«Робяць тое самае, што рабілі ў студзені і лютым». Да чаго рыхтуецца Беларуская чыгунка?


Расейская мабілізацыя і патокі ваеннаабавязаных расейцаў, якія бягуць ад яе ў тым ліку ў Беларусь, нагрэла абстаноўку на беларускай чыгунцы («БЧ»). Градус напалу апошнімі днямі яшчэ больш павысіўся, калі ў сеціве пачалі публікаваць інсайды аб падрыхтоўцы чыгункі да прымання расейскіх эшалонаў. Беларуская чыгунка пераходзіць на ваенныя рэйкі? Паразмаўлялі з экспертам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь.
Фота: ТК / Белсат

Адкуль такі перапалох?

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» апублікавала 27 верасня інфармацыю пра комплекс захадаў, якія зараз ажыццяўляе кіраўніцтва «БЧ» для праверкі чыгуначнай інфраструктуры Беларусі. У пераліку:

  • камісійнае абследаванне месцаў выгрузкі (пагрузкі) з удзелам камендатур ваенных камунікацыяў (па-расейску – ВОСО);
  • рамонт пагрузачных платформаў;
  • «праверка спраўнасці сродкаў сувязі на станцыях выгрузкі (пагрузкі) для аператыўнага кіравання вайсковымі перавозкамі»;
  • распрацоўка графікаў руху вайсковых эшалонаў па «БЧ».

А таксама – арганізацыя ўзаемадзеяння з цэнтральнай дырэкцыяй кіравання рухам – філіялам Расейскай чыгункі («РЖД») «у пытаннях узгаднення парадку аператыўнага вяртання нішчымных схемаў для іх паўторнага выкарыстання пад пагрузку вайсковых эшалонаў Збройных сілаў РФ пры іх следаванні да месцаў разгрузкі на тэрыторыі Беларусі».

У той жа дзень супольнасць чыгуначнікаў апублікавала дакумент, падпісаны намеснікам начальніка «Беларускай чыгункі» Ігара Казлоўскага, аб абароне службовай інфармацыі канфідэнцыйнага характару. Працаўнікі «БЧ» да 30 верасня мусяць, паводле загаду, падпісаць адпаведныя абавязкі аб нераспаўсюдзе канфідэнцыйнай інфармацыі.

Ужо бракуе вагонаў?

Кіраўнік «Creative politics hub» і арт-дырэктар Беларускага вольнага тэатру Мікалай Халезін паведаміў ў «Фэйсбуку», што з 10 верасня лагістычным кампаніям адмаўляюць у выдзяленні грузавога рухомага саставу. «Практычна ўвесь грузавы рухомы састаў беларускай чыгункі зарэзерваваны на патрэбы Міністэрства абароны», – напісаў Мікалай Халезін. Пазней ён патлумачыў «Белсату», што атрымаў інфармацыю з трох крыніцаў, і выказаў меркаванне, што «беларускую чыгунку проста аддаюць у карыстанне Расеі».

Вагоны таварнага цягніка загружаныя металам. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Нашая крыніца ў кампаніі, якая мае дачыненне да замовы вагонаў пад камерцыйныя перавозкі, пацвердзіла, што праблема затрымак сапраўды існуе. Спазненні з выдзяленнем вагонаў могуць складаць некалькі тыдняў. Такая ж прыкладна сітуацыя назіралася ў красавіку-траўні 2022 года.

Афіцыйны экспедытар «БЧ» – дзяржаўнае прадпрыемства «Белінтэртранс», інфармацыю аб магчымых затрымках не пацвярджае, але і не абвяргае. На прадпрыемстве нам патлумачылі, што спазненні могуць быць звязаныя з фармаваннем саставаў: «Хутчэй за ўсё, у такіх выпадках ідзе назапашванне вагонаў, і тут пытанні не да нас, а да перавозчыка».

Эксперт: Стандартная працэдура прыёму вайсковых эшалонаў 

Былы працаўнік «БЧ», а цяпер адміністратар тэлеграм-каналу «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» Сяргей Вайцеховіч кажа, што дэфіцыт вагонаў можа назірацца, але толькі ў пэўныя прамежкі часу.

«Наколькі ведаю, на сённяшні дзень у «Белінтэртрансе» такіх праблемаў не існуе. Але яны могуць з’яўляцца на пэўны рухомы састаў. Напрыклад, на платформы, крытыя і пасажырскія вагоны, якія могуць выкарыстоўваюцца ў вайсковых перавозках. Адно што іх перыядычна бракавала і раней, яшчэ нават да вайсковых перавозак на вучэнні «Захад-2021», асабліва платформаў», – кажа Сяргей Вайцеховіч.

З арыштаваным ва Украіне беларускім рухомым саставам такі дэфіцыт, на думку нашага суразмоўцы, не звязаны, бо там зараз знаходзяцца збольшага хопер-дазатары і цыстэрны для перавозкі нафтапрадуктаў і газу. Беларускіх платформаў ва Украіне невялікая колькасць.

Расейская вайсковая тэхніка ў Беларусі.
Фота: Радыё «Свабода»/Telegram

«Мерапрыемствы па падрыхтоўцы станцыяў і забеспячэнні рухомага саставу», якія зараз праводзяцца на Беларускай чыгунцы Сяргей Вайцеховіч называе «стандартнай працэдурай перад прыёмам вайсковых эшалонаў». Па ягоных назіраннях, тое ж самае адбывалася ў лістападзе-снежні 2021-га і ў студзені 2022 года, калі ў Беларусь перакідвалі вайсковыя цягнікі. З невялікім выняткам. Цяпер у шэрагу «мерапрыемстваў» маецца і «прапрацоўванне аховы перагонаў падчас руху па іх вайсковых эшалонаў». І гэта, на думку эксперта, завязана з дзейнасцю рэйкавых партызанаў.

«Раней гэты пункт быў толькі на паперы, але падобна што цяпер яны рэальна займаюцца гэтай «прапрацоўкай», – кажа былы супрацоўнік Беларускай чыгункі.

«Павязуць у Беларусь, а не з Беларусі»

Сяргей Вайцеховіч кажа, што ўсе гэтыя падрыхтоўчыя захады сведчаць пра тое, што вайсковыя сілы і тэхніка пойдуць у Беларусь, а не з Беларусі. Для вывазу з Беларусі такія працэдуры былі б залішнія, сцвярджае чыгуначнік.

«Так, робяць тое самае, што рабілі ў студзені і лютым. Я не вайсковы аналітык і не буду нешта прагназаваць, але схіляюся да таго, што расейцы зноў будуць спрабаваць заходзіць ва Украіну з нашага поўдня», – гаворыць Сяргей Вайцеховіч.

Пры гэтым ён заўважае, што асцярогі ў тым, што «БЧ» рыхтуюць, каб увезці па ёй у Беларусь ядравую зброю, не варта лічыць дарэмнымі. Кажа, што на тэлеграм-канале «Супольнасці беларускіх чыгуначнікаў» будзе апублікаваная ў бліжэйшым будучым на гэты конт важная інфармацыя, калі, канечне, пацвердзіцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АЗ / Белсат

Сяргей Вайцеховіч лічыць, што загад аб нераспаўсюдзе канфідэнцыйнай інфармацыі, які падпісваюць чыгуначнікі ў Беларусі, – гэта «чарговае нагнятанне страху». Такіх загадаў, па ягоных словах, раней ніхто не падпісваў. Робіцца гэта для таго, каб супрацоўніка «БЧ» можна было прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за распаўсюд інфармацыі не пад грыфам «Сакрэтна», а наагул – любой.

«Маіх сяброў і калегаў яшчэ летась запалохалі так, што некаторыя баяцца размаўляць нават на нейтральныя тэмы. Запалохвалі яшчэ да пачатку вайны з Украінай. КДБ нават дадому прыходзілі «на размовы». Працаўнікоў «БЧ» напэўна з сярэдзіны 2021 спецслужбы апрацоўваюць пастаянна, а пасля пачатку вайны кантроль узмацніўся», – кажа Сяргей Вайцеховіч.

Прычына адна: чыгунка – стратэгічны абʼект не толькі для вайскоых, але і для грамадзянскіх мэтаў. Стратэгічна важны абʼект для дзяржавы.

Аналітыка
Эксперты: Пуцін патрабуе ўдзелу Беларусі ў вайне, Лукашэнка ў нашай краіне больш нічога не вызначае
2022.09.28 15:52

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў