Ад «хатняй хіміі» да прымусовага лекавання і «тэрарыстычнага спісу» КДБ: лёсы затрыманых па «справе Зельцара»


28 верасня 2021 года ў Менску адбылася так званая «страляніна на Якубоўскага». Тады ў кватэру да цімліда EPAM Systems Андрэя Зельцара спрабавалі ўварвацца ўзброеныя супрацоўнікі КДБ. Андрэй аказаў супраціў, у выніку чаго, як сцвярджаў КДБ, застрэліў аднаго з сілавікоў. У адказ быў забіты і сам айцішнік. Сведкай інцыдэнту стала жонка Зельцара, якая была ў кватэры. Яе адразу затрымалі і абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве. Таксама цягам некалькіх дзён пасля здарэння па ўсёй Беларусі за каментары ў інтэрнэце былі затрыманыя больш за 200 чалавек. Толькі ў пачатку 2022 года затрыманых пачалі судзіць. Мы паглядзелі, як склаліся лёсы некаторых з гэтых людзей.

Андрэй Зельцар. Скрыншот з відэа з кватэры Зельцара, выкладзенага на праўладных каналах.

Удаву Зельцара адправілі ў псіхіятрычную лякарню, аўтараў каментароў катавалі ў Жодзінскай турме

Першай затрыманай па «справе Зельцара» стала ўдава забітага Андрэя Марыя Ўспенская. Яна знаходзілася ў кватэры падчас страляніны. Жанчыну абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка (арт.16 ч.2 арт.139 КК РБ). Да суда Марыя праходзіла псіхіятрычную экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках. Яе прызналі няздольнай адказваць за свае дзеянні. На судзе, які адбыўся 16 жніўня 2022 года, Марыя не прысутнічала, інтарэсы жанчыны прадстаўляла ейная маці. Марыі прызначылі прымусовае лекаванне і кампенсацыю ў памеры BYN 100 тысячаў.

Марыя Успенская, удава Андрэя Зэльцара.
Фота: nashaniva.com

Адразу пасля інцыдэнту, 28 верасня, сілавікі пачалі затрымліваць беларусаў, якія пакідалі ў інтэрнэце каментары адносна таго, што адбылося. Аблава працягвалася некалькі дзён. У выніку былі затрыманыя больш за 200 чалавек па ўсёй Беларусі. Амаль усіх спачатку размясцілі ў Жодзінскай следчай турме, дзе абвесцілі каранцін на паўтара месяцы. Вязням не перадавалі перадачы, людзі сядзелі ў той жа вопратцы, у якой былі затрыманыя, без сродкаў гігіены.

Суды па «справе Зельцара» распачаліся ў студзені 2022 года і працягваюцца дагэтуль. Першы прысуд быў вынесены 10 студзеня 2022 года. Магілёўскі суд пакараў 45-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра Гаўрыленку двума гадамі зняволення і штрафам у памеры 100 базавых велічыняў паводле арт.369 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўлады») за каментары ў адрас супрацоўніка КДБ, забітага Андрэем Зельцэрам.

За каментары – у «тэрарыстычны спіс» КДБ

4 красавіка ў Берасцейскім абласным судзе вынеслі прысуд Дзянісу Карабану, затрыманаму за каментар у інтэрнэце пасля гібелі Андрэя Зельцэра. Мужчыну асудзілі паводле арт.130 КК РБ («Распальванне варожасці») да 2,5 гадоў пазбаўлення волі.

28 красавіка таксама ў Берасці асудзілі Уладзіміра Агіевіча. Яго прызналі вінаватым паводле арт.130 КК РБ і пакаралі трыма гадамі пазбаўлення волі за тое, што 29 верасня 2021 года ў суполцы «Онлайн Брест» ён пакінуў каментар. Праз тры гадзіны пасля з’яўлення допісу да Уладзіміра прыйшлі сілавікі.

Аліна Забаштанская.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Менскім абласным судзе 18 траўня вынеслі прысуд Аліне Забаштанскай – жанчыну за відэа і каментары ў Tik-Tok асудзілі да двух гадоў калоніі. Аліна Забаштанская хварэе на эпілепсію. Удома палітзняволеную чакае дачка.

Яшчэ адзін прысуд па «справе Зельцэра» быў вынесены ў судзе Нясвіжа і Нясвіжскага раёну – 40-гадовага Андрэя Зубовіча асудзілі да 1,5 гадоў «хатняй хіміі».

5 ліпеня стала вядома, што КДБ унёс у «тэрарыстычны спіс» двух палітвязняў, асуджаных за каментары па «справе Зельцара»: Віктара Катоўскага і Аляксея Сянько. Віктар Катоўскі – бас-гітарыст гурта TerraKod, быў затрыманы ў Берасці. Аляксей Сянько – жыхар Слоніма.

Юлія Чамлай.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

18 ліпеня Менскі абласны суд за каментары па «справе Зельцара» судзіў бібліятэкарку з Крупак Юлію Чамлай. Дзяўчыну абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Юлія Чамлай была затрыманая 30 верасня 2021 года ў Крупках.Да суда ўтрымлівалася ў следчай турме № 8 у Жодзіне. Суд пакараў дзеўчыну пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.На волі ў Юлі застаўся сын. Нядаўна прозвішча Юліі з’явілася ў абноўленым спісе «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Асуджаны супрацоўнік МНС піша з калоніі лісты па-беларуску

21 ліпеня Менскі абласны суд у закрытым пасяджэнні вынес прысуд у выглядзе трох гадоў калоніі жыхару Маладзечна Сяргею Алексяеўскаму, абвінавачанаму ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) і абразе прадстаўнікоў улады. Алексяеўскага затрымалі 1 кастрычніка 2021 года і да суда ўтрымлівалі ў следчай турме №8 Жодзіна. Алексяеўскі мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў. 20 чэрвеня КДБ унёс Сяргея Алексяеўскага ў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Аляксандр Курганскі з сям’ёй.
Фота: асабісты сямейны архіў Курганскіх

12 жніўня прайшоў суд над камандзірам аддзялення часткі МНС №7 Горадні з больш чым 15-гадовым стажам Аляксандрам Курганскім. Вырак Гарадзенскага абласнога суда – 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры BYN 1600 рублёў.

Падставай для затрымання Аляксандра стаў лайк, які мужчына паставіў пад каментаром іншага чалавека ў запісе пра абмеркаванне перастрэлкі. Пра гэта мужчына распавядаў на «пакаяльным» відэа. Мы распавядалі гісторыю Аляксандра ў мінулым годзе.

Гісторыі
«Амаль месяц ад брата няма звестак, невядома, дзе ён». Размова з сястрою затрыманага ў «справе Зельцара»
2021.11.07 01:40

Курганскага прызналі вінаватым паводле артыкулаў 369 і 130 КК. 28 чэрвеня 2022 г. КДБ унёс Аляксандра ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Аляксандр Курганскі з сынам.
Фота: асабісты сямейны архіў Курганскіх

Сваякі Аляксандра распавялі «Белсату», што 5 верасня яго перавялі ў папраўчую калонію №3 «Віцьба». У лістах мужчына піша, што ў яго ўсё добра. З сястрой Аляксандр перапісваецца па-беларуску.

«Я апісваю сваё жыццё, а ён піша пра людзей, з якімі пазнаёміўся. Яшчэ з Горадні даслаў мне верш палітвязня, з якім нейкі час правёў у адной камеры. Пісаў, што ён мой «калега-гісторык, беларускамоўны». Верш, між іншым, цудоўны. Сапраўды моцны, як падкрэсліў мой брат. Дзіўна, канешне, было гэта чытаць, але Саша напісаў, што «можа і трэба было сюды патрапіць, каб пазнаёміцца з такімі неверагоднымі, цудоўнымі людзьмі», – распавяла сястра Аляксандра Курганскага.

Менш чым праз месяц Курганскі мусіць выйсці на волю.

Затрымалі нават супрацоўніцу БелТА

22 жніўня паводле арт.369 і 130 КК РБ быў асуджаны 34-гадовы Аляксандр Петрашка. Ён атрымаў паўтара гады калоніі і быў унесены ў «тэрарыстычны спіс» КДБ.

29 жніўня былі вынесеныя два прысуды па «справе Зельцара»: 30-гадовы Сцяпан Талкачоў атрымаў 2,5 гады калоніі, Мікалай Галаўкоў – 3 гады зняволення і штраф у памеры BYN 3400. Апошняга абвінавацілі яшчэ і ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».

1 верасня Менскі гарадскі суд за каментары пакараў 1 годам і 7 месяцамі калоніі 32-гадовага Івана Рагатнёва. Іван быў затрыманы 30 верасня 2021 года ў Менску.

7 верасня 2022 года ў Берасцейскім абласным судзе да трох гадоў калоніі і штрафу ў памеры BYN 3200 была асуджаная Іна Можчанка, якая да затрымання працавала ў дзяржаўным інфармацыйным агенцтве БелТА, дзе займала кіруючую пасаду, а таксама ўваходзіла ў праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Як і іншых, жанчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады і распальванні варожасці.

Іна Можчанка.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

На гісторыю з забойствам супрацоўніка КДБ і Андрэя Зельцара Можчанка адрэагавала допісамі ў сацыяльных сетках, і ўжо 29 верасня да яе прыйшлі сілавікі. З таго часу жанчына сядзіць за кратамі і там сустрэла свой 45-ты дзень нараджэння.

На судзе Іна распавяла пра ўмовы ўтрымання ў Жодзінскай турме, куды спачатку змясцілі большасць затрыманых па гэтай справе. Так, цягам 1,5 месяцаў у 8-меснай камеры знаходзілася 14 чалавек. Перадачы не дазваляліся, з-за чаго даводзілася выпрошваць у супрацоўнікаў туалетную паперу і пракладкі. Да моманту суда ў жанчыны ўсё роўна зʼявіліся адчувальныя праблемы са здароўем.

68-гадовую настаўніцу амаль год утрымлівалі за кратамі

4 гады калоніі за каментары па «справе Зельцара» атрымаў 52-гадовы гарадзенец Рыгор Грыг – прысуд яму Гарадзенскі абласны суд вынес 12 верасня.

29 верасня мінулага года была затрыманая 68-гадовая настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эма Сцепулёнак. Жанчыне таксама паставілі ў віну абразу прадстаўніка ўлады і распальванне варожасці. Амаль год яе ўтрымлівалі за кратамі, дзе ў яе пагоршылася здароўе, сапсаваўся зрок. 18 верасня суд змяніў ёй меру стрымання і перавёў на хатні арышт, але абвінавачванні не зняў.

Аляксандр Велясніцкі.
Фота: Аксана Лазарава / Facebook

22 верасня быў вынесены прысуд былому памежніку Аляксандру Велясніцкаму – Берасцейскі абласны суд пакараў яго 2,5 гадамі калоніі. Затрымалі Велясніцкага 29 верасня 2021 года, яму прад’явілі абвінавачванне паводле артыкулаў 369 і 130 КК РБ. Затрыманы распавядаў пра катаванні пры затрыманні, што «кдб-шнікі» пагражалі прастрэліць яму ногі.

Hавiны
Былы вайсковец атрымаў 2,5 года калоніі ў «справе Зельцара». Раней ён адмовіўся ад узнагароды
2022.09.27 20:13

Аляксандр Велясніцкі вядомы таксама тым, што 14 жніўня 2020 года запісаў відэазварот, у якім асудзіў гвалт з боку сілавікоў і адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу». Сёлета Лукашэнка пазбавіў яго вайсковага звання старэйшага лейтэнанта запасу.

Генадзь Мажэйка.
Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

У СІЗА №1 на Валадарцы амаль год знаходзіцца журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзь Мажэйка. Ён 28 верасня 2021 года пагутарыў з аднакласніцай Андрэй Зельцара, якая станоўча адгукалася пра забітага. Матэрыял быў апублікаваны на сайце «КП», які ў той жа вечар улады Беларусі заблакавалі. Генадзя затрымалі 1 кастрычніка ў аэрапорце ў Маскве. Яго абвінавацілі паводле ўсё тых жа артыкулаў 369 і 130 КК РБ. Як нам стала вядома ад крыніцы, блізкай да сям’і Генадзя, пазней артыкул 369 змянілі на 368 – «Абраза прэзідэнта». Таксама паводле гэтай жа крыніцы, следства ў дачыненні да журналіста ўжо падыходзіць да канца, адвакат знаёміўся з матэрыяламі справы, магчыма, ужо сёлета адбудзецца суд.

У СІЗА №3 у Гомлі ў чаканні суда дагэтуль знаходзіцца гомельскі актывіст Ілля Міронаў, а таксама 30-гадовы Кірыл Суслін, затрыманы па «справе Зельцара» 30 верасня 2021 года. У лістах мужчына пісаў, што яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, бо не лічыць сябе вінаватым.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў