Лукашэнка з Сочы накіраваўся ў Абхазію


Стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка пасля сустрэчы ў Сочы з Уладзімірам Пуціным накіраваўся ў Абхазію. Тут ён зладзіў сустрэчу з прэзідэнтам непрызнаванай Рэспублікі Абхазія Асланам Бжаніем, паведамляе сайт presidentofabkhazia.org.

Лукашэнка пасля перамоваў у Сочы раптоўна наведаў непрызнаваную Абхазію.
Фота: presidentofabkhazia.org

Аляксандр Лукашэнка пасля перамоваў з Уладзімірам Пуціным апынуўся ў непрызнаванай Рэспубліцы Абхазія. Тут адбылася ягоная сустрэча з кіраўніком Абхазіі Асланам Бжаніем. Паведамляецца, што сустрэча адбылася на дзяржаўным лецішчы ў Піцундзе.

Пры гэтым Лукашэнка апраўдваўся, што ягоны візіт не звязаны з нейкай асаблівай сітуацыяй.

«У нас нармальная сітуацыя. Мы не пакутуем ніякай геапалітыкай. Мы проста, як і вы, мірны, добры, працавіты народ і жадаем жыць у згодзе. А эканоміка, гандлёва-эканамічныя сувязі павінны стаць падмуркам нашых адносін. Іншага не дадзена», – адзначыў Лукашэнка.

Раней Беларусь не прызнавала Абхазіі і Асеціі. Гэта выклікала хвалю абурэння ў Маскве, а Грузія выказала падзяку Лукашэнку. Зрэшты, раней самаабвешчаны кіраўнік Беларусі заявіў, што прызнанне захопленых Расеяй тэрыторыяў вызначаецца ягоным асабістым візітам. Гэтак ён казаў пра прызнанне акупаванага Крыму расейскім. Але ў Крым Лукашэнка так і не наведваўся.

Пра візіт Лукашэнкі ў непрызнаваную Абхазію не паведамляюць афіцыйныя дзяржаўныя медыі. А ў сеціве карыстальнікі выказваюць меркаванне і жартуюць, што наступным пунктам, дзе апынецца Лукашэнка, можа стаць Крым.

Аб’ектыў
Жыхары акупаванай тэрыторыі не хочуць у Расею
2022.09.23 22:40

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў