Палітвязень Ягор Пракапчук – у штрафным ізалятары. Прычыны маці не кажуць


Ягор Пракапчук.
Фота: prisoners.spring96.org

Святлана Пракапчук адна выхоўвае 11-гадовую дачку, муж і сын ужо больш за год сядзяць за паслявыбарчы пратэст.

Раз на тыдзень 20-гадовы Ягор тэлефануе маці з папраўчай калоніі № 22, што пад Івацэвічамі. Сёння маці чакала званка, але сын не патэлефанаваў. Не прыйшоў ад яго і ліст, які ён адпраўляе дадому раз на тыдзень.

«Пасля 10-й раніцы мне сын тэлефануе з калоніі. Чакала я званка і сёння, але сын так і не пазваніў. Тады я дазванілася ў калонію, але мне там нічога не сказалі, таму я зрабіла выснову, што Ягор – у ШІЗА», – кажа Святлана Пракапчук у размове з «Белсатам».

Жанчына не разумее, за што чарговы раз пакаралі сына, і адзначае, што ў калоніі да палітычных стаўленне асаблівае.

«Мы размаўляем з іншымі мацярамі, на нашых сыноў і мужоў аказваюць ціск, яны не могуць проста сказаць, бо цэнзура. Але мы ведаем, што гэта так. У мяне як у маці сэрца разрываецца, яны скралі ў мяне сына і мужа, але яшчэ на сваякоў ціснуць», – гаворыць спадарыня Пракапчук.

Жанчына кажа, што не ведае, дзе бярэ сілы, каб перажыць гэты жах.

«Але цяпер ізноў цяжка, муж мой – у «Віцьбе», на мінулым тыдні я ездзіла на сустрэчу з ім, мы размаўлялі чатыры гадзіны, а вось сына спаткання пазбавілі», – кажа Святлана.

Яна заклікае пісаць лісты Ягору, які 12 кастрычніка адзначыць дзень народзінаў.

Ягора затрымалі 19 жніўня 2020 года разам з бацькам Віталём – за пратэст 9–10 жніўня. 8 красавіка суддзя Маскоўскага раёну Берасця Вера Філонік прысудзіла сыну і бацьку Пракапчукам чатыры гады калоніі.

За што судзілі?

9–10 жніўня ў Берасці быў адзін з самых масавых пратэстаў у краіне, тысячы людзей выйшлі на цэнтральныя вуліцы гораду, каб абараніць скрадзеныя на выбарах галасы. Сілавікі масава затрымлівалі і збівалі людзей, некаторыя спрабавалі абараніць сябе ды сваіх родных і знаёмых. За гэта іх судзяць. Яшчэ ў жніўні была заведзеная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»), у Берасці паводле яе праходзяць больш за 80 чалавек. Большасць абвінавачваных застаецца ў СІЗА, некаторыя – са жніўня 2020 года. Пераважная частка фігурантаў справы – моладзь.

Сілавікі да сёння палююць на тых, хто 9–11 жніўня быў на вуліцах Берасця. Шмат хто з пратэстоўцаў вымушана з’ехаў за мяжу. Паводле абвінавачання, 10 жніўня 2020 года падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасця – на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспекце Машэрава – людзі «груба парушылі грамадскі парадак і здзейснілі пагромы. У выніку беспарадкаў адзін міліцыянт атрымаў лёгкае цялеснае пашкоджанне: дзве раны ў вобласці першага пальца правай рукі». У аднаго працаўніка сарвалі рацыю і адарвалі пагоны. Яшчэ 25 чалавек, паводле следства, атрымалі «пабоі».

У гэтай справе судзілі некалькі групаў, усе атрымалі вялікія тэрміны зняволення. Цяпер судзяць апошнюю групу, у ёй 19 чалавек. Суд праходзіць фактычна ў закрытым рэжыме, інфармацыі аб працэсе вельмі мала.

AL/МГ belsat.eu

Стужка навінаў