Недаплаціў амаль 10 млн рублёў падаткаў. КДК распавёў пра затрыманне буйнога бізнесоўца


Фота: belsat.eu

Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што заснавальнік менскай кампаніі недаплаціў амаль 10 млн рублёў падаткаў. Магчыма, гаворка пра Віталя Сініцкага.

Паводле КДК, уладальнік некалькіх гандлёвых цэнтраў у Менску выкарыстаў незаконную схему драбнення бізнесу з мэтай памяншэння памеру падатковых адлічэнняў. Для гэтага ён арганізаваў размеркаванне выручкі, атрыманай ад здачы памяшканняў у арэнду, паміж 16 афіляванымі структурамі.

У статутны фонд гэтых адмыслова створаных фірмаў унеслі нерухомую маёмасць, якая належыць першапачатковаму ТАА на праве ўласнасці. Пасля камерцыйныя структуры здавалі гэтыя памяшканні ў гандлёвых цэнтрах у арэнду як уласныя, ужываючы спрошчаную сістэму падаткаабкладання.

Пачатая крымінальная справа. Падазраваны затрыманы.

Hавiны
«Наша ніва»: Затрыманы Віталь Сініцкі, уласнік менскіх бізнес-цэнтраў
2021.09.27 15:11

Раней «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што 22 верасня пасля праверкі падатковай інспекцыяй затрыманы кіраўнік кампаніі «Сігмаполюс» Віталь Сініцкі.

Сініцкі займае 38-е месца ў рэйтынгу паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў часопісу «Ежедневник». Ягоная кампанія валодае менскімі бізнес-цэнтрамі «Тытан», «Цівалі», «Арлан», «Хваля», «Анкор», гандлёвым цэнтрам «Трум» і прамысловай базай на вуліцы Гурскага, забудоўвае ўчастак на Нямізе насупраць тэатру Музкамедыі.

Як сцвярджае «Наша ніва», Сініцкі назіраў за крымінальнымі справамі аб «драбленні бізнесу», у тым ліку за затрыманнямі ў «21vek», таму звярнуўся ў падатковую з просьбай правесці праверку ягонага бізнесу наконт таго, ці не пабачаць «драблення» там. Пасля гэтага ён і знік.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў