Чырвоны касцёл у Менску падазрона зачынілі і нікога не пускаюць. Што кажуць святары, вернікі і ўлады


У Менску ўжо два дні зачыненая адна з галоўных візітовак беларускай сталіцы і адна з самых вядомых святыняў Беларусі – Чырвоны касцёл. У яго не пускаюць ані вернікаў, ані нават святароў. Афіцыйна – з прычыны ўзгарання. Неафіцыйна выказваюцца самыя розныя версіі. І калі яго адчыняць, таксама не вядома.

Закрыты ўладамі Чырвоны касцёл у Менску.
Фота: Павел Русак / minsknews.by

Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных здарэнняў, уночы 26 верасня, у 03:35, у МНС паступіла паведамленне пра тое, што ў касцёле святых Сымона і Алены спрацавала пажарная сігналізацыя.

«Высветлілася, што адбылося загаранне электраправодкі ў будынку. У выніку здарэння пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв.м. Ніхто не пацярпеў», – заявілі ў ведамстве.

Але неўзабаве камісія з надзвычайных сітуацыяў пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску вырашыла «часова забараніць эксплуатацыю будынку».

Як распавяла кіраўніца адміністрацыі раёну Таццяна Калядка, у касцёле неабходна аднавіць працу сістэмаў пажаратушэння, а таксама электрычнага абсталявання і праводкі, абследаваць канструкцыі будынку.

«Да ўстаранення ўсіх недахопаў і вынясення заключэнняў кампетэнтнымі спецыялістамі ўсе мерапрыемствы ў Чырвоным касцёле будуць прыпыненыя», – заявіла яна.

На месцы таксама працуе следча-аператыўная група, якая мусіць высветліць прычыны здарэння.

Закрыты ўладамі Чырвоны касцёл у Менску.
Фота: Павел Русак / minsknews.by

У кіраўніцтве Каталіцкай царквы ў Беларусі здарэнне не каментуюць, толькі адзначаюць, што «касцёльныя ўлады ў супрацы з дзяржаўнымі ўладамі робяць усё неабходнае для таго, каб як найхутчэй зноў распачалося нармальнае жыццё парафіяльнай супольнасці».

Не пускаюць нават святароў

Парафія Чырвонага касцёлу – адна са старэйшых і найбуйнейшых у Менску. Штодня ў святыні адбывалася ад 6 да 8 імшаў, тут працавала нядзельная школа, ладзілася шмат розных культурніцкіх ініцыятываў. Дзе зараз будуць маліцца вернікі, незразумела. Пры гэтым у касцёл не пускаюць нават святароў.

«Не пускаюць унутр. Спадзяюся, на днях высветлім, дзе будуць імшы ў нядзелю, ці пусцяць у касцёл, ці на вуліцы», – распавёў у размове з карэспандэнтам «Белсату» адзін з менскіх святароў.

А вернікі парафіі дадаюць: ніякіх экспертызаў у святыні, прынамсі, 27 верасня не праводзілі. Вакол касцёлу працягвае хадзіць патруль, «каравуліць выбітыя вокны, ходзіць вакол, нікога не чапае, што праўда».

Дзіўныя супадзенні

Як піша выданне Katolik.Life, перад тым, як у касцёле з’явіўся дым, быў чутны грукат. Выклікала здзіўленне і тое, што практычна разам з МНС прыбыў і Следчы камітэт.

А «МотолькоПомоги» дадае, што «апрача пажарнікаў, следчага камітэту прыехаў чамусьці АМАП. Забралі кампʼютары, сістэму відэаназірання». Паводле выдання, АМАПаўцы былі на плошчы Незалежнасці ўжо ў 03.38, і «ім паступіў загад перакрыць доступ да плошчы (прынамсі з боку мосту)». Не пускалі ў тым ліку супрацоўнікаў МНС.

Закрыты ўладамі Чырвоны касцёл у Менску.
Фота: Павел Русак / minsknews.by

Вернікі парафіі распавядаюць, што канфіскаваную тэхніку касцёлу гэтак не вярнулі.

«Па сутнасці, там не вялікія страты. Было моцнае задымленне ў сакрыстыі [памяшканні, дзе захоўваюцца культавае начынне, службовае адзенне. – Рэд. Belsat.eu] і копаць на сценах па лесвіцы на другі паверх. У нас цэлыя шафы, не гарэлі кнігі. Ды ўвогуле не бачылі ў сакрыстыі адкрытага полымя, а там жа кругом люстэркі. Калі гарэла праводка, дык чаму не выбіла шчыт – святло ў цэнтральным нефе было», – распавядаюць вернікі.

Не абгарэла і кніга інтэнцыяў (малітоўных намераў), якая ляжала нібы ля самога агменя пажару.

«Дык што гэта за полымя такое нябачнае там шугала? Многа пытанняў. Пакуль чакаем нейкай афіцыйнай версіі», – адзначаюць парафіяне.

Тым не менш, абгарэў крыж за алтаром, а на сам алтар было наліта шмат вады. Незразумела таксама навошта было выбіваць акно ў касцёле, хоць доступ працаўнікам МНС быў адкрыты.

Версіі здарэння

Паспешлівае закрыццё касцёлу і незразумелыя абставіны здарэння выклікалі адразу некалькі версіяў таго, што ўсё магло быць не так, як апісваюць улады. Гэтак, каталіцкі актывіст Арцём Ткачук мяркуе падазроным тое, што касцёл закрылі, калі плошча пажару не перавашыла 20 квадратных метраў. Ён згадвае, што нават пасля пажару ў Будслаўскім касцёле ў 2021 годзе на сотнях квадратных метраў «у храм мог увайсці святар для неабходных прац, знутры зʼявіліся фота і відэа-матэрыялы, на месца здарэння прыбылі біскупы». А пасля пажару ў святыні ў Гожы ў 2018 годзе касцёл увогуле не зачыняў, не перапыняліся набажэнствы і пасля пажары ў алтары гарадзенскай катэдры ў 2006 года, хоць разбіральніцтва ішло паўтары гады.

Фота
Як пасля пажару выглядае Будслаўскі касцёл знутры
2021.05.12 12:01

«Трэба памятаць, што паміж уладамі і парафіяй з Чырвонага касцёлу трывае спрэчка з-за падатку на нерухомасць, зямлю і амартызацыю. Юрыдычна святыня не належыць Касцёлу і таму штомесяц улады налічваюць парафіі больш за 14 тыс. рублёў розных аплат. Два гады таму сума складала каля 200 тыс. беларускіх рублёў», – прыгадаў Ткачук.

У сваю чаргу партал Саюзу палякаў на Беларусі Znadniemna.pl згадвае, як у 2020 годзе ўлады блакавалі Чырвоны касцёл, у якім хаваліся пратэстоўцы. Выданне сумняваецца, што «ў святле той антыпольскай і антызаходняй істэрыі, якую мы назіраем сёння ў Беларусі», вінаватыя ў пажары ў касцёле будуць сапраўды пакараныя.

Закрыты ўладамі Чырвоны касцёл у Менску.
Фота: Павел Русак / minsknews.by

Адзін з беларускіх святароў у размове з нашым карэспандэнтам адзначыў, што духавенства «цяпер ужо некалькі месяцаў як трасуць менавіта праз пажарную бяспеку».

«Патрабуюць купляць вельмі дарагія прылады, пагражаюць штрафамі. Была нейкая рада. Нас усіх сагналі ў райвыканкаму і праз відэасувязь чыхвосцілі духавенства. Абвінавацілі, што спалілі Будслаў і дзве царквы. Цяпер у іх гэта новы трэнд. Вялікі ціск праз гэтыя сігналізацыі. Яны каштуюць тысячы і што месяц трэба плаціць вялікія грошы. Малыя парафіі не пацягнуць», – распавёў суразмоўца.

На яго думку, вельмі падазрона, што пажар у Чырвоным касцёле здарыўся менавіта ў час гэтай канфрантацыі ўладаў са святарамі адносна пажарнай сігналізацыі.

Калі адчыняць святыню?

Каб лепш разабрацца ў сітуацыі, карэспандэнты «Белсату» таксама патэлефанавалі на гарачую лінію Менгарвыканкаму. Там спачатку прапанавалі «падказаць кантакты касцёлу», у які не пускаюць нават святароў, а затым усё ж далі кантакты гарачай лініі Маскоўскага раёну і аддзелу па зваротах грамадзянаў.

«Такой інфармацыі ў нас няма, калі касцёл адчыняць», – заявілі ў Менгарвыканкаме.

Тэлефон гарачай лініі па зваротах грамадзянаў не адказваў. А вось у Адміністрацыі Маскоўскага раёну былі больш канкрэтнымі:

«Пакуль камісія працуе, па тэрмінах не скажу».

Патэлефанавалі мы і на гарачую лінію МНС. Хоць там і былі не ў курсе здарэння, заявілі, што ў касцёле перад адкрыццём «павінны ўзнавіць, адрамантаваць прынамсі». На заўвагу, як гэта рабіць, калі ў святыню нікога не пускаюць, сказалі, што такой інфармацыі няма.

«Я думаю, што хутка адрамантуюць. Але не на гэтым тыдні дакладна», – паведамілі на гарачай лініі МНС.

Аналітыка
Нелаяльных больш, чым здаецца. Як рэжым Лукашэнкі праз вайну з новай сілай абрынуўся на цэрквы
2022.08.14 09:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў