візіт Лукашэнкі ў Абхазію


Аляксандр Лукашэнка 28 верасня раптоўна з’явіўся ў Абхазіі – самаабвешчанай прарасейскай рэспубліцы ў складзе Грузіі. Дзяржаўныя медыі Беларусі гэтага ніяк не каментавалі. Але сваё стаўленне да візіту выказаў Аб’яднаны пераходны кабінет Святланы Ціханоўскай.

Кіраўнік Абхазіі Аслан Бжанія (трэці злева) прымае Аляксандра Лукашэнку на дзяржаўным лецішчы. Піцунда, Грузія. 28 верасня 2022 года.
Фота: presidentofabkhazia.org

«Візіт Лукашэнкі ў Абхазію сведчыць пра ягонае палітычнае банкруцтва і поўную залежнасць ад Крамля, – гаворыцца ў заяве Кабінету. – Такія безадказныя паводзіны нелегітымнага рэжыму ствараюць небяспечны прэцэдэнт на фоне незаконных рэферэндумаў Расейскай Федэрацыі ва Украіне і падрываюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі».

Кабінет заявіў пра падтрыманне тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі. Далейшыя магчымыя дзеянні Аляксандра Лукашэнкі ў прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Кабінет лічыць «незаконнымі ды юрыдычна нікчэмнымі», бо «персанальная пазіцыя Лукашэнкі ад моманту страты ім легітымнасці ў 2020 годзе не адлюстроўвае волі беларускага народу».

Пра візіт Лукашэнкі ў Абхазію стала вядома з абхазскіх медыяў. Спачатку з’явілася відэа картэжу, потым фота фуршэту. У Абхазіі Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком часткова прызнанай рэспублікі Асланам Бжаніем.

На знак пратэсту супраць візіту Лукашэнкі ў Абхазію МЗС Грузіі выклікала амбасадара Беларусі ў Грузіі. Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што «рашуча асуджае» візіт Лукашэнкі ў «акупаваную Абхазію» і лічыць гэта недапушчальным парушэннем грузінскіх законаў, прынцыпаў двухбаковых стасункаў і міжнароднага права.

Заяваў аб прызнанні незалежнасці Абхазіі Лукашэнка не рабіў. Ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, паведаміў толькі, што той пабываў «у гістарычных мясцінах паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Чорнага мора» і сустрэўся з Бжаніем (якога не назвалі ні прэзідэнтам, ні кімсьці іншым). Палітыкі абмеркавалі эканамічныя праекты і перспектывы супрацы Беларусі ды Абхазіі.

У 1990 годзе Абхазская АССР была абвешчаная суверэннай Абхазскаю СССР, але Грузія гэтага не прызнала. Супярэчнасці прывялі да вайны 1992–1993 гадоў, Грузія вінаваціла Расею ў дапамозе сепаратыстам. У 2008-м Расея пасля некалькіх дзён вайны супраць Грузіі прызнала незалежнасць Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі. Таксама іх незалежнасць прызналі Нікарагуа, Венесуэла, Нуару і Сірыя.

Беларусь не прызнавала Абхазіі ды Асеціі. Гэта выклікала хвалю абурэння ў Маскве, а Грузія падзякавала Лукашэнку. Зрэшты, раней самаабвешчаны кіраўнік Беларусі заявіў, што прызнанне захопленых Расеяй тэрыторыяў вызначаецца ягоным асабістым візітам. Гэтак ён казаў аб прызнанні акупаванага Крыму расейскім. Але ў Крым Лукашэнка так і не наведваўся.

Аналітыка
Эксперты: Пуцін патрабуе ўдзелу Беларусі ў вайне, Лукашэнка ў нашай краіне больш нічога не вызначае
2022.09.28 15:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў