Супраць Навальнага і чальцоў ягонай каманды пачалі крымінальную справу за экстрэмізм


Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: прэс-служба суда

Следчы камітэт Расеі пачаў новую крымінальную справу супраць Аляксея Навальнага і чальцоў ягонай каманды. Пра гэта паведамілі ў СК РФ.

Крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 282.1 КК РФ («Стварэнне і кіраванне экстрэмісцкай супольнасцю») распачатая ў дачыненні Аляксея Навальнага, Леаніда Волкава, Івана Жданава ды іншых і паводле ч. 2 арт. 282.1 КК РФ («Удзел у экстрэмісцкай супольнасці») у дачыненні да Любові Собаль, Георгія Албурава, Руслана Шавяддзінава, Вячаслава Гімадзі, Паўла Зяленскага і іншых.

Паводле СК, не пазней 2014 года Навальны «з мэтай ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці, скіраванай на змену асноваў канстытуцыйнага ладу ў Расейскай Федэрацыі, падрыву грамадскай бяспекі і дзяржаўнай цэласнасці Расейскай Федэрацыі стварыў экстрэмісцкую супольнасць і кіраваў ёю».

Hавiны
Байдэн паабяцаў быць рашучым у дачыненні Расеі і заклікаў вызваліць Навальнага
2021.02.05 09:45

Барацьбу з карупцыяй, палітычную і медыйную дзейнасць, а таксама стварэнне рэгіянальных «Штабоў Навальнага» ў СК расцанілі як «забеспячэнне дзейнасці экстрэмісцкай супольнасці», «стварэнне ўмоваў для здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці» і «прапаганду злачыннай дзейнасці».

«Супрацьпраўная дзейнасць экстрэмісцкай супольнасці была накіраваная на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і іх палітыкі, дэстабілізацыю абстаноўкі ў рэгіёнах, стварэнне пратэставага настрою ў насельніцтва і фармаванне грамадскай думкі аб неабходнасці гвалтоўнай змены ўлады, арганізацыю і правядзенне пратэставых акцый, якія перарастаюць у масавыя беспарадкі», – заявілі ў ведамстве.

«Фонд барацьбы з карупцыяй», «Фонд абароны правоў грамадзянаў» і «Штабы Навальнага» ўжо забароненыя ў Расеі і прызнаныя экстрэмісцкімі арганізацыямі.

Навальны застаецца пад вартай са студзеня 2021 года, калі вярнуўся ў Расею з Нямеччыны, дзе праходзіў лекаванне пасля атручвання «навічком».

Hавiны
Аляксею Навальнаму выставілі абвінавачанне ў новай крымінальнай справе
2021.08.11 17:21

МГ belsat.eu

Стужка навінаў