«Яна на ўсё глядзіць з аптымізмам». Брат Наталлі Хершэ - пра перавод сястры ў магілёўскую мужчынскую турму


Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / Белсат

Беларусцы са швайцарскім грамадзянствам Наталлі Хершэ, якая адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі за тое, што сарвала балаклаву з амапаўца, узмацняюць умовы ўтрымання. Неўзабаве жанчыну перавядуць у магілёўскую турму №4 ў Магілёве. Гэта мужчынская турма, але асобных жаночых у Беларусі проста няма. За што супраць жанчыны прымаюць такія жорсткія меры, невядома.

«З усіх месцаў майго знаходжання гомельская калонія – найгоршае»

Генадзь Касьян, брат Наталлі Хершэ, распавёў «Белсату», што 27 верасня атрымаў ад сястры ліст, датаваны 24 верасня, у якім яна і піша пра перавод у Магілёўскую турму.

Пра прычыны пераводу ў турму Генадзю Касьяну нічога не вядома, і Наталля не піша пра гэта ў лісце – брат упэўнены, што калі б напісала, ён бы ліст не атрымаў бы.

Генадзь зазначае, што лісты як ад Наталлі, так і тыя, што пішуць ёй, праходзяць праз жорсткую цэнзуру. Так, нядаўна мужчына вырашыў дадаць у ліст каментары са словамі падтрымкі ад чытачоў «Белсату» і «Радыё Свабоды». Але гэты ліст Наталля не атрымала.

– Да яе не пускаюць нават звычайныя словы падтрымкі ад неабыякавых людзей, – кажа Генадзь.

Але мужчына не збіраецца мірыцца з адсутнасцю інфармацыі і з рэпрэсіямі ў дачыненні да сястры – ён напісаў ліст на імя начальніка гомельскай калоніі, у якім настойвае, каб яму распавялі, з якой нагоды Наталлі мяняюць установу і ўмовы на больш жорсткія.

Рашэнне аб пераводзе Наталлі Хершэ ў магілёўскую турму прыняў суддзя суду Чыгуначнага раёну Гомля Мікалай Крупадзёраў на выязным паседжанні, якое адбылося наўпрост у калоніі 24 верасня напрыканцы працоўнага дня, у 16.55. Адваката ў Наталлі не было.

Брат Наталлі Хершэ Генадзь Касьян. Прысуд Наталлі Хершэ, грамадзянцы Швейцарыі, што сарвала з амапаўца балаклаву, пакінулі без зменаў. Разгляд апеляцыі па справе Наталлі Хершэ, якую асудзілі на 2,6 года, у Менскім гарадскім судзе. 16 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Перавесці Наталлю могуць ужо на гэтым тыдні, ці ў скрайнім выпадку на наступным. Саму ж жанчыну навіна пра перавод не засмуціла.

«Самая галоўная мая навіна: мяне пераводзяць у магілёўскую турму. Я вельмі абрадавалася, калі мне гэта абвесцілі, – піша палітзняволеная ў лісце брату. – Рада новаму месцу і новым людзям, а таксама новым парадкам. Не думаю, а дакладней, не спадзяюся, што адміністрацыя турмы будзе весці сябе больш лаяльна, але з усіх месцаў майго знаходжання ПК-4 – найгоршае».

Артыкулы
«Я ведаю, дзеля чаго я тут». Хто такая палітзняволеная Наталля Хершэ, і як яна жыве ў жаночай калоніі
2021.04.05 08:00

«Кнігі – адзінае, што яе там ратуе»

Брат Наталлі мяркуе, што сястру «давёў» прэсінг з боку адміністрацыі і персаналу калоніі. Наталля шмат што не пагаджалася зносіць, у прыватнасці, адмаўлялася шыць форму для сілавікоў. За сваю прынцыповасць жанчына трапіла ў памяшканне камернага тыпу, дзе знаходзіцца ўжо цягам чатырох месяцаў. Але адзінота Наталлю не пужае, ёй так наадварот лепш, чым у атрадзе, кажа Генадзь.

– У атрадзе Наталля была з 28 жанчынамі, яна адна – «палітычная», – кажа мужчына. – Іншыя жанчыны па розных крымінальных справах, у асноўным побытавых. Я так мяркую, што Наталля не знаходзіла паразумення з імі, бо справа ў інтэлекце, які ў Наталлі вышэйшы за кантынгент у калоніі. Таму яна піша, што адной ёй лепш.

Наталля Хершэ (са сцягам) з братам і ягонымі дзецьмі. Фота з сямейнага архіву

Паводле Генадзя, Наталля шмат чытае – бярэ самае лепшае, што можна знайсці ў турэмнай бібліятэцы. Прачытала «Архіпелаг ГУЛАГ» Салжаніцына, чытае Евангелле, якое часта цытуе ў лістах.

– Сястра піша, што кнігі – адзінае, што яе там ратуе, – кажа брат палітзняволенай. – Увогуле, яна стараецца не падаць духам, знаходзіць свой сэнс у тым, што адбываецца, гатовая стойка перанесці яшчэ паўтары гады ў зняволенні. Здаецца, я тут на волі не такі аптымістычны. Не ведаю, на якія лепшыя ўмовы ў турме яна спадзяецца…. Баюся, што ейныя надзеі там хутка ўшчэнт разаб’юцца.

«Дзеля чаго турма, калі не для духоўнай працы над сабой?»

Фрагмент ліста Наталлі Хершэ з калоніі. Фотаздымк ліста прадставіў брат Наталлі Хершэ Генадзь Касьян

Паводле Генадзя, год за кратамі адбіўся на здароўі сястры – яна піша ў лістах, што ў яе пачалі моцна выпадаць валасы, і просіць брата перадаць ёй вітаміны, каб паспрабаваць спыніць гэты працэс.

– Яшчэ яна не верыць лекарам у калоніі, – распавядае Генадзь. – У Наталлі ўсё жыццё былі нізкія паказчыкі гемаглабіну і жалеза. А ў аналізах у калоніі гемаглабін выйшаў 160, а жалеза – 14. Яна піша, што ў лепшыя часы на волі ў яе не было такіх значэнняў, таму не верыць гэтым аналізам.

Пра стан здароўя сястры Генадзь мае намер размаўляць з лекарам ужо магілёўскай турмы, калі Наталлю перавядуць, і патрабаваць прызначэння неабходных лекаў.

Акрамя праблемаў са здароўем, за кратамі Наталлі даводзіцца перажываць і асабістыя страты – у апошнім лісце брату палітзняволеная распавядае, што ейны грамадзянскі муж паведаміў ёй, што не можа перанесці расстанне, і таму разрывае адносіны.

«Мне патрэбны час, каб прывесці свае пачуцці ў стан спакою, але вялікай трагедыі стараюся з гэтага не рабіць, – піша Наталля. – Яго можна зразумець, і асуджаць я яго не збіраюся. Часам мы не можам паўплываць на абставіны жыцця, застаецца толькі прыняць іх з удзячнасцю. Так, усё гэта звязана з духоўнай працай над сабой. Ну так. А дзеля чаго тады турма, калі не менавіта дзеля гэтага?»

Палітзняволеная грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ з мужам Робертам. Фота з сямейнага архіву

«Яна шмат у чым першая»

Генадзь Касьян распавядае, што па Наталлі вельмі сумуе ейная дачка Віялета, і лічыць, што лепш было б, калі б мама напісала прашэнне аб памілаванні, і хоць такім чынам апынулася б на волі. Але Наталля адмовілася прасіць аб памілаванні, і нават не разглядае такі варыянт.

– Нават коштам асабістых стасункаў, коштам разлукі з сям’ёй яна не гатовая адмовіцца ад сваёй прынцыповай пазіцыі, – кажа Генадзь. – Яна ўпэўненая ў сваёй невінаватасці, і што ёй няма за што прасіць памілавання.

Артыкулы
Палітзняволеная Наталля Хершэ тройчы адмовілася прасіць памілавання
2021.09.10 12:13

Наталля Хершэ стала першай палітзняволенай жанчынай у Беларусі, якой умовы ўтрымання змянілі на больш жорсткія і пераводзяць у мужчынскую турму.

– Яна шмат у чым першая, – зазначае Генадзь.

Наталлю Хершэ затрымалі 19 верасня 2020 году на «бліскучым» жаночым маршы ў Менску, і асудзілі на два з паловай гады зняволення за тое, што яна паспрабавала сарваць балаклаву з амапаўца. Потым на судзе жанчына распавядала, што ў рэшце рэшт той амапавец сам зняў балаклаву. Тым не менш, Наталлю прызналі вінаватай. Жанчына прайшла Акрэсціна, Валадарку, следчую турму ў Жодзіна, гомельскую жаночую калонію.

20 кастрычніка Наталлі Хершэ споўніцца 52 гады. Гэта будзе ейны другі дзень народзінаў за кратамі.

Брат Наталлі зазначае, што пакуль не было пераліку тэрміну зняволення сястры. Паводле папярэдніх разлікаў, на волю беларуска са швайцарскім грамадзянствам павінна выйсці ўвесну 2023 году.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў