Галоўнага рэдактара незалежнага выдання «Бабруйскі кур’ер» зноў асудзілі, цяпер на 14 содняў


Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, 27 верасня адбыўся другі суд над галоўным рэдактарам незалежнага інтэрнэт-выдання «Бабруйскі кур’ер» Анатолем Санаценкам. Гэтым разам яму прысудзілі 14 содняў адміністратыўнага арышту.

Анатоль Санаценка.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Анатоль Санаценка мусіў учора, 27 верасня, выйсці на волю, аднак яго зноў арыштавалі. Справу, як і ў першы раз, разглядала суддзя суда Бабруйскага раёну і г. Бабруйску Ганна Асіпенка. Спадару Анатолю не дазволілі скарыстацца паслугамі адваката.

Таксама БАЖу стала вядома, што ў затрыманага правялі ператрус і забралі ўсю тэхніку. Ёсць інфармацыя пра ператрусы і допыты і ў журналістаў «БК».

Пра затрыманне галоўнага рэдактара «Бабруйскаго кур’ера» і арышт яго на 15 содняў стала вядома 16 верасня. Паводле непацверджанай інфармацыі, меркавалася, што затрымалі Санаценку 15 верасня. Але, калі зыходзіць з новых звестак, што журналіст мусіў выйсці на волю 27-га чысла, атрымліваецца, што, хутчэй за ўсё, за кратамі Анатоль Санаценка – з 12 верасня.

Інфармацыі пра тое, за што галоўнага рэдактара бабруйскага выдання двойчы судзілі, па-ранейшаму няма.

19 верасня сайт «Бабруйскаго курʼера» (babruysk.by) перастаў адчыняцца як у Беларусі, так і за мяжой. Не дапамагае нават VPN. Прычыны блакавання сайта невядомыя.

Незалежная рэгіянальная газета «Бабруйскі кур’ер» пачала выходзіць у 1991 годзе. У 2010 годзе праз рэпрэсіі рэдакцыя была вымушаная спыніць выхад папяровага версіі выдання, але працягнула працу ў інтэрнэце. Журналістаў «БК» шмат разоў затрымлівалі і судзілі за іхную прафесійную дзейнасць.

На пачатку верасня 2022 года паводле рашэння Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны сайт яшчэ адной недзяржаўнай бабруйскай газеты – «Вечаровы Бабруйск». Прычыны блакавання таксама дагэтуль невядомыя.

Паводле БАЖ, па стане на 28 верасня ў Беларусі ў зняволенні знаходзіцца 31 працаўнік медыя.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў