На распад СССР у Маскве выступілі «Metallica» і «AC/DC». У натоўпе ўжо лунаў бел-чырвона-белы сцяг


«Mosters Of Rock» роўна 30 гадоў таму, 28 верасня 1991 года, прайшоў на маскоўскім аэрадроме Тушына. Запісы з канцэрту і беспарадкаў у той дзень пазней змантавалі ў гадзінны фільм.

У жніўні 1991 года ў Савецкім Саюзе адбылася няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту, а большая частка саюзных рэспублік абвясціла ўжо не толькі аб суверэнітэце, але і выхадзе са складу СССР, а ў Маскве ўжо адкрыўся першы «McDonalds». Беларусь на той момант ужо канчаткова абвясціла сябе незалежнай – Дэкларацыя незалежнасці набыла канстытуцыйны статус 25 жніўня 1991-га. Да канчатковага прызнання Масквой распаду СССР заставалася тры месяцы.

Святкаваць распад СССР рок-канцэртам не збіраліся – проста супалі даты. Якраз у жніўні-верасні па Еўропе гастраляваў фестываль «Monsters of Rock». Ён пачаўся ў 1980 годзе ў Вялікай Брытаніі, а ўжо праз тры гады ў дадатак да штогадовага фэсту сталі ладзіць серыю канцэртаў галоўных рок-зорак па Еўропе і Штатах. У 1991-м «Монстры року» ў першы і апошні раз прайшлі ў Маскве – на Тушынскім аэрадроме.

Хэдлайнерамі туру ў тым годзе былі каліфарнійскія трэш-металісты «Metallica» і аўстралійскія рокеры «AC/DC» (сусветныя зоркі што тады, што цяпер), у Маскве разам з імі выступілі тэхаскія грув-металісты «Pantera», рокеры з Джорджыі «The Black Crowes» і маскоўскі гэві-метал-гурт «E.S.T.». Яшчэ за пяць гадоў да канцэрту такая музыка ў СССР была пад забаронай.

Адзін з арганізатараў маскоўскага канцэрту расказваў, што на маскоўскім канцэрце збіраліся ўсталяваць рэкорд наведвальнасці для «Кнігі рэкордаў Гінэс». Ды дакладнай колькасці наведнікаў ніхто не ведае – квіткоў не прадавалі, канцэрт быў прынцыпова бясплатным. Колькасць наведнікаў ацэньваюць у сотні тысячаў, аж да мільёна.

Падчас канцэрту і пасля яго пацярпелі дзясяткі чалавек. Толькі паводле афіцыйных звестак, 76 звярнуліся па медычную дапамогу, 51 быў шпіталізаваны (з іх 16 чалавек былі міліцыянтамі), 49 затрыманыя за хуліганства. Паводле ўспамінаў наведнікаў, падчас выступу «Pantera» пачаліся жорсткія сутыкненні сілавікоў са слухачамі, канцэрт са сцэны прыгразілі спыніць, але ўрэшце працягнулі.

Але справа была не толькі ў гвалце з боку сілавікоў, якіх на канцэрт нагналі цэлых 11 тысяч. Многія слухачы былі проста п’янымі, ды й на фэст не забаранялі праносіць алкаголь. Сярод наведнікаў канцэрт атрымаў назву «тушынскае папоішча».

На запісах з канцэрту бачныя нацыянальныя сцягі ўсіх «ужо амаль былых» савецкіх рэспублік, у тым ліку бел-чырвона-белы сцяг. Кажуць, той сцяг, які трапіў на відэа з канцэрту, прывёз у Маскву металіст з Уручча, вядомы як Макей.

АА belsat.eu

Стужка навінаў