Эстонія, Балгарыя і Польшча заклікалі сваіх грамадзянаў пакінуць тэрыторыю Расеі


На сайтах МЗС Эстоніі, Балгарыі і Польшчы з’явіліся звароты да грамадзянаў гэтых краінаў, якія знаходзяцца ў Расейскай Федэрацыі ці збіраюцца туды паехаць. Дыпламатычныя ведамствы настойліва просяць адмовіцца ад такіх паездак і пакінуць тэрыторыю Расеі ў сувязі са складанай сітуацыяй.

Эстонія просіць сваіх грамадзянаў устрымацца ад паездак у Расею, а асабліва цалкам пазбягаць рэгіёнаў, якія мяжуюць з Украінай, у сувязі з ваеннымі дзеяннямі. Тых жа, хто ўжо знаходзіцца на тэрыторыі РФ, ведамства заклікае зарэгістравацца на сайце МЗС і па магчымасці выехаць і нагадвае, што ўласнікаў падвойнага грамадзянства – расейскага і эстонскага, Эстонія разглядае як сваіх грамадзянаў.

МЗС Балгарыі таксама просіць сваіх грамадзянаў пакінуць Расею ў сувязі з абстаноўкай, якая «ускладняецца». Тых жа, хто застаецца ў РФ, ведамства просіць «праяўляць падвышаную пільнасць, пазбягаць месцаў збору вялікай колькасці людзей, улічваць развіццё сітуацыі».

МЗС Польшчы ў Твітары настойліва заклікае палякаў адмовіцца ад любых паездак у Расею праз тое, што тая вядзе вайну ва Украіне і адносіць Польшчу да ліку несяброўскіх краінаў. Дыпведамства звяртае ўвагу, што ў Расеі не працуюць польскія банкаўскія карты, а таксама распаўсюджаныя адвольныя затрыманні і прымусовы агляд мабільных тэлефонаў. МЗС папярэджвае, што ўласнікаў падвойнага грамадзянства Расея можа абмежаваць у выездзе ў выпадку закрыцця межаў, у выніку чаго эвакуацыя можа стаць немагчымай з-за вельмі малой колькасці польскага дыпламатычнага персаналу ў Расеі.

На сайтах МЗС указаныя кантакты, куды можна звяртацца ў выпадку неабходнасці.

21 верасня Уладзімір Пуцін абвесціў у Расеі частковую мабілізацыю. З таго часу расейцы пачалі масава ўцякаць з краіны. У інтэрнэце абмяркоўваецца магчымае закрыццё Расеяй межаў, аднак афіцыйнага пацверджання падобных намераў пакуль не было.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў