Польская паліцыя затрымала беларуса па падазрэнні ў замаху на забойства бяздомнага


Гарадская паліцыя Гданьску паведаміла пра затрыманне 25-гадовага грамадзяніна Беларусі, якога падазраюць у замаху на забойства 37-гадовага мужчыны без пэўнага месца жыхарства. Беларусу можа пагражаць пажыццёвае зняволенне.

У Гданьску затрымалі 25-гадовага беларуса па падазрэнні ў замаху на забойства бяздомнага.
Фота: gdansk.policja.gov.pl

22 верасня гарадская паліцыя Гданьску атрымала паведамленне пра 37-гадовага мужчыну без пэўнага месца жыхарства ў непрытомным стане, якога знайшлі ў адным з пустых дамоў у цэнтры гораду. Бяздомнага шпіталізавалі. Эксперты ўстанавілі, што яго збівалі рукамі і нагамі.

Крыміналісты прыйшлі да высновы, што да злачынства можа мець дачыненне 25-гадовы грамадзянін Беларусі, у якога таксама няма пастаяннага месца жыхарства. Яго затрымалі на наступны дзень у цэнтры Гданьску.

Пракуратура прад’явіла маладзёну абвінавачванне ў замаху на забойства. На тры месяцы яго ўзялі пад варту. Калі віна беларуса будзе даказаная, яму можа пагражаць нават пажыццёвае зняволенне.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў