Алена Гнаўк: Я сумняюся, што ўвогуле быў званок з пагрозамі пракурору


Беларускія ўлады ўсё ніяк не спыняць пераслед актывісткі і пенсіянеркі Алены Гнаўк. У пачатку верасня яе асудзілі ўжо ў другой крымінальнай справе, а ўчора – зноў прыйшлі з ператрусам. Ён адбыўся ў доме Гнаўк у вёсцы Ткачы Пружанскага раёну. Ператрус праводзіў Следчы камітэт.

Алена Гнаўк.
Фота: belsat.eu

Следчыя сказалі жанчыне, што ёсць падставы лічыць, быццам менавіта яна замовіла званок да Міхаіла Булыгіна ад невядомага, у якім пракурору пагражалі.

«На вобшук прыехалі хлопцы з Пружанаў, яны ўсім сваім відам паказвалі, як ім гэта не хочацца рабіць, што ім з Берасця скінулі гэтую справу, якую пачала пракуратура Берасця, а цяпер вядзе аддзел Следчага камітэту ў асабліва важных справах», – кажа ў размове з «Белсатам» спадарыня Алена.

Жанчына здзіўляецца, што аддзел, які мусіць расследаваць забойствы, займаецца нейкім дзіўным званком і пенсіянеркай, якая нікому не пагражае. І як бы ні хацелі следчыя рабіць сваю працу, ператрус яны правялі, забралі старэнькі ноўтбук, флэшку і тэлефон.

«Гэта ўжо трэцяя крымінальная справа з маім удзелам. Пакуль я сведка, але я ведаю, як хутка ў сённяшняй Беларусі твой статус можа змяніцца. Тым не менш, не лічу сябе ні ў чым вінаватай», – заяўляе жанчына.

Алена думае, што гэта чарговая палітычныя справа, каб застрашыць людзей.

«Мэта ўладаў мне ясная і зразумелая, ёсць крымінальная справа – можна праводзіць вобшукі, можна трымаць людзей у напружанні і страху, і ў мяне ўзнікаюць такія думкі: а ці быў хлопчык? Можа, не было ніякага званка з пагрозамі пракурору?» – задаецца пытаннем Алена Гнаўк.

Нагадаем, увесну бягучага года спадарыню Алену судзілі ў так званай карагоднай справе. Жанчына не хавала, што лічыць увесь гэты працэс сфабрыкаваным, палітычна матываваным, адкрыта заяўляла, што галасы на выбарах скрадзеныя, што людзі маюць права на мірны пратэст, а Аляксандр Лукашэнка незаконна займае пасаду прэзідэнта.

Беларус беларусу
«Багінская з Берасцейшчыны», печ і беларуская салідарнасць
2021.08.18 13:50

 

У «карагоднай справе» за «арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ) пракурор Андрэй Бараноўскі запрасіў для Гнаўк два гады «хатняй хіміі», а суддзя Іна Клышпач столькі і прысудзіла.

Але гэтага ўладам падалося мала, і пракурор Міхаіл Булыгін зыніцыяваў новую крымінальную справу, цяпер за абразу прэзідэнта. Паводле яе жанчыне дадалі яшчэ год «хатняй хіміі». Як бачым, і гэта быў не канец. Міхаіл Булыгін настолькі пакрыўдзіўся, што зыніцыяваў яшчэ адну крымінальную справу, за тое, што ў тэлеграм-канал «ЧКБ Брест и область» з’явілася ягоныя асабістыя звесткі.

Трэцяга верасня Алену Гнаўк затрымалі ды апыталі ў гэтай справе. Але праз тры тыдні зʼявіліся новыя акалічнасці – быццам бы невядомы званіў і пагражаў Булыгіну, а замовіць гэты званок магла Алена Гнаўк, якая на дзеянні Булыгіна пісала скаргі, а значыць, магла быць на яго пакрыўджана.

Адметна, што гэтаю справаю займаецца аддзел, які мусіць расследаваць забойствы.

Гісторыі
Алена Гнаўк: Калі б мне сказалі, Алена, калі ты выйдзеш, цябе заб’юць, я б усё роўна выйшла
2020.12.22 07:57

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў