Эксперты: Пуцін патрабуе ўдзелу Беларусі ў вайне, Лукашэнка ў нашай краіне больш нічога не вызначае


Пасля афіцыйных перамоваў з Пуціным Лукашэнка застаўся ў Расеі, з ягоных вуснаў не прагучала ніякіх заяваў пра вынікі перамоваў. Тым часам у Беларусі з’яўляюцца трывожныя паведамленні аб правяранні беларускай чыгункі расейскім бокам, які рыхтуе сюды вайсковыя эшалоны. Усё больш трывожна стаіць пытанне пра ўцягванне нашай краіны ў вайну супраць Украіны. Аналітыкі разыходзяцца ў сваіх меркаваннях наконт гэтага сцэнара. «Белсат» спрабаваў разабрацца ў сітуацыі.

Аляксандр Лукашэнка 26 верасня правёў перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
Фота: president.gov.by

Нягледзячы на тое, што перамовы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі адбыліся ў Сочы яшчэ 26 верасня, да гэтага часу ніхто з палітыкаў не агучыў вынікаў сустрэчы. Эксперты пагаджаюцца ў думцы, што размовы хаўруснікаў даволі складаныя, бо кожны з бакоў мае свае інтарэсы, якія значна адрозніваюцца.

«У Пуціна імперскі інтарэс, і цяпер, як мы бачым, ён увогуле закусіў цуглі. Ідзе на свядомую эскалацыю вайны ва Украіне. Таму некаторыя аглядальнікі мяркуюць, што цяпер Пуцін у сувязі з гэтым прыцісне Лукашэнку да сценкі, прымусіць прызнаваць вынікі гэтых рэферэндумаў, прымусіць паслаць ва ўкраінскую мясарубку беларускія войскі, можа нават і зброю атамную размясціць. Але мне здаецца, што гэтая драматызацыя можа быць перавялічанай і штучнай», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Эксперт прызнае, што ў існых умовах ціск Масквы на Лукашэнку павялічыўся, але Лукашэнка на сёння – гэта адзіны і апошні хаўруснік Пуціна, таму ламаць яго проста не выгадна. Аляксандр Класкоўскі выказвае меркаванне, што галоўным козырам Лукашэнкі пры адмове накіраваць войскі ва Украіну стане апеляцыя да таго, што, маўляў, трэба прыкрываць заходнюю мяжу.

«Іначай жа гэтыя натаўцы, якія ляскаюць гусеніцамі, удараць расейскім братам у спіну. Вось такога кшталту рыторыка там працягваецца. Да таго ж Лукашэнка можа распавядаць, што войска не вельмі матываванае ды і настрой грамадства таксама не на карысць такому кроку. І гэта сапраўды так. Пуцін, у сваю чаргу, разумее, што калі кінуць ва Украіну беларускія войскі, то ўкраінцы іх хутка перамелюць, і тады яшчэ прыйдзецца трымаць дадатковы фронт, перакідваючы ў Беларусь свае войскі. Гэта Маскве не вельмі і патрэбна», – лічыць Аляксандр Класкоўскі.

Меркаванні
Ці стане мабілізацыя магілізацыяй?
2022.09.27 12:18

Палітычны аглядальнік падсумоўвае, што, нягледзячы на складанасць сітуацыі, у Лукашэнкі зусім не нулявыя шанцы адбівацца, бо, натуральна, ён не жадае яшчэ больш завязнуць у агрэсіі супраць Украіны.

Што да прызнання вынікаў рэферэндуму, дык фармальна Лукашэнка да гэтага часу не прызнаў анексіі Крыму, кажа Аляксандр Класкоўскі.

«Я тут згадваю словы міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова, які агучыў індульгенцыю Лукашэнку, выказаўшы меркаванне, што паколькі Менск падтрымлівае стасункі з Масквой, то значыць аўтаматам прызнае расейскія ўсе тэрыторыі. Таму я не думаю, што для Пуціна вельмі важныя нейкія фармальнасці на гэты конт з боку Менску. Важным аспектам з’яўляецца, каб Лукашэнка ішоў у фарватары палітыкі Крамля», – нагадвае эксперт.

А вось самы галоўны інтарэс Лукашэнкі падчас сустрэчы з Пуціным – жаданне атрымаць рэсурсы ў Масквы, пакуль яны ў яе яшчэ ёсць. Але і рэсурсы пакуль застаюцца толькі на словах. Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што яшчэ ў чэрвені Лукашэнка пахваліўся, што атрымаў ад Пуціна $ 1,5 млрд на імпартазамяшчэнне, але насамрэч пытанне да гэтага часу не развязанае, пра што прагаварыўся амбасадар Беларусі ў Расеі  Дзмітрый Крутой.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін плаваюць на яхце. Сочы, Расея. 29 траўня 2021 года.
Фота: Kremlin.ru

Адметна, што пасля сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам былы міністр абароны «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) нагадаў, што Беларусь ужо ўцягнутая ў вайну, бо расейскія войскі вялі баявыя дзеянні, стартаваўшы з тэрыторыі Беларусі. І тут Гіркін звязвае вынікі вайны з будучыняй Лукашэнкі, паколькі калі Расея прайграе вайну, то на наступны ж дзень не стане і Лукашэнкі.

Некаторыя беларускія аналітыкі пра гэтыя ўзнятыя расейскім вайскоўцам моманты забываюцца. Сваё меркаванне ў размове з «Белсатам» выказвае палітолаг Павел Усаў.

«Сапраўды, 24 лютага Беларусь была ўцягнутая ў агрэсію супраць Украіны. І да гэтага часу тэрыторыя нашай краіны выкарыстоўваецца для стратэгічных і тактычных мэтаў Расеі супраць Украіны, а Лукашэнка тут не мае аніякага ўплыву і кантролю. Той факт, што беларускія вайскоўцы пакуль не бяруць удзелу ў ваенных дзеяннях, не сведчыць, што Лукашэнка супраціўляецца ці Пуцін не змог уцягнуць яго ў вайну. Сітуацыя вакол краіны і сітуацыяй у самой краіне змянілася. Масква акрэслівае ўдзел Беларусі ў вайне, а Лукашэнка не мае ўплыву на гэта», – катэгарычна адзначае Павел Усаў.

Палітолаг Павел Усаў.
Фота: Pavel Usov / Facebook

На думку палітолага, Пуцін пасля абвяшчэння рэферэндумаў перайшоў на апошні ўзровень у плане вядзення вайны супраць Украіны і Захаду. Гэта максімальнае павышэнне ставак, бо Расея пасля абвяшчэння мабілізацыі і рэферэндумаў максімальна выкарыстала ўвесь свой унутраны вайскова-палітычны рэсурс, акрамя ядравай зброі.

«Людзей проста кідаюць на смерць, а гэта сведчыць пра тое, што Масква і Пуцін у адчаі і гатовыя проста закідаць Украіну трупамі.  У гэтых умовах, калі знятыя ўсе вонкавыя і ўнутраныя бар’еры, казаць пра нейкі цырыманіял у дачыненні Лукашэнкі, пра нейкую нявыгаднасць выкарыстання Беларусі ў вайне, пра страх перад пратэстамі ў Менску – гэта не зусім ясна ацэньваць сітуацыю і псіхалагічны стан Пуціна і ягонага атачэння. Для Расеі Беларусь – гэта выключна той мабілізацыйны рэсурс, якім ёсць усё расейскае грамадства. Кіраўніцтва Крамля зусім не турбуе, што будзе ў Беларусі, ці выкліча гэта масавыя пратэсты, ці ўцякацтва, як гэта адбываецца ў некаторых рэгіёнах Расеі. Гэтыя аспекты ў Маскве цалкам ігнаруюць», – лічыць Павел Усаў.

Студыя «Белсат»
Візіт у Сочы: Лукашэнка адмовіўся ад расейскіх базаў. Вечаровы эфір за 26 верасня
2022.09.26 21:14

У Расеі цяпер усё падлягае татальнай мабілізацыі, ад грамадства да эканомікі, і тое ж самае цяпер будзе датычыць Беларусі, кажа палітолаг. Той факт, што пасля сустрэчы з Пуціным Лукашэнка маўчыць, як і ўся прапаганда, сведчыць, што сітуацыя для кіраўніцтва Беларусі і краіны  вельмі драматычная. Магчыма, Лукашэнка зробіць нейкую заяву разам з шэрагам захадаў.

«Напрыклад, калі закрыюць межы, то тады і будзе агучаная мабілізацыя і ўступленне ў вайну супраць Украіны войска Беларусі. Як толькі падрыхтуюць механізмы пераводу гаспадаркі на ўмоўна ваенныя рэйкі, будзе закрытая мяжа, захопленыя тэрыторыі прызнаюць часткай Расеі, і распачнецца працэс уступлення ў той ці іншай форме ў вайну. Мажліва, размесцяць вайсковы кантынгент Расеі ў нашай краіне, таксама не выключана і размяшчэнне тут ядравай зброі. Я здзіўляюся, што Лукашэнку да гэтага часу даюць нейкую аўтаномнасць і суб’ектнасць», – кажа Павел Усаў.

Суразмоўца «Белсату» дадае, што Лукашэнка спрабуе выслаць некаторыя сігналы Захаду для таго, каб распачаць хоць нейкі дыялог. Але час працуе супраць яго.  Пасля абвяшчэння вынікаў «рэферэндуму» і мабілізацыі стала відавочна, што для Лукашэнкі магчымасць кантактаў з Захадам закрылася. Выйсці з-пад кантролю Масквы Лукашэнка ўжо не зможа, Крэмль гэтага не дапусціць. І Лукашэнка гэта зразумеў, бо адразу ж паехаў у Сочы.

Аналітыка
Анексія, абвяшчэнне вайны, ядравы шантаж. Чаго чакаць пасля акупацыйных псеўдарэферэндумаў
2022.09.27 17:00

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў